131 адлічэнне, 23 крымінальныя справы. Чаму 12 лістапада некалі стане адзначацца як Дзень студэнта

Мы сабралі ўсю статыстыку пра студэнцкі рух у Беларусі.

05.02.2021 / 10:39

Летапіс падзей ва ўніверсітэтах зафіксавалі самі студэнты ў дакументальным фільме «Gaudeamus». Мы ж вырашылі сабраць у адным артыкуле лічбы і параўнаць сёлетнія падзеі з пратэстамі беларускага студэнцтва ў іншыя гады.

https://t.me/studentyBY/3727

У падрыхтоўцы артыкула нам дапамаглі актывісты Задзіночання беларускіх студэнтаў і Сумленнага ўніверсітэта.

Агульныя лічбы рэпрэсій

Па інфармацыі Задзіночання беларускіх студэнтаў і Студэнцкай ініцыятыўнай групы, пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў затрымлівалі сотні студэнтаў. 

«490 студэнтаў звярнуліся па дапамогу ў Сумленны ўніверсітэт. Гэта толькі тыя, хто пацярпеў ад ціску адміністрацыі: быў адлічаны за грамадзянскую актыўнасць, атрымаў вымовы ці заўвагі, быў пазбаўлены стыпендыі ці інтэрнату», — расказала «Нашай Ніве» лідарка «Сумленных людзей» Алена Жываглод.

131 студэнт быў адлічаны. Больш за ўсё «выкінулі» з БНТУ: ажно 55 чалавек.

23 чалавекі набылі статус падазраваных у крымінальных справах.

12 лістапада ўвогуле стаў чорным днём для студэнцкага актыву: тады за кратамі апынуліся Марыя Каленік, Віка Гранкоўская, Ксеня Сырамалот, Ягор Канецкі, Глеб Фінцэр, Яня Арабейка, Кася Будзько, Ілля Трахтэнберг, Насця Булыбенка. Усе яны застаюцца ў СІЗА.

«У рэальнасці лічбы рэпрэсій, вядома, шмат большыя», — адзначае Дар'я Рублеўская, сяброўка Рады Задзіночання беларускіх студэнтаў. «Некаторыя студэнты_кі не хочуць апублічвання ці занясення ў статыстыку. Да таго ж, Студэнцкая ініцыятыўная група не мае шчыльнай сувязі з некаторымі ўніверсітэтамі ў рэгіёнах: яны хвалююцца за бяспеку ці пакуль не гатовыя яднацца».

БНТУ ў антылідарах

БНТУ не проста так стаў антырэкардэсмэнам у плане адлічэнняў: менавіта яго студэнты аднымі з першых выйшлі на пратэст 1 верасня, а адміністрацыя заўзята выклікала сілавікоў, каб яго патушыць.

Пасля гэтага студэнцтва звярталася да адміністрацыі, аднак па рэакцыі стала відавочна, што ніякай падтрымкі і дапамогі не будзе: актыўным проста пачалі помсціць. Так стала, напрыклад, са студэнткай 4-га курса Вікторыяй Гранкоўскай. Спачатку яе адлічылі, а цяпер яна трэці месяц знаходзіцца ў СІЗА і чакае сваёго лёсу ў межах 342-га артыкула Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Вялікая колькасць затрыманняў была зафіксаваная ў сценах БДУІР: вядома мінімум пра 90 выпадкаў. Назіральнікі звязваюць гэта з тым, што ва ўніверы адразу былі вельмі гучныя і смелыя акцыі.

«У храналогіі пратэстаў студэнтаў БДУІР было занадта шмат кропак незвароту: затрыманне і збіццё ў РУУС студэнта Міхася Клачкова, разгон акцыі ля корпуса ў падтрымку Міхася, прамова Змітра Мазуры, гвалтоўнае затрыманне і суткі Змітра Мазуры, затрыманне Арцёма Вінакурава і Вольгі Філатчанкавай… Гэтыя студэнты_кі проста не маглі не выходзіць, бо несправядлівасць ціснула з усіх бакоў. Чым больш выходзілі, тым больш было затрыманняў, на вялікі жаль», — лічыць Дар'я Рублеўская.

https://t.me/studentyBY/3848

БНТУ «лідзіруе» ў ціску на студэнтаў і па статыстыцы валанцёраў Сумленных людзей: 75 студэнтаў адтуль звярнуліся па дапамогу. З БДУ такіх было 45 чалавек, БДМУ — 48, МДЛУ — 47, БДЭУ — 41, БДУІР — 38. Сярод рэгіянальных універсітэтаў па дапамогу звярталіся Брэсцкі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт (18 студэнтаў) і Гродзенскі дзяржуніверсітэт (10 чалавек).

