Франак Вячорка: «Лукашэнка доўга ўтрымліваць сітуацыю не зможа, ён пойдзе на саступкі». Вялікая гутарка з дарадцам Святланы Ціханоўскай
Францішак Вячорка — адна з ключавых асоб у штабе Святланы Ціханоўскай. Гэта найбольш блізкі і ўплывовы дарадца, здольны ўплываць на рашэнні Ціханоўскай. У інтэрв’ю «НН» Вячорка расказаў пра памылкі і поспехі апошняга паўгода, а таксама агучыў бачанне таго, як сітуацыя будзе развівацца ў будучыні.
06.02.2021 / 13:33
Фота з фэйсбука.
«Наша Ніва»: Апошнія пару месяцаў прапаганда няспынна называе цябе галоўным лялькаводам у атачэнні Ціханоўскай. Ты сапраўды лялькавод?
Францішак Вячорка: Не, канечне. Ім трэба было знайсці вінаватага, і знайшлі мяне. Мабыць, я найбольш на гэтую ролю прыдаюся. Але нічога супольнага з праўдай гэтая прапаганда не мае, хаця часам прыемна для вушэй чуць, што цябе лічаць галоўным ворагам Лукашэнкі.
«НН»: Калі чуеш ці бачыш гэтую прапаганду з дзяржаўных каналаў ці памыйных тэлеграм-каналаў, то што адчуваеш? Засмучаешся ці наадварот матывуешся?
ФВ: Я не гляджу АНТ, БТ. Бачыў толькі тое, што скідваюць адмыслова. Гэтыя сюжэты накіраваныя на тое, каб дэматываваць людзей, прымусіць іх сумнявацца. Але мне здаецца, што ўжо выпрацаваўся нейкі імунітэт, і гэта праходзіць міма. Тым больш дынаміка працы такая, што няма часу перажываць праз гэтыя памыйніцы.
«НН»: А адпачнуць час ёсць?
ФВ: Ад пасадкі Ігара Лосіка ў канцы чэрвеня не было ніводнага выходнага дня. Тады ж адразу пачалі кампанію падтрымкі Лосіка. Потым я пачаў расказваць на міжнароднай арэне пра падзеі ў Беларусі. Усё так і закруцілася. Шкада, што ў сутках толькі 24 гадзіны.
«НН»: З Беларусі ты з’ехаў адразу пасля пасадкі Лосіка?
ФВ: Так, бо разумеў, што наступным прыйдуць па мяне. Потым прыходзілі да Сяргея Бяспалава, але ён паспеў з’ехаць за мяжу. Мы ўсе былі звязаныя з «Радыё Свабода», з яе сацсеткамі. І спецслужбы сталі выбіваць усіх, хто быў з гэтым звязаны. Частка сядзіць у турмах, але некаторыя змаглі з’ехаць.
«НН»: Ці маеш ты сёння дачыненне да буйных тэлеграм-каналаў «Беларусь галаўнога мозгу» і «Мая краіна Беларусь»?
ФВ: Я сябрую з тымі, хто іх вядзе. Мы супрацоўнічаем з тымі каналамі, якія належалі Ігару Лосіку. Мы шмат з якімі тэлеграм-каналамі супрацоўнічаем. Думаю, гэтыя людзі выдатна адпрацавалі летнюю кампанію, праз іх транслявалі навіны пра Ціханоўскую, аб’яднаны штаб. Мы рабілі стаўку на тое, каб той усенародны ўздым быў як мага лепш візуалізаваны, асветлены. Тады я больш удзельнічаў ва ўсім гэтым. Я — чалавек медыя. Ніколі адтуль і не сыходзіў. Але часу сёння рабіць кантэнт, вядома, няма.
Франак Вячорка і Ігар Лосік. Фота з фэйсбука.
«НН»: Як ты трапіў да Ціханоўскай? Проста напісаў ім, а табе сказалі: «Так, далучайся»?
