БФСС будзе дамагацца пераносу этапу Кубка свету па фрыстайле з Раўбічаў
05.01.2021 / 10:27
Фонд спартыўнай салідарнасці, які ўзначальвае Аляксандра Герасіменя, будзе дамагацца пераносу этапу Кубка свету па фрыстайле з Беларусі (ён павінен прайсці 13 лютага ў Раўбічах). Пра гэта заявіў выканаўчы дырэктар Фонду Аляксандр Апейкін у інтэрв'ю DW.
— У лютым у Беларусі павінен прайсці этап Кубка свету па фрыстайле. Тут сітуацыя таксама досыць напружаная: у беларускім фрыстайле пад дыскрымінацыю трапілі чэмпіёнка свету Аляксандра Раманоўская і Мікалай Казека — легендарны трэнер, які выхаваў чатырох алімпійскіх чэмпіёнаў.
У цэлым уся каманда па фрыстайле не хавала сваю пазіцыю, яны напісалі некалькі лістоў пратэстнага характару за подпісам усяго калектыву.
Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту валодае гэтай інфармацыяй і разумее, што ў такіх умовах нельга праводзіць этап кубка свету. Мы таксама будзем дамагацца яго пераносу. Спаборніцтвы міжнароднага плана не павінны праходзіць у краіне, у якой найгрубейшым чынам парушаюцца правы чалавека, — заявіў Апейкін.