Ізраільскія археолагі знайшлі пурпуровую фарбу часоў цара Давіда

На кавалку тканіны археолагі з Ізраіля знайшлі пурпуровую фарбу, якая, меркавана, адносіцца да часоў кіравання біблейскага цара Давіда.

30.01.2021 / 21:09

Ёсць меркаванне, што гэта фарба была больш каштоўнай за золата і асацыявалася з царскай сям’ёй, паведамляе BBC.

Гэта першы выпадак, калі тэкстыль таго перыяду з такім колерам быў знойдзены ў гэтым рэгіёне.

Фрагмент знайшлі падчас раскопак у даліне Цімна, за 220 кіламетраў ад Іерусаліма.

Пурпурнае адценне не выцвітала, а здабыць фарбавальнік было вельмі складана, бо ён у малой колькасці змяшчаецца ў целе малюскаў. Менавіта таму гэта быў адзін з самых каштоўных фарбавальнікаў у тыя часы.

Пурпур згадваецца ў Бібліі, у тым ліку ў адзенні Давіда, Саламона і Ісуса.

Знойдзены фрагмент датуецца прыкладна 1000 годам да нашай эры. У гэты час кіраваў цар Давід, а затым яго сын Саламон.

Nashaniva.com