ФВ: Цягам прэзідэнцкай кампаніі я камунікаваў з Ганнай Красулінай (прэс-сакратарка Ціханоўскай — «НН»), Аляксандрам Дабравольскім (старэйшы дарадца Ціханоўскай — «НН»), Марыяй Мароз, якая кіравала перадвыбарчым штабам Святланы. Пасля першай прэс-канферэнцыі я спісаўся з імі, сачыў за кампаніяй.
Але ў нейкі момант не вытрымаў і вырашыў, што трэба перамагаць. Я тады кінуў усё, нейкую міжнародную працу, сышоў з «Радыё Свабода».
Калі я прыехаў у Вільню, то там разам са Святланай працавала ўсяго пару чалавек. Я прыехаў займацца міжнароднымі адносінамі, дзе адчуваю сябе больш-менш упэўнена. Трэба было выпрацаваць пазіцыю па міжнародным парадку: Еўрасаюз, Расія, Украіна, ЗША. Трэба было праводзіць шмат сустрэч з міжнароднымі лідарамі, палітыкамі. Я памятаю першыя званкі, падчас якіх я прысутнічаў разам са Святланай, — гэта было вельмі цікава. На той момант Беларусь была №1 у міжнародным парадку дня, усе казалі пра нас. Цяпер таксама кажуць, але ўжо ў ключы вырашэння крызісу. Тады не было ні офісу вялікага, ні каманды.
Помню, адно з першых, што мы ініцыявалі — гэта сазвон Святланы Ціханоўскай з Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкала. Гэта быў першы стрым Святланы, а на наступны дзень Калеснікаву ўжо арыштавалі. Неяк паступова каманда разраслася, і я б сказаў, што на сёння гэта ці не самая моцная каманда, якую я бачыў у беларускай палітыцы.
«НН»: Калі ты перайшоў у каманду Ціханоўскай, то па грашах шмат згубіў?
ФВ: Шмат. Я са жніўня не атрымліваў ніякага заробку, у офісе нічога не браў. У мяне са старой амерыканскай працы былі пэўныя накапленні, таму тут я не ўзяў ні даляру. Не магу браць заробак, калі бачу, што многія працуюць валанцёрамі.
Вядома, гэта кепска, працу трэба прафесіяналізаваць. Проста мы рыхтаваліся да бліц-крыгу, да кароткай вайны, а яно ўсё зацягваецца. Цяпер мы рэарганізуем каманду, не хапае добрых менеджараў, не хапае кіраўнікоў, добрых сацсетачнікаў. Цяпер мы ўзмацняем каманду кадрамі, нарошчваем мускулы.
«НН»: Ці доўга можа заставацца такая моцная каманда, калі не будзе выніку, калі не адбудуцца перамены ў Беларусі?
ФВ: Будзе захоўвацца роўна столькі, пакуль будзе захоўвацца сувязь з людзьмі ў Беларусі. Усё гэта не будзе мець сэнсу, калі не будзе даверу ўнутры краіны, калі людзі не будуць выходзіць на вуліцы. У адваротным выпадку нас пачнуць успрымаць як нейкіх эмігранцікаў. Адзіны сэнс нашай працы — падтрымаць тых, хто змагаецца ў Беларусі. Можна будаваць прыгожыя планы, сустракацца з замежнымі лідарамі, але калі гэта не будзе дапамагаць людзям у Беларусі, то гэта ўсё не мае сэнсу.
Мы да лета, думаю, прыйдзем да якасных перамен. Ясна, што Лукашэнка доўга ўтрымліваць сітуацыю не зможа. Ясна, што нас чакае другая пратэсная хваля ўвесну. Ясна, што закручваць гайкі далей будзе проста немагчыма, і Лукашэнка будзе вымушаны пайсці на саступкі. Наша задача — увесь гэты час не нарабіць памылак, падтрымліваць людзей, не губляць фокусу, не загразнуць у нейкіх скандалах. Калі ёсць палітычная сталасць, то пратрымацца можна хоць да перамогі.
Аляксандр Дабравольскі, Святлана Ціханоўская і Франак Вячорка. Фота з фэйсбука.
