Што адбываецца з чалавекам падчас галадоўкі? Расказваюць доктар і беларус, які галадаў на пратэст пяць разоў

Адміністратар тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгу» Ігар Лосік галадае з 15 снежня, з кожным днём хлопец, якога дома чакаюць жонка і малая дачка, адчувае сябе ўсё горш, пры гэтым спыняцца пакуль не плануе. Пакуль улады нібыта прапускаюць гэта міма вачэй, падтрымаць Ігара вырашаюцца ўсё новыя людзі: на днях на знак салідарнасці галадоўку распачалі праваслаўны святар і дзве студэнткі. Паруку за Ігара падаюць усё новыя людзі.

22.01.2021 / 12:31

У гэтай сітуацыі мы разам з доктарам, дыетолагам Алай Манайкінай вырашылі нагадаць чытачам, чым пагражае арганізму любое галаданне, і папрасілі падзяліцца сваім досведам жыцця без ежы журналіста Аляксандра Баразенку.

Колькі чалавек можа вытрымаць без ежы? 

Без вады людзі могуць пражыць 8-10 дзён, без ежы — недзе 2-3 месяцы, у залежнасці ад запасаў тлушчавай і цяглічнай масы, таму што менавіта іх арганізм і будзе выкарыстоўваць для энергіі і падтрымання жыцця.

Вага мае ключавое значэнне. Але на працягласць часу галадання ўплываюць і іншыя фактары.

«Напрыклад, наяўнасць хранічных хвароб: яны могуць абвастрыцца і прывесці да смерці хутчэй, чым сам голад. Таксама, калі чалавек знаходзіцца ў халодных умовах, арганізму прыйдзецца марнаваць больш энергіі на тэрмагенез (на прадукаванне цяпла), і «запасы» тлушчу будуць заканчвацца хутчэй.

Галаданні працягласцю больш за 72 гадзіны — гэта зона падвышанай рызыкі нават для здаровых людзей, але яны дакладна ўдараць куды мацней па тым, хто мае расстройства харчовых паводзін (булімія, анарэксія), людзям, якія хварэюць на цукровы дыябет, тырэятаксікоз, жоўцева-каменную хваробу, з парушэннямі сэрца, язвай страўніка і дванаццаціпалай кішкі. Таксама зусім не рэкамендуецца галадаць тым, хто перанёс сур'ёзныя захворванні, нядаўнюю аперацыю і знаходзіўся на медыкаментозным лячэнні», — распавядае спецыялістка.

Ала Манайкіна, дыетолаг.

Што ж адбываецца з арганізмам без ежы?

2-3 дні. Харчовая ўзбуджанасць. З’яўляецца моцнае пачуццё голаду. У гэты перыяд нават проста выгляд ежы, яе пах могуць раздражняць, выклікаючы некаторую агрэсіўнасць. У некаторых з'яўляецца буркатанне ў жываце, «смактанне пад лыжачкай», слінацёк. Сон пагаршаецца, трохі часцее пульс. У першыя суткі галадання арганізм забяспечваецца энергіяй на 80% за кошт вугляводаў і толькі на 10—15% за кошт тлушчаў. Прыкладна праз 12—24 гадзін запасы глікагену ў печані і цягліцах заканчваюцца. З гэтага часу ўласныя энергетычныя патрэбы печані (і часткова цягліц) задавальняюцца акісленнем свабодных тлустых кіслот.

У першыя тры дні галадання назіраецца максімальная страта масы цела (0,8—2 кілаграмы за суткі) за кошт вывядзення вады і выдатку глікагену печані і цягліц.

4—6 дзён. Пачынаецца ацыдоз (парушэнне кіслотна-шчолачнага балансу арганізма ў бок павелічэння кіслотнасці). З'яўляецца моцны пах ацэтону з рота, на языку — густы налёт белага ці шэрага колеру. Скура і вусны робяцца сухімі. Нярэдка развіваюцца галаўны боль, слабасць, галавакружэнне, затарможанасць, млоснасць. Пачуццё голаду практычна знікае. Выгляд ежы не выклікае тых рэакцый̆, якія можна было бачыць на першай стадыі. Наяўнасць цукру ў крыві зніжаецца да ніжніх межаў нормы. У гэты перыяд хочацца спажываць вялікую колькасць вады. Суткавая страта масы цела складае ў сярэднім 0,3—0,5 кг. 

7—10 дзён. Кампенсацыя ці адаптацыя. Настае ацыдатычны крыз — той момант у галаданні, калі арганізм цалкам пераходзіць на ўнутраны рэзерв сілкавання і пасля якога самаадчуванне рэзка паляпшаецца. Чалавек робіцца бадзёрым. Змяншаецца пах ацэтону з рота і налёт, паляпшаецца колер твару, з'яўляецца бляск вачэй.

2 тыдні. Назіраецца атрафія цягліц, апорна-рухальнай сістэмы. Запавольваецца сардэчны рытм, галадаючы мерзне, у яго з'яўляюцца праблемы са зрокам і свядомасцю.

