У шасці раёнах Мінска ў сеткавую ваду будуць дадаваць фарбавальнік

Мінскія цеплавыя сеткі плануюць увесці ў сеткавую ваду трубаправодаў цеплавых сетак Ленінскага, Заводскага, Маскоўскага, Партызанскага, Цэнтральнага, Кастрычніцкага раёнаў сталіцы спецыяльны фарбавальнік — флуарэсцін.

19.01.2021 / 10:05

mr.biuld.ru

Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў сектары грамадскіх сувязяў РУП «Мінскэнерга».

Флуарэсцэін афарбуе ваду, што дазволіць аператыўна выявіць уцечкі цепланосьбіта, яго нямэтавае выкарыстанне, а таксама няшчыльнасці водападагравальнікаў.

«Афарбоўванне сеткавай вады будзе рабіцца з 20-22 студзеня па 30 красавіка, — дадалі на прадпрыемстве. — Ужыванне флуарэсэціну дазволена органамі санэпіднагляду. Фарбавальнік не ўяўляе небяспекі для арганізма чалавека».

Дадаваць фарбавальнік будуць у сеткавую ваду ў закрытай сістэме цеплазабеспячэння кацельні «Шабаны» і Мінскай ЦЭЦ-2. Яны забяспечваюць цяплом спажыўцоў Ленінскага, Заводскага, Маскоўскага, Партызанскага, Цэнтральнага, Кастрычніцкага раёнаў горада.