«НН»: Чаму ты лічыш, што Лукашэнка пойдзе на саступкі? Амаль паўгода мінула, нішто на гэта не выдае, Расія падтрымлівае Лукашэнку.
ФВ: Ну падтрымлівае Расія, але эліты вагаюцца. Тыя, хто падтрымліваў яго шмат гадоў, ужо шукаюць запасныя варыянты. Мы бачым, што бізнэсоўцы пачынаюць прапрацоўваць план Б. Мы бачым, што армія і амапаўцы думаюць зусім па-рознаму. Мы бачым, што Следчы камітэт стаў ледзь не апазіцыйным органам у сілавых структурах Лукашэнкі. Хоць забастоўкі не былі моцнымі, але яны дабіваюцца сваіх мэтаў. «Беларуськалій» ужо вымушаны адмотваць назад. БМЗ банкрутуе, часткова праз страйкі, часткова праз некампетэнтную палітыку кіраўніцтва. Мы ніколі не ведаем, што стане апошняй кропляй. Наша задача — ціснуць па ўсіх франтах, але выяўляць найбольш слабыя месцы ў рэжыму і тады ўжо ціснуць на іх.
«НН»: Каманда Паўла Латушкі прырастае ў асноўным за кошт былых чыноўнікаў і сілавікоў, ваша — за кошт грамадзянскай супольнасці. Гэта выпадковасць ці стратэгія?
ФВ: Ад самага пачатку з Латушкам была дамова, што ён будзе пунктам пераходу дыпламатаў, чыноўнікаў. Што гэта будзе месца, куды пачнуць звяртацца людзі, якія пакідаюць сістэму. Латушка мае вельмі моцную і прафесійную каманду. Канечне, яна адрозніваецца ад той, што мае Ціханоўская. Мне вельмі камфортна з імі кансультавацца.
Такой канфігурацыі дэмакратычных сілаў я ніколі не памятаю. Офіс Ціханоўскай — гэта не толькі грамадзянская супольнасць, але і людзі медыя, кшталту Валера Кавалеўскага, шмат экспертна-аналітычных цэнтраў, палітолагаў, аналітыкаў, якія працуюць сатэлітна. У Латушкі былыя лукашэнкаўскія чыноўнікі і дыпламаты. У Каардынацыйнай радзе прадстаўленыя розныя сектары — эканамісты, актывісты, рабочыя, феміністкі. Кожная група адыгрывае свае задачы.
З такімі людзьмі не сорамна перахопліваць уладу. Калі Лукашэнка сыдзе, то атрымаецца вельмі хутка адбудаваць дзяржаўныя інстытуты, а таксама вярнуць краіне дзяржаўнасць.
«НН»: У міжнародным кірунку мы маем фантастычныя поспехі на заходнім кірунку, але па-ранейшаму мёртвай кропкай з’яўляюцца адносіны з Расіяй. Як зрушыць іх, што для гэтага трэба рабіць?
ФВ: Няма прасоўвання, бо няма даверу. Для Расіі гэтая рэвалюцыя была нечаканай, варожай, яна была занадта прабеларуская. Яна не была арганізаваная наменклатурай, таму яны яе не разумелі. Тое, што цяпер Расія падтрымлівае Лукашэнку — гэта адсутнасць бачання, яны не маглі гэтага прадказаць. Чым адрозніваецца дыпламатыя на Захадзе ад расійскай? Калі ты на Захадзе пачынаеш будаваць адносіны, то ў цябе ёсць нуль, ты можаш пайсці ўбок -10 ці ўбок +10, але пачынаеш заўжды з нейтральнасці. А ў Расіі з новым гульцом яны пачынаюць з -10, і табе трэба спачатку дайсці да нейтралітэту, а ўжо потым пайсці ці ў плюс, ці вярнуцца ў мінус.
