Кіраўнік АБСЕ: Пратэстоўцы ў Беларусі не выступаюць супраць Расіі і за ЕС, іх турбуюць праблемы з дэмакратыяй у краіне
Удзельнікі акцый пратэсту ў Беларусі не выступаюць супраць Расіі і за ЕС, іх турбуюць праблемы з дэмакратыяй у самой краіне, заявіла ў чацвер кіраўнік МЗС Швецыі і дзейсны старшыня АБСЕ Ан Ліндзе, піша Interfax.
28.01.2021 / 23:18
«У Беларусі гаворка ідзе не аб тым, каб выступаць супраць Расіі і за ЕС, нічога такога тут і няма, і гэта вельмі адрозніваецца ад таго, што, напрыклад, адбываецца ва Украіне», — сказала яна падчас анлайн-дыскусіі.
Беларуская апазіцыя «не хоча, каб мы выкарыстоўвалі антырасійскую павестку; яны хочуць, каб мы казалі аб дэмакратыі ў Беларусі — яны хочуць свабоды, магчымасці выбіраць лідара, яны хочуць дэмакратыі», запэўніла дзейсны старшыня АБСЕ.
Яна нагадала, што раней мела гутаркі з рознымі прадстаўнікамі беларускай апазіцыі, у тым ліку з былым кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Святланай Ціханоўскай.
АБСЕ ў сваю чаргу, адзначыла яна, можа дапамагчы з прасоўваннем дыялогу для ўрэгулявання сітуацыі.