СК: Ад дзеянняў пратэстоўцаў у Пінску 9-10 жніўня пацярпелі 50 міліцыянераў

Пра гэта БелТА паведаміў начальнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Канаплянік.

01.02.2021 / 11:05

БелТА

Паводле следства, былі пашкоджаны аўтатранспарт і іншая маёмасць абласной міліцыі. Таксама пашкоджанні атрымаў будынак Пінскага райвыканкама, знішчана і пашкоджана гарадская маёмасць. Агульная шкода склала больш за 23 тысячы рублёў.

«Найбольш актыўныя ўдзельнікі масавых беспарадкаў затрыманыя адразу пасля ўдзелу ў іх, — распавёў Дзмітрый Канаплянік. — Дапытаныя абвінавачаныя, пацярпелыя і каля сотні сведак, праведзены агляд месцаў здарэнняў, канфіскаваных падчас яго прадметаў. Асаблівая ўвага надавалася вывучэнню відэазапісаў, размешчаных у інтэрнэце і ў мабільных тэлефонах абвінавачаных. Дзякуючы гэтаму дэталёва ўстаноўлены дзеянні кожнага з фігурантаў».

У дачыненні да 10 чалавек крымінальная справа выдзелена ў асобную вытворчасць і перададзена пракурору для накіравання ў суд. Іх дзеянні кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 293 КК (Удзел у масавых беспарадках, які выяўляўся ў непасрэдным здзяйсненні гвалту над асобай, пагромах, знішчэнні маёмасці). Дзевяць абвінавачаных знаходзяцца пад вартай, яшчэ адзін — пад хатнім арыштам. Усе яны жыхары Пінска ва ўзросце ад 18 да 44 гадоў. Пяцёра раней прыцягваліся да крымінальнай адказнасці.