Розніцца стаўленне, падыходы — гэта доўгі працэс, закідваць вудачкі, даказваць, што мы не варожыя, пераконваць, што Ціханоўская — гэта не агент Дзярждэпа. Як у тым анекдоце, дакажы, што не вярблюд. Мы бачым, што стаўленне мяняецца. «Маскоўскі камсамолец» бярэ інтэрв’ю ў Латушкі і Ціханоўскай, іншая рыторыка ў Салаўёва і Кісялёва, нейкія пракрамлёўскія цэнтры закідваюць думку, што Лукашэнка — гэта не найлепшая інвестыцыя. Паступова ўсё памяняецца. Наша задача — не падстройвацца пад жаданні Крамля, а ўзмацняць сваю пазіцыю.
«НН»: А можа, варта часцей пакідаць меседжы Маскве? Мне здаецца, што гучаць яны недастаткова часта.
ФВ: А мне здаецца, што не трэба часцей. Усе меседжы выказаныя, навошта паўтараць па пяцьсот разоў, што мы хочам сустрэцца з Пуціным? Усе, хто хацеў, выказаліся. Латушка зрабіў заяву, Ціханоўская зрабіла. Калі яны будуць гатовыя сустрэцца — сустрэнемся. Нельга прыніжацца, нельга спадзявацца, што калі ты 50 разоў паўторыш адно і тое ж, то цябе пачуюць.
«НН»: Апроч Расіі, важнымі гульцамі з’яўляюцца сілавікі. На сёння мы бачым стадыю змагання з сілавікамі, а можа, варта пачаць змагацца за сілавікоў?
ФВ: Добрае пытанне. З аднаго боку — павінен быць максімальны ціск на тых, хто здзяйсняе злачынствы, альбо рыхтуецца яго здзейсніць. Трэба ўздымаць кошт саўдзельніцтва. З іншага боку — трэба даваць сілавікам шляхі выхаду з сістэмы, паказваць іх. Таму тут вельмі ювелірная праца, якую могуць праводзіць толькі самі сілавікі, як BY_POL. Сілавікі наўрад ці будуць давяраць Святлане Ціханоўскай ці Франку Вячорку, які толькі служыў у арміі і больш ніякіх кантактаў з сілавікамі не меў. Мы працуем над тым, каб у нашай камандзе было пабольш людзей з таго асяроддзя. Ёсць некалькі былых сілавікоў тут у Вільні, шмат — у Варшаве. Яны дапамагаюць, кансультуюць. Іхняя задача — даць сілавікам разуменне, што яны атрымаюць у выніку пераходу, і даць пэўныя гарантыі. Чаму мы не перамаглі ўвосень? Мы дабіліся масавай вуліцы, непрызнання Лукашэнкі, пераходу чыноўнікаў сярэдняга звяна, але мы не дабіліся расколу эліт. І гэты раскол павінен стаць прыярытэтам працы на бліжэйшыя месяцы. Гэта той элемент мазаікі, якога нам не хапае.
«НН»: Мне ўсё ж больш значнымі здаюцца падтрымка народа Расіяй ці сілавікамі, а не Румасам ці Мясніковічам.
ФВ: Як толькі Расія сустрэнецца з Ціханоўскай ці Каардынацыйнай радай, то сілавікі масава пачнуць пераходзіць на наш бок. Мне здаецца, што Расія і сілавікі — гэта вельмі звязаныя звёны. Раскол эліт у тым ліку не адбыўся таму, што яны бачаць: Расія падтрымлівае Лукашэнку.
«НН»: Якую галоўную заслугу за час працы ў камандзе Ціханоўскай ты б мог назваць?
ФВ: Без перабольшвання, усе заслугі належаць людзям у Беларусі. Гэта і масавыя маршы, і мясцовыя ініцыятывы, мужнасць і смеласць людзей. Нашай жа камандзе удалося паставіць Беларусь на парадак дня у свеце, арганізаваць сустрэчы з сусветнымі лідарамі, утрымаць адзінства лідараў дэмакратычных сілаў, не згубіць сувязь з беларусамі у Беларусі. Паверце — гэта вельмі істотна. Па міжнародным кірунку — усе 12 пунктаў, з чым Ціханоўская ехала у верасні ў Брусель — усё выканана. Нам трэба проста павышаць стаўкі.
