Студыя Pixar зняла мультфільм «Душа» пра жыццё пасля смерці
У новым анімацыйным фільме ад стваральніка папулярных мультыкаў «Уверх» і «Галаваломка» распавядаецца гісторыя піяніста, выпадкова перанесенага ў незямны свет. Гэта прыгожая і яскравая анімацыя ад Pixar, знятая рэжысёрам Пітам Доктэрам, спрабуе апісваць жыццё да і пасля смерці.
26.01.2021 / 08:07
Галоўны герой Джо — афраамерыканец сярэдніх гадоў, які жыве ў Нью-Ёрку і падпрацоўвае настаўнікам музыкі. Яго галоўнае захапленне ў жыцці — джаз, але запаветная мара стаць артыстам і выступаць перад натоўпам аматараў джаза так і засталася марай. Галоўны герой ужо гатовы змірыцца са сваім лёсам настаўніка, як раптам яму выпадае шанец выступіць з вядомым джазавым музыкам.
І якраз тады, калі жыццё Джо магло стаць больш узрушальным і насычаным, ён падае ў люк і трапляе ў незямны свет, дзе сустракае душу нумар 22, якая не хоча нараджацца. На працягу тысячагоддзяў ёй дапамагалі знайсці «іскру» вялікія людзі ад Арыстоцеля да Маці Тэрэзы, тое прызначэнне, дзеля якога варта нарадзіцца, але ўсё дарэмна. На гэты раз настаўнікам душы 22 становіцца Джо, але яго галоўная мэта — парушыць правілы і вярнуцца да свайго цела на Зямлю, у чым 22 згаджаецца яму дапамагчы.
Так галоўныя героі кідаюцца ва ўцёкі на Зямлю, дзе душа Джо трапляе ў ката, а душа 22 аказваецца ў целе самога Джо. Ім наканавана зведаць нямала новых для сябе пачуццяў, каб у рэшце рэшт адказаць самім сабе, ці вартае жыццё таго, каб яго пражыць.