19 абвінавачаных, 37 падазраваных. У Брэсце працягваецца расследаванне крымінальнай справы аб пратэсным карагодзе
21.12.2020 / 10:45
У Брэсце працягваецца расследаванне крымінальнай справы аб пратэсным карагодзе на скрыжаванні праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў у верасні, паведамляе Следчы камітэт.
СК
У дачыненні да 10 абвінавачаных крымінальная справа выдзелена ў асобную вытворчасць і перададзена пракурору для накіравання ў суд. Іх дзеянні кваліфікавалі па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, пацягнуўшых парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый). З іх дзевяць знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе, а адзін пад хатнім арыштам. Усе абвінавачаныя ва ўзросце ад 20 да 40 гадоў з розным узроўнем адукацыі і сацыяльным становішчам.
Расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да яшчэ 9 абвінавачаных і 37 падазраваных працягваецца. Высвятляюцца іншыя ўдзельнікі.
Нагадаем, падчас акцыі пратэсту 13 верасня дэманстранты выйшлі на скрыжаванне праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Рух аўтамабіляў і грамадскага транспарту на ўчастку быў ускладнены. Дэманстранты спявалі песні, вадзілі карагоды да тых часоў, пакуль не прыехаў вадамёт. Услед за ім выбеглі сілавікі і сталі затрымліваць пратэстоўцаў.
Паводле звестак следства, былі парушэнні ў працы тралейбусаў (агульны прастой склаў больш за 29 гадзін) і спынены рух маршрутаў і сарваны 2 рэйсы гарадскіх аўтобусаў (агульны прастой склаў больш за 5 гадзін), спынены рух двух экспрэсных маршрутаў на 5 хвілін.
Акрамя таго, час працы трох гандлёвых кіёскаў і аднаго рэстарана скарацілі на розны час.