Калі кажу каманда — гэта ў шырокім сэнсе. І офіс у Вільні — Дабравольскі, Аляхновіч, Кавалеўскі, Красуліна, Рагатко, Марыя і Аляксандр Маразы і іншыя. Гэта Матолька, Пуціла, лідары тэлеграм-каналаў, сумленныя людзі, фонды салідарнасці. Гэта і Латушка з НАУ, Вераніка Цапкала, Кавалькова, Каардынацыйная рада, каманда Бабарыкі. Гэта Мікалай Халезін, беларускія дыяспары. Усіх не назавеш. Многія ў Беларусі. Многія сядзяць.
Святлана Ціханоўская і Франак Вячорка.
«НН»: Ні ў кога не выклікае сумнеў карысць ад сустрэч Ціханоўскай з нямецкім ці французскім кіраўніцтвам. А ці мог бы ты патлумачыць, у чым карысць ад сустрэч з лідарамі малых еўрапейскіх краін — Эстонія, Славенія ці Ірландыя?
ФВ: Мы жывём у такой сістэме, калі малыя краіны могуць зрабіць больш за вялікія. Усе праграмы падтрымкі і санкцыйныя спісы падавалі невялікія краіны — Эстонія, Славакія, Польшча і Літва. Паседжанне Рады бяспекі ААН праводзіць Эстонія. Румынія, якая, здавалася б, не мае вялікіх адносін з Беларуссю, з’яўляецца ініцыятарам «Плана Маршала» па нашай краіне. Малыя дзяржавы могуць дазволіць сабе быць больш эластычнымі і смялейшымі, браць на сябе адказнасць. Вялікія дзяржавы — гэта цяжкая артылерыя. Яны могуць эканамічна заблакаваць шмат якое супрацоўніцтва з Лукашэнкам, але звычайна яны больш павольныя, асцярожныя. Той баланс, які мы маем, — хуткія рашэнні з суседзямі ў камбінацыі з базавай падтрымкай вялікіх дзяржаў, як ЗША, Германія, Вялікабрытанія, — найбольш спрыяльны ў нашых умовах. І ў АБСЕ, і ў ААН кожная краіна мае па адным голасе. І няважна, ці ў цябе 300 мільёнаў насельніцтва, ці адзін мільён. Важная палітычная пазіцыя, а не насельніцтва.
«НН»: Многія былі незадаволеныя еўрапейскімі санкцыямі — што яны занадта мяккія, мала людзей, мала кампаній, бізнэсоўцаў. Гэта, як кажа Халезін, лабісты Пуціна і Лукашэнкі пастараліся?
ФВ: Нам адразу казалі, што ў Еўропе памяняліся метады і падыходы. Цяперашняе пакаленне еўрабюракратаў маюць скепсіс па санкцыях і эканамічным ціску. Яны праходзілі гэта з Азербайджанам, Расіяй, Венесуэлай і маюць скепсіс наконт эфектыўнасці такога ціску.
Таму гэтая неахвота і няўпэўненасць у прыняцці санкцый адтуль, а не таму, што Ціханоўская кепска працуе. А другі момант — выключэнне кашалькоў Лукашэнкі, напрыклад, Алексіна. Гэта сапраўды праца лабістаў. У Еўрапарламенце адкрыта пра гэта кажуць, збіраліся праводзіць расследаванне. Чаму Ісландыя (бізнэсовец Аляксандр Машэнскі з'яўляецца ганаровым консулам Ісландыі ў Беларусі — «НН») умешваецца і выключае людзей са спісу? Іншыя дзяржавы пратэстуюць супраць уключэння ў спіс пэўных асоб, якія вядуць бізнэс у іх краінах. Гэта вынік трэнду Realpolitiks, які ахапіў свет і Еўрасаюз. Наша задача — вярнуць Еўропу да каштоўнаснай палітыкі.
«НН»: А не было такога, каб на штаб выходзіў нехта з кашалькоў рэжыму, які прапаноўваў бы грошы, каб яго не ўключылі ў санкцыйны спіс?
