Служыў у медроце ў Печах, а цяпер выходзіць на пратэсты. Гісторыя неўролага з РНПЦ, які тройчы сядзеў пасля выбараў

19.12.2020 / 13:00

Руслан Бадамшын працуе неўролагам у РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Пасля выбараў яго затрымлівалі тройчы. У ізалятарах ён правёў 32 дні. Ці думаў калісьці доктар, які працаваў у медроце Печаў і мае званне капітана, што будзе сядзець на Акрэсціна? «Наша Ніва» запісала яго гісторыю.

«Не было маральных сіл служыць — я плюнуў на ўсё»

Руслан мог бы зрабіць кар’еру ў арміі. З сёмага класа ён вучыўся ў сувораўскім вучылішчы, куды хлопца адправілі, каб уберагчы ад вуліцы. Плюс бацька — ваенны лётчык.

«Пасля высветлілася, што ў мамы была залатая мара, каб я стаў доктарам. У мяне былі добрыя адзнакі, і я без іспытаў паступіў у медуніверсітэт, на ваенна-медыцынскі факультэт. Навучанне праходзіла разам з лячэбным факультэтам — проста мы два першыя гады жылі ў казарме і насілі форму. Выпускаліся ўжо лейтэнантамі, нам плацілі больш, чым студэнцкая стыпендыя», — успамінае Руслан.

Па размеркаванні ён трапіў у Печы. Служыў у медроце неўролагам. Мусіў адпрацаваць там пяць год, але сышоў раней.

«Не было маральных сіл служыць у сістэме, якая табе агідная праз карупцыю, распушчанасць і бязмэтнае баўленне часу на пустых нарадах і палігонах, дзе я губляў сваю кваліфікацыю як доктар. Я плюнуў на ўсё і проста не прыходзіў на службу. Мяне звольнілі за невыкананне ўмоў кантракта — «два і больш спагнанняў на працягу года». За год, што недапрацаваў, я выплачваў 35 мільёнаў — налічылі за вучобу, за форму.

У арміі цэняцца людзі не столькі разумныя, колькі адданыя. А падпарадкоўвацца некаму, каго я лічу ў маральным плане недастойным чалавекам, я не мог. Такі ў мяне характар».

Неўралогіяй Руслан зацікавіўся яшчэ ва ўніверсітэце — хадзіў на гурток. Яму падабалася, што гэта галіна інтэлектуальная і мала даследаваная.

Пасля Печаў доктар працаваў у паліклініцы, бальніцы. А два гады таму яго запрасілі ў РНПЦ. Тут Руслан займаецца электранейраграфіяй (гэта метад даследавання мышцаў і нерваў). 

Жонка яго таксама медык. Працуе ўчастковым педыятрам і цяпер на перадавой у барацьбе з каранавірусам.

Руслан з жонкай і дочкамі

«Тое, чым я займаюся, мне падабаецца, — кажа Руслан. — Але ў медыцыне — і калі праводзіць аналогію, у цэлым у жыцці — людзям перашкаджвае працаваць бюракратычны апарат. Напрыклад, незразумелыя праверкі. Як карная сістэма — прымушаюць чалавека баяцца нечага і адчуваць сябе вінаватым. 

А другі момант — кіраўніцтва рэдка заступаецца за доктара, калі ўзнікае канфлікт паміж доктарам і пацыентам. Так, бывае, што медык памыляецца. Але нават калі ён мае рацыю, кіраўніцтва пачынае ўлагоджваць пацыента.

Ну і грашовае пытанне. На адной працы карміць сям’ю вельмі складана. Калі пачынаюць прыводзіць лічбы заробка за дзве стаўкі, то прабачце. Як кажуць, працуеш на стаўку — жыць няма за што, працуеш на дзве — жыць няма калі».

«Дубінкамі лупасілі, стрэлілі ў нагу»

Доктар жыве ў ваенным гарадку ва Уруччы. 9 жніўня ён, як і многія, чакаў вынікаў выбараў ля ўчастка. Пратакол вывесілі — там за Ціханоўскую было толькі 93 галасы, хоць назіральнікі налічылі каля 500 чалавек з белымі бранзалетамі. Калі выязджаў ваенны ўазік, дзе былі бюлетэні, людзі перагарадзілі яму дарогу — збіраліся выклікаць міліцыю, каб заявіць, што выбары сфальсіфікаваныя і патрабаваць пералік галасоў. Але машына ўсё адно з’ехала. 

