У Мінску палічылі «дармаедаў»
30.12.2020 / 10:34
Кадр з «Напарніка» (Аперацыя «Ы»)
Паводле звестак камітэта па працы занятасці і сацыяльнай абароне, у базе даных працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы, знаходзяцца 67 тысяч мінчукоў. З іх 12,7 тысяч — не працуюць больш за 10 гадоў, паведаміў Мінгарвыканкам у сваім тэлеграм-канале.
«Сёння даводзіцца канстатаваць, што ёсць пэўная катэгорыя грамадзян, якая прынцыпова не жадае працаваць, на прапановы аб дапамозе ў пошуку падыходных вакансій адказвае адмовай. І гэта непрымальная пазіцыя: грамадзяне, якія атрымліваюць пэўныя льготы і карыстаюцца сацыяльнымі выгодамі, павінны ўносіць свой пасільны ўклад у развіццё грамадства», — мяркуе старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.
Ён дадаў, што сярод незанятых у эканоміцы лічацца грамадзяне, якія не працуюць досыць доўгі час, але пры гэтым маюць нядрэннае жыллё, аўтамабілі і іншыя матэрыяльныя каштоўнасці, аднак падаткі і ўнёскі ў фонд сацыяльнай абароны не плацяць.
«У гэтым пытанні неабходна прымаць прынцыпова жорсткія меры», — сказаў на заканчэнне кіраўнік горада і даручыў зацікаўленым ведамствам сур'ёзна актывізаваць працу ў гэтым кірунку. Вынікі павінны быць ужо на працягу студзеня.
Паведамляецца, што колькасць вакансій на сталічным рынку працы перавышае 17 тысяч, больш за 2 тысячы наймальнікаў прапаноўваюць працаўладкаванне.