Павел Церашковіч: 2020-ы стаў годам, калі беларусы сталі здольныя на дзеянні без лідара і закліку
04.01.2021 / 19:03
Тэзіс пра канчатковае дафармаванне беларускай нацыі як палітычнай супольнасці стаў вельмі папулярны ў 2020 годзе. «Свабода» папрасіла гісторыка Паўла Церашковіча пацвердзіць або зняпраўдзіць гэтую думку.
«2020 год для беларусаў стаў крокам да пераадолення негатывізму».
Павел Церашковіч
Тры моманты. Нацыю часам вызначаюць як супольнасць людзей, здольных да калектыўных, мэтанакіраваных, спантанных дзеянняў. Гаворка ідзе пра тыя дзеянні, якія не патрабуюць фармальнага лідара, кіравання, загаду ці нават закліку.
2020 год у Беларусі дае шмат падобных прыкладаў, але асабіста мяне ці не найболей уразіла стаўленне людзей да афіцыйнага святкавання 3 ліпеня — туды проста не прыйшлі. Амаль татальны ігнор. Аніякіх заклікаў да гэтага не было. Гэта выява супольнага калектыўнага су-адчування і су-разумення моманту.
Доўгі час беларусам было ўласцівае негатыўнае самаўспрыняцце, устойлівы негатыўны аўтастэрэатып. Падобная з'ява, так званая стыгматызацыя, досыць пашыраная сярод балканскіх народаў, кшталту, «ніколі не было шчасця, бо мы на Балканах, і не будзе». 2020 год для беларусаў стаў крокам да пераадолення негатывізму, нават захаплення сабою — «мы неверагодныя».
Нацыя хоць і мадэрны феномен, але ўзор нацыянальных паводзін дае Біблія на прыкладзе гісторыі габрэйскага народа. Так лічыць брытанскі гісторык Адрыян Гастынгс. Пераасэнсаванне сябе ў стылістыцы біблейскіх вобразаў і сюжэтаў — характэрная з'ява фармавання еўрапейскіх нацый. 2020 год у Беларусі дае безліч магчымасцей для гэтага. Шмат што ўжо сказана. «Дзеці, што пабілі цара Ірада» — сярод гэтага. Што ж, чакаем Давіда, які пераможа Галіяфа.