«А 12-й ночы да нас ужо пад’язджалі людзі з цэнтра горада і казалі, што там страшна: гранаты, стрэлы. Мы спачатку не паверылі. А пасля некаторым сваякі з Масквы у смсках перадавалі навіны.

10-га чысла мы вырашылі з хлопцамі пайсці ў горад: гэта грамадзянскі абавязак. Падыходзілі да Стэлы, калі нейкая дзяўчына папярэдзіла: не ідзіце туды, там усіх запар хапаюць. Мы вырашылі звярнуць у двары, і да нас адразу пад’ехаў бусік. Мы пабеглі ў розныя бакі. Мне не пашанцавала, пагналіся за мной. Пачалі дубінкамі лупасіць, стрэлілі ў нагу, відаць, з траўматычнага пісталета — рана вельмі доўга зажывала. Закінулі ў бусік паміж сядзеннямі: «На падлогу, зараз мы цябе будзем п****іць!» Казалі, што нам плацяць чэхі і палякі, нас правакуюць спецслужбы.

У аўтазаку пагражалі: «Нам сказалі, што можам рабіць з вамі ўсё, што заўгодна, і нам за гэта нічога не будзе».

Прывезлі ў Ленінскае РУУС. Пакуль там былі амапаўцы, было ўсё жорстка. Паставілі на калені, рукі за спінай, ілбом у жалезную агароджу. Калі амапаўцы паз’язджалі, супрацоўнікі РУУС да нас нармальна ставіліся. Аслаблялі сцяжкі, давалі ваду. Уначы можна было хадзіць у загончыку на вуліцы ці пайсці спаць у гаражы. Калі ў аддзяленні даведаліся, што я доктар, спыталі: вось чаго табе не хапае? Кажу: у мяне дзве дачкі, і я не хачу, каб яны жылі ў такой краіне, дзе на цябе можа наляцець гэта чорнае вараннё. 

Раніцай нас этапіравалі ў Жодзіна. Пад вечар у 10-меснай камеры нас было 29 чалавек. Ежу давалі толькі на шасцярых, якіх затрымалі яшчэ да выбараў — гэта ў асноўным назіральнікі і актывісты. Яны з намі дзяліліся».

Руслана і яшчэ аднаго доктара, траўматолага, адпусцілі ўвечары 12 жніўня. Перад гэтым далі распісацца ў паперы, што яны раскайваюцца ў сваіх дзеяннях. Давялося падпісаць, каб хутчэй выйсці.

Пазней суд дасць доктару штраф 10 базавых за той эпізод. А на яго заяву ў Следчы камітэт наконт збіцця і выкрадання прыйдзе фармальны адказ, што праверцы патрэбны дадатковы час для экспертыз.

«На шпацыр вадзілі толькі па нядзелях, так што мы там маршы ладзілі»

Другі раз Руслана затрымалі на Маршы медыкаў 2 лістапада, калі яны выйшлі падтрымаць студэнтаў. Суддзя Лідзія Целіца ацаніла яго ўчынак у 15 сутак. Маршрут: Акрэсціна — Баранавічы.

«На Акрэсціна на злых турэмшчыкаў мы не патрапілі. Там паўсюль смярдзела туалетам, была праблема з чыстай пасцеляй і мылам. 

У Баранавічах нас сустракалі з сабакамі. Апроч грубых слоў і пару ўдараў дубінкамі падчас шмону, каб шырэй ногі ставілі, нічога жорсткага не было. На шпацыр вадзілі толькі раз на тыдзень па нядзелях, так што мы там маршы ладзілі і думалі, што ж у Мінску робіцца», — усміхаецца неўролаг. 

29 лістапада на Маршы суседзяў яго схапілі ў трэці раз. У адзяленні Руслан сказаў, што проста ішоў на будаўнічы рынак. Міліцыянты, знайшоўшы ў яго 12 рублёў, яшчэ пасмяяліся: маўляў, адзін плінтус купіць хацеў? А супрацоўнік, які складаў пратакол, накінуў доктару-паўторніку артыкул за непадпарадкаванне. Чарговыя 15 сутак Руслан атрымаў ад суддзі Святланы Чараповіч.

«Калі апошні раз нас прывезлі на Акрэсціна і работнікі ўбачылі, што ў нас ссабойкі — у РУУС дазволілі перадаць, — абураліся: «Нічога сабе, вы паліце машыны супрацоўнікаў, гвалтуеце дзяцей, а да вас такое стаўленне!»