ФВ: Такога не было. Але выходзілі на людзей, якія звязаныя з палітычнымі кампаніямі, альбо знаёмых, звязаных з офісам Ціханоўскай. Яны пачыналі здалёк, казалі, што гэта не працуе, гэта памылка, гэта выпадковая фірма. Мы назіралі гэта гадоў 5-10 таму, калі Пефціева ўнеслі ў спісы. Цяпер жа выходзяць не на беларусаў, а на замежныя дзяржавы. Падкупіць нас не ўдасца, і ім прасцей дамовіцца з дзяржавамі Еўрасаюза.
«НН»: Што ўсё ж было з інфармацыяй пра запрашэнне Ціханоўскай на інаўгурацыю Байдэна? Гэта выдаванне жаданага за сапраўднае?
ФВ: Інфармацыя выйшла несвоечасова, непадрыхтаванай і непацверджанай. Перамовы вядуцца, вяліся тады. Тыя людзі, з кім мы перапісваемся, ужо занялі розныя пасады ва ўрадзе Байдэна. Пакуль плануем прыезд на другую палову лютага. У ЗША раілі перанесці паездку, бо падчас інаўгурацыі яшчэ не быў бы прызначаны ніхто з чыноўнікаў, і не было б з кім сустракацца. Не было б магчымасці атрымаць увагу ў медыя і ад палітыкаў. А таксама кавід, якраз ЗША выйшлі на лакдаўн, таму нікога з замежных лідараў не запрашалі. Гэта была такая ўзаемная згода.
З нашага боку, канечне, быў фальстарт, бо нельга выдаваць такія рэчы непацверджанымі. Тым не менш паездка так ці інакш адбудзецца, яна будзе спалучаная з Канадай. Цяпер абмяркоўваюцца гарады. Гэта будзе не толькі Сенат ЗША, але і іншыя сустрэчы. Бліжэйшым тыднем, можа, будзе больш яснасці.
«НН»: Калі ўлада засталася ранейшай, то, безумоўна, былі памылкі з боку апазіцыі. Ці мог бы ты назваць галоўныя памылкі грамадства і лідараў?
ФВ: Памылкі былі. Але ты ніколі не ведаеш, што спрацуе. Рэвалюцыя не робіцца па плане. Усе крычаць: «Дайце нам план!» Але плана не можа быць. Шляхі могуць быць самыя розныя. Я не маю мандата называць памылкі грамадства, яно зрабіла фантастычную працу, гераічныя выхады з 9-12 жніўня, абарона людзей на Акрэсціна, шматлікія нядзельныя маршы — гэта перамога за перамогай. Гэта палітычная сталасць людзей, якая сфармавалася ў гэтую кампанію.
Мірны, дэцэнтралізаваны, ахоплівае розныя групы — гэта сіла пратэсту. Мы помнім, што было з пратэстам у 2011 годзе, калі там з’явіліся Дзіянаў і іншыя. Гэта добра, што цяпер не было нейкіх самаабвешчанных генералаў. Ніхто людзьмі не кіруе — і гэта фантастычна.
«НН»: А якія памылкі ў лідараў?
ФВ: Мы рабілі мала моцных палітычных крокаў. Пад ціскам абстрактнай грамадскай думкі, каб усіх задаволіць, змякчалі нешта, не даціскалі. Быў моцны ўльтыматум і марш пасля. Кожны месяц мы рабілі нейкае моцнае дзеянне — Народная інаўгурацыя, Народы ўльтыматум, Народны трыбунал. Гэта файна, але гэтага мала. Людзям важна, каб мы пазначалі кірунак, вектар. Гэта дае магчымасць кансалідавацца і біць у адну кропку. Пасля трох месяцаў пратэсту, магчыма, мы перасталі пазнаваць гэтыя кропкі, і людзям стала больш складана па іх біць.
Не ведаю, ці мушу я браць адказнасць, але мы не змаглі дабіцца расколу эліт. Безумоўна, працэс запушчаны, гэта адчуваецца па колькасці зліваў з таго боку.
