Лабараторныя антыцелы абараняюць ад ВІЧ на 75%
Даследчыкам ВІЧ спатрэбілася 4 гады і $119 мільёнаў, каб праверыць, ці могуць антыцелы, створаныя ў лабараторыі, абараніць ад інфекцыі. Навукоўцы сцвярджаюць, што могуць, але не заўсёды.
28.01.2021 / 13:08
Фота Depositphotos.com
Для людзей, якім кожныя 8 тыдняў уводзілі монакланальныя антыцелы, рызыка заразіцца ВІЧ меншала на 75%, але толькі ў тым выпадку, калі іх атакаваў той штам віруса, які адпавядаў антыцелу, паведамляе выданне Science.
Даследчыкі мяркуюць, што такі падыход, які можа забяспечыць насельніцтву «пасіўны імунітэт» (у параўнанні з актыўным, што даюць вакцыны), верагодна, будзе адносна эфектыўным у барацьбе з большай колькасцю штамаў ВІЧ дзякуючы манакланальным антыцелам.
Вывучэнне складалася з двух даследаванняў людзей з высокай рызыкай заражэння ВІЧ: першае праводзілася сярод 1900 жанчын з сямі афрыканскіх краін, а другое сярод 2400 мужчын, якія мелі палавы кантакт з іншымі мужчынамі, і трансгендарных жанчын з Паўднёвай Амерыкі, Швейцарыі і ЗША. Палова з іх атрымлівала манакланальнае антыцела, створанае з крыві пацыента з ВІЧ некалькі гадоў таму, кожныя 8 тыдняў на працягу 20 месяцаў. Другой палове дасталася плацэба. Усе правяраліся на ВІЧ кожныя 4 тыдні. Калі хтосьці заражаўся, даследчыкі бралі аналіз крыві і выяўлялі, як антыцела ўздзейнічае на вірус.
У выніку 70% штамаў ВІЧ, найбольш распаўсюджаных у месцах даследаванняў, былі тымі варыянтамі, на якія антыцела ніяк не паўплывала. З гэтага пункту гледжання, вывучэнне скончылася няўдачай. Аднак людзі з кантрольнай групы мелі штам ВІЧ, які супадаў з монакланальным антыцелам. Па падліках у іх назіралася зніжэнне рызыкі захворвання на 75%.
Лары Коры, вірусолаг з Вашынгтонскага ўніверсітэта і адзін з даследчыкаў інфекцыі, заявіў, што монакланальныя антыцелы можна выкарыстаць з нейтралізуючымі антыцеламі супраць ВІЧ. Такая прафілактычная сумесь, верагодна, будзе дзейнічаць супраць 95% вірусаў.