4 тыдні. Назіраецца міжвольны рух вачэй, галавакружэнне, у чалавека пачынае дваіцца ў вачах.

Больш за 6 тыдняў галадання. На гэтым этапе ўзнікае простая пагроза жыццю. З'яўляюцца праблемы мазгавой дзейнасці, вялікую частку часу чалавек знаходзіцца ў непрытомным стане, не рэагуе на прысутных.

Пасля таго, як арганізм высіліў усе запасы вітамінаў і мінералаў, галадаючы можа захварэць на жаўтуху і цынгу. У некаторых людзей на гэтай стадыі настае глухата і слепата.

Пасля шасці тыдняў галадання людзі, часцей за ўсё, паміраюць ад сардэчнай недастатковасці ці лішку таксінаў у арганізме. Усе рэзервы тлушчаў высільваюцца, і арганізм пачынае выдаткоўваць жыццёва важныя бялкі (у апошнюю чаргу — сэрца і мозгу). У выніку людзі паміраюць ад дыстрафіі ўнутраных органаў, сардэчнай недастатковасці, лішку таксінаў (прадуктаў абмену) і ад іншых прычын.

У медыцыне існуе паняцце і «лекавага галадання»

Яго прынята яшчэ называць разгрузачнай дыетычнай тэрапіяй (РДТ), бо гэты спосаб лячэння складаецца не толькі з галадання, але і мае аднаўленчы перыяд. Працягласць вызначае доктар (звычайна гэта 2-10 дзён). Тэрапія абавязкова праводзіцца ў стацыянарах пад назіраннем спецыялістаў.

РДТ можна лічыць эфектыўнай пры лячэнні такіх захворванняў, як затлусценне, бранхіяльная астма, гіпертанічная хвароба, псарыяз, нейрадэрміт і іншыя. Пасля курса РДТ у хворых адзначаецца прыліў сіл, паляпшаецца рухомасць і ўраўнаважанасць нервовых працэсаў. Дазаванае галаданне з'яўляецца натуральным фактарам стымуляцыі фізіялагічнай̆ рэгенерацыі і ачышчэннем арганізма ад прадуктаў обмену рэчываў, якія паступова запасяцца як у асобных клетках, гэтак і ў тканінах. Прычыны «засмечвання» арганізма — гэта пераяданне, нерацыянальнае спалучэнне прадуктаў, інтаксікацыя алкаголем, тытунём, лекамі.

Як лепш аднаўляцца і вяртацца да звычайнага рэжыму чалавеку, які працяглы час галадаў?

У кожнага чалавека гэта адбываецца вельмі па-рознаму. Але аднаўляцца варта паступова. Лепш пачынаць з прыёму раствораў амінакіслот, далей даваць ваду, вадкую ежу і толькі потым цвёрдую. Трэба зразумець, у якім стане ў чалавека пасля галадання сэрца, лёгкія і іншыя органы, і толькі потым распрацоўваць курс лячэння. 

Пацвярджае тэзісы доктаркі і журналіст, аператар Аляксандр Баразенка, які пачынаў галадоўкі каля пяці раз. Максімальная цягнулася 15 дзён.

«Кожны мой арышт у Беларусі суправаджаўся галадоўкай. Для мяне гэта, перш за ўсё, крок унутранага асабістага пратэсту, паказчык таго, што мой арышт незаконны. Але і практычны сэнс гэта мела — адміністрацыя і ахоўнікі пачыналі паводзіць сябе троху больш адэкватна», - расказвае Аляксандр.

Ён згадвае таксама свае адчуванні ў дні без ежы:

«Першыя дні заўсёды найцяжэйшыя. Адчуваеш слабасць, моцнае пачуццё голаду. Страўнік спрабуе табою кіраваць. Але потым арганізм уваходзіць у рэжым эканоміі. Ходзіш слабы, увесь час хочаш спаць, але агулам ужо прызвычайваешся да такога стану. Я стараўся піць ваду і прымаць вугаль, калі ён быў».

Журналіст адзначае, што не можа вызначыць, якія канкрэтна наступствы прынеслі галадоўкі яго здароўю, бо яно не было ідэальным ніколі.

«Праўда, у час апошняй галадоўкі на фоне нерваў, у мяне пачаліся праблемы з сэрцам. Галадоўку я вымушаны быў спыніць на 11 дзень. Выходзіць з галадоўкі правільна супчыкамі, кашамі. Але пасля адных 15 сутак я выйшаў з яе шакаладнымі цукеркамі, якія былі ў мяне з сабой падчас затрымання», — пасміхаецца суразмоўца.

Аляксандр упэўнены, што кожнаму сумленнаму беларусу варта максімальна цяпер падтрымліваць Ігара Лосіка.

«Мае тэрміны галадоўкі куды меншыя за тое, што зараз робіць Ігар. І гэта выбар Ігара. Ён дакладна ўзважыў усе «за» і «супраць». Нам застаецца толькі рабіць усё, каб дапамагчы яму».

Падаць паруку за Ігара можна тут.

Кацярына Карпіцкая