Магчыма, былі маларашучыя ўвосень. Тады, на ўздыме маршаў, варта было абвяшчаць аб стварэнні народнага руху, калі быў вялікі ўздым у людзей. Цяпер гэтым рухам сталі двары, але ім было б прасцей, каб абвешчана было ўсё раней.
Правал з бяспекай людзей на маршах, не было дружыны. Не ўратавалі людзей. Многія трапілі за краты. Некалькі разоў арыштоўвалі апаратуру. На міжнародным фронце прынятыя санкцыі — слабыя, хаця яшчэ пашырацца.
Я не лічу памылкай, што Ціханоўская не абвясціла сябе прэзідэнтам і не зрабіла ўрад у выгнанні — гэта б яе дэвальвавала. Яна не ў выгнанні, яна чакае вяртання ў Беларусь. Я не лічу памылкай выбар саюзнікаў на міжнароднай арэне. Я не лічу памылкай, што Ціханоўская цяпер не вяртаецца, бо тут яна можа лепш праявіць свае здольнасці на гэтым этапе.
«НН»: Нацыянальная забастоўка напрыканцы кастрычніка не была памылкай?
ФВ: Гісторыя пакажа. Я не ведаю, ці памылка. Гэта была моцная мабілізацыйная кампанія, якая нанесла ўдар па Лукашэнку. З іншага боку — гэта прывяло да контранаступу рэжыму, знішчэння многіх аб’ектаў. Гэта быў адзін з ключавых момантаў восені.
«НН»: Тое, што цяпер людзям з’ехаць з Беларусі становіцца прасцей, чым заставацца тут жыць — гэта не памылка лідараў? Бо яны зрабілі дастаткова лёгкімі ўмовы для эміграцыі.
ФВ: Гэта не памылка, а праблема. Гэта тое, чаго хоча Лукашэнка, — каб усе, хто мае актыўную пазіцыю звальвалі з Беларусі. Мы стараемся рабіць усё магчымае, каб студэнты, якіх адлічылі з універаў, маглі вучыцца дыстанцыйна і мелі стыпендыю. Мы, можа, мала шукаем магчымасцяў, каб дапамагаць менавіта тым людзям, што ў Беларусі. Тых, хто з’язджае, ніхто не асуджае. Але ўся міжнародная дапамога павінна ісці на Беларусь, на рэпрэсаваных. Гэта памылка і еўрапейцаў, трэба разумець, што дапамога тым, хто ў Беларусі, у дзесяць разоў больш каштоўная за дапамогу тым, хто за мяжой. Трэба рабіць усё магчымае, каб дапамагчы ўсім вярнуцца, і вярнуцца самім.
«НН»: А што эміграцыя можа рабіць з таго, што яшчэ не робіць сёння? Гаворка нават не пра лідараў, а пра простых людзей.
ФВ: Сетка дыяспар, якая ўтварылася пачынаючы ад лета, — гэта выдатная сіла. Яны займаюцца палітычным, эканамічным лабізмам, наўпрост падтрымліваюць стачкамы, ініцыятывы. Яны замяняюць сабой замежныя фонды дапамогі. Многіх ратавалі, вывозілі пасля жахлівых падзей у жніўні. Многія з іх ахвяруюць сваім часам, працай, грашыма. Ніколі раней такога не было. Падзеі ў Беларусі згуртавалі беларусаў за мяжой. Яны могуць рыхтавацца вяртацца на радзіму — гэта было б вельмі карысна. Мазгі, досвед працы — гэта тое, з чым мы яшчэ вельмі доўга будзем мець праблемы. Адных чыноўнікаў Лукашэнкі не будзе хапаць, у многіх актывістаў грамадзянскай супольнасці не будзе хапаць досведу і кантактаў. Кадры беларусаў замежжаў — гэта вельмі важна. І ўжо сёння трэба думаць, як іх вяртаць.
«НН»: Ты ўжо крыху акрэсліў, што не лічыш мэтазгодным вяртанне Святланы Ціханоўскай сёння ў Беларусь. Чаму? Бо адзіны шлях для яе — гэта турма?