У камеры сялілі больш чалавек, чым было месцаў, некаму даводзілася спаць на падлозе ці на лаўцы. Хоць мы бачылі, што турма не загружаная. Гэта мэтанакіравана рабілі, казалі: «Змагар павінен пакутаваць».

У Жодзіна мы патрапілі ў абжытую камеру, людзі пакінулі там санітарна-гігіенічныя сродкі, кнігі. Утульненька. Мы набіралі халодную ваду ў літровыя бутэлькі, клалі на батарэі і на наступны дзень мылі ёй галаву, шкарпэткі. У душ нас звадзілі толькі адзін раз. Але там праз дзве хвіліны скончылася гарачая вада, і мы дамываліся халоднай.

Самі турэмшчыкі… Грубыя ў асноўным людзі з нізкім інтэлектам. Калі пачалі з адным пра палітыку і фальсіфікацыі размаўляць, ён выдаў: «А вы ведаеце, што калі птушачка за межы квадраціка выйдзе, то гэты голас аўтаматычна аддаецца дзейнаму прэзідэнту?» Пайшоў шукаць выбарчы кодэкс, каб нам даказаць, але чамусьці прынёс жыллёвы».

«Псіхалагічна цяжка быць дома. Можа, я таму так часта пападаю?»

Што тата ў турме, ад дзяцей не хавалі. Дочкі пісалі Руслану лісты, слалі сумесныя фоты. 

«Ведаеце, чаго мы баяліся? Што нас пасадзяць у камеру, дзе будуць алкаголікі і бамжы. А калі цябе адпраўляюць да такіх жа, як ты, гэта дапамагае маральна. Апошні раз, пакуль сядзеў, столькі кніжак прачытаў — за год столькі не чытаю, колькі за тыя 15 сутак!» — захоўвае аптымізм Руслан. У яго камернай бібліятэцы ляжалі «На хвалях часу» Васіля Сокала, «Скотны двор» Оруэла, «451 градус па Фарынгейце» Брэдберы, «Вялікі Гэтсбі» Фіцджэральда.

Пасля адседкі доктара сустракала не толькі сям’я, але і суседзі. З чырвонымі і белымі шарыкамі і цукеркамі. Падарылі неўролагу плінтус і байку: спераду «Пагоня», а ззаду надпіс «Дарога на будаўнічы рынак працягласцю ў 15 сутак».

«У нас заўсёды так сустракаюць тых, хто выходзіць. Традыцыя, — заўважае мужчына і расказвае пра свой раён. — У гарадку ў чым праблема? Тут побач і амапаўская частка, і 3214, і адстаўнікоў шмат жыве. Няпроста нам тут збірацца».

Калегі з РНПЦ доктара падтрымліваюць. А Руслан тлумачыць, чаму ў медыцынскім асяроддзі такая хваля пратэстаў.

«Максімальная хваля была ў тых клініках, куды паступалі скалечаныя фізічна і духоўна людзі. Мне падаецца, дактары першыя, хто ўбачыў, што гэта не фэйк. Калі ўласная дзяржава, якая корміцца за твае падаткі, цябе калечыць і збівае, як да гэтага ставіцца? Можа, яшчэ таму дактары абураны, што часцей сутыкаюцца з болем і ўмеюць суперажываць».

Апошнія месяцы беларусы жывуць у стрэсе. Многія сутыкнуліся з псіхалагічнай траўмай. Руслан, як неўролаг, дзеліцца, як дае рады гэтаму напружанню сам:

«Мне здаецца, прасцей выходзіць з гэтых рэчаў, калі думаць, што ёсць тыя, хто больш пацярпеў, што гэта агульная справа. Камусьці трэба і супрацьтрывожныя прэпараты прымаць. Я не тое, каб вельмі моцная асоба, але мне хапае стасункаў з суседзямі па двары — даю выхад эмоцыям.

Мне насамрэч цяжка псіхалагічна быць дома, калі ведаеш, што людзі выходзяць, у тым ліку і за цябе. Можа, я таму так часта пападаю? (Усміхаецца.) Калі ты ведаеш, што спрабуеш нешта рабіць для будучыні сваіх дзяцей, а не сядзіш і хаваешся, маральна прасцей».

Наталля Лубнеўская, фота з архіва героя