Трэнер па трыятлоне вяртаўся на веласіпедзе дадому — апынуўся на Акрэсціна

28.12.2020 / 20:10

Трэнер па трыятлоне Аляксей Адамовіч звычайна перасоўваецца па горадзе на веласіпедзе. У нядзелю ён вяртаўся са спаборніцтваў дадому, ехаў звычайным маршрутам, калі яго затрымалі.

Фота з асабістага архіву

Здарылася гэта ў 12:20 ў Мінску, у раёне вуліц Рафіева і Алібегава.

«Лёша стаяў на пешаходным пераходзе, побач было некалькі чалавек. Загарэлася зялёнае — муж павінен быў ехаць. Але яго рэзка падрэзаў бус. Адтуль выбеглі людзі ў чорным і забралі яго разам з веласіпедам», — расказвае жонка Карына пра абставіны, якія ведае ад сведак і свайго мужа. У гэты дзень яна чакала Аляксея дома з двума маленькімі дзецьмі.

Мужчыну даставілі ў Маскоўскае РУУС, адтуль — на Акрэсціна. Карына паехала пад сцены ізалятара і з боем змагла перадаць мужу цёплыя рэчы і абутак — ён быў у велаформе і спецыяльных туфлях.

Суд адбыўся ў панядзелак пасля абеду. У пратаколе запісалі, што Аляксей стаяў на бардзюры разам з веласіпедам, крычаў «Жыве Беларусь» і «Сыходзь».

«Сведкам быў Іваноў Іван Іванавіч. Па дакументах, 1995 года нараджэння. Мы з сябрамі смяяліся з гэтага, бо выглядаў ён гадоў на 40 мінімум. Нас шмат прыйшло на суд, каб падтрымаць Лёшу, і сведка вельмі нерваваўся — пальцы хадзілі ходырам, ён у пазногцях калупаўся», — згадвае Карына.

У справе былі нестыкоўкі па часе, карэктарам было выпраўлена месца затрымання. Але гэта не перашкодзіла судзе Таццяне Пірожнікавай даць трэнеру 10 сутак.

«У нядзелю мама Лёшы таксама брала ўдзел у спаборніцтвах, пасля іх прапаноўвала сыну застацца там, выпіць каву і разам адправіцца дадому, але ён адмовіўся. Бо ведаў, што мая ноч з дзецьмі прайшла дрэнна. Ён спяшаўся дадому быць татам», — дзеліцца жонка.

НЛ