ФВ: Цяпер — гэта турма. Трэба зрабіць, каб гэта было вяртанне на перамовы, на фінальны этап рэвалюцыі. Усе пагодзяцца, што цяпер гэта немэтазгодна. Хаця сама Святлана гатовая вяртацца ў любы дзень. Яна нядаўна прыходзіла і казала: «Я бяру білет у Беларусь». Ёй самой было б прасцей сесці ў турму, чым несці адказнасць за тых, хто пакутуе ў турмах. У яе высокая асабістая адказнасць за ўсіх. Яна за ўсіх перажывае.
«НН»: Як лічыш, чаму прайшло ўжо паўгода з моманту выбараў, а папулярнасць Ціханоўскай усё яшчэ не змяншаецца?
ФВ: Яна ўвасабляе сабой рэвалюцыю, настроі большасці. Яна адкрыла для сябе Беларусь, яе нацыянальныя каштоўнасці, адкрыла для сябе дух, еднасць. Адчула гонар за тое, што беларуска, як мільёны іншых. Яна сціплая, неамбітная, тыповая беларуска. Ясна, што яна больш не хоча балатавацца на выбарах. Але мне здаецца, што чым больш часу праходзіць, тым менш шансаў, што яна не будзе балатавацца. Магчыма, у яе не будзе проста выбару, з яе магчымасцямі і патэнцыялам, каб не даць скаціцца Беларусі назад да дыктатуры.
«НН»: А няма рэўнасці да Латушкі, які таксама стаў вельмі папулярнай асобай?
ФВ: На Латушку глядзяць як на патэнцыйнага лідара, але ж за яго ніхто не галасаваў. Магчыма, Латушка і Бабарыка нават папулярнейшыя за Ціханоўскую, але галасавалі за Святлану. Да наступных выбараў ніхто не зможа паставіць яе легітымнасць пад сумнеў. На сёння яна — адзіны легітымны лідар, у якога ёсць падтрымка за межамі і ўнутры краіны. Ясна, што, хутчэй за ўсё, яна будзе ўзначальваць часовую адміністрацыю, але яна не будзе манапалістам. Думаю, там знойдзецца месца і Бабарыку, і Ціханоўскаму, і Статкевічу, і Севярынцу, і Латушку, і Кавальковай. Святлана максімальна інклюзіўная і аб’яднаўчая — гэта яе вялізны плюс. Мне здаецца, нават Бабарыка, калі выйдзе з турмы, падтрымае Святлану як часовага лідара, ніхто не паставіць яе лідарства пад сумнеў.
«НН»: А не бывае ў Святланы настрою: «Ды гары яно ўсё гарам, мне надакучыла»?
ФВ: Розныя бываюць моманты. Усім цяжка, усе выгараюць. Але найбольш цяжка тым, хто ў Беларусі. Гэтая рэвалюцыя не для слабакоў. Святлана заўжды паўтарае, што мы не маем права здавацца, пакуль у турмах сядзяць людзі: «У мяне — муж, у цябе — Лосік». Сапраўды, мы не маем права дэпрэсаваць, пакуль людзі ў турмах.
«НН»: Ці няма адчування, што на гэты момант мы больш страцілі, чым набылі?
ФВ: Не-не-не! Мы зрабілі крокаў дзесяць наперад у параўнанні з тым, што было. Нас раней мала што яднала, у нас было мала супольнай памяці, сімвалаў, лідараў. Цяпер у нас ёсць новае грамадства з палітычнай спеласцю. Мы бачым па дварах, як гэта ўсё працуе. Мы пражываем час хуткага сталення нацыі, грамадства. Мы зрабілі вялізны прагрэс, нягледзячы на ўсе рэпрэсіі. Умоўна кажучы, раней мы былі за метр ад перамогі, а цяпер ужо за дваццаць сантыметраў. Цяпер трошку затармазілі, але нам трэба даціснуць, апошні кавалак дарогі заўжды самы цяжкі. Не трэба апускаць рукі і кудысьці зварочваць.