Але вялікі прэсінг на маладзёнаў быў і ў іншых месцах: узяць толькі ВДМУ, дзе адну са студэнтак, Паліну Нітчанка, затрымлівалі аж чатыры разы (у тым ліку з падачы адміністрацыі). У выніку дзяўчыну адлічылі з прычыны аднаго прапушчанага экзамена: яна фізічна не магла на яго прыйсці, бо адбывала адміністрацыйны арышт.

Як дапамагаюць аштрафаваным і адлічаным? 

«Усім студэнтам мы перш-наперш прапаноўваем юрыдычную кансультацыю, — расказвае Алена Жываглод. — Студэнты, вядома, часцей за ўсё цікавяцца варыянтамі таго, як працягнуць навучанне ў выпадку адлічэння. Суполкі беларусаў замежжа стварылі арганізацыю BeSSA, і цяпер па ўсім свеце выбіваюць адукацыяныя прапановы для пацярпелых беларускіх студэнтаў, а таксама кансультуюць і ментараць іх да самога залічэння ў замежны ўніверсітэт. Разам з імі мы стварылі адмысловы каталог актуальных адукацыйных прапановаў, які рэгулярна абнаўляецца. Іншая ініцыятыва дыяспар ByLinguaHelp дапамагае вывучаць замежную мову. Мы ўсе разам дамовіліся, што лепшыя розумы з краіны вымываць не хочам. Таму праграмы навучання прапануем толькі тым, хто не можа працягваць навучацца ў Беларусі праз рэпрэсіі рэжыму.

Студэнтам, якія страцілі стыпендыю ці месца ў інтэрнаце, мы шукаем варыянты фінансавай дапамогі. Тут трэба падзякаваць салідарным беларусам, якія падтрымліваюць іх.

Акрамя студэнтаў, па дапамогу да Сумленных людзей звярнуліся 23 выкладчыкі. Больш за ўсё з БНТУ, БДМУ і БДУІРа. Для іх шукаюцца варыянты стажыровак (акадэмічных і навуковых), а таксама стыпендыі для распрацоўкі аўтарскіх анлайн-курсаў.

З 2006 года дапамогу пацярпелым праз актывізм аказваў і працягвае аказваць Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць», створаны акурат пасля трэціх прэзідэнцкіх выбараў. Тады моладзь таксама масава выключалі з універсітэтаў.

За 15 гадоў існавання камітэт падтрымаў больш 1500 студэнтаў. У прыватнасці, гаворка ідзе пра навучальную праграму Каліноўскага і магчымасць працягнуць навучанне за мяжой.

«З 2006 па 2016 гады гэта была Праграма пад умоўнай назвай КК-І: стыпендыяльная праграма для адлічаных беларускіх студэнтаў, магістарская і доктарская праграмы, а таксама магчымаць навучання для абітурыентаў з сямей рэпрэсаваных. У 2016 годдзе КК-І была трансфармаваная ў КК-ІІ (гадавы навуковы паслядыпломны стаж для беларускай моладзі). На жаль, такая неабходнасць ізноў аднавілася ў 2020 годдзе. Распачала сваю дзейнасць КК-ІІІ. Гэтая ступень стыпендыяльнай праграмы адчыненая для рэпрэсаванай беларускай моладзі цягам бягучага навучальнага года», — расказвае заснавальніца «Салідарнасці» Іна Кулей.

Што цяпер

Актыўнасць ва ўніверсітэтах апошнім часам знізілася і ў сувязі з рэпрэсіямі, і праз сітуацыю з кавідам і дыстанцыйным навучаннем. Але студэнты дагэтуль праяўляюць салідарнасць з палітвязнямі, перадаюць эстафету кароткіх вулічных маршаў, расклейваюць налепкі і распраўсюджваюць лістоўкі ва ўніверсітэтах. 

Акцыя салідарнасці ў сценах ВДМУ.

«Мы ўсе чакаем вясны і рыхтуемся да новай хвалі масавых пратэстаў, але ведаем, што ўжо ў лютым беларусы, у тым ліку студэнты, гатовыя рэагаваць на дзеянні так званага «Усебеларускага народнага сходу». У межах нашага праекта мы распрацавалі бот «Універ» у дапамогу ўніверсітэцкаму актывізму. Бот дапамагае абменьвацца інфармацыяй пра акцыі ва ўніверсітэце ананімна і бяспечна. Цяпер да яго далучылася больш за тры тысячы студэнтаў і выкладчыкаў беларускіх ВНУ. І мы са студэнтамі рыхтуем першую акцыю з выкарыстаннем бота», — дзеліцца актыў «Сумленных людзей».

А што было ў мінулыя гады?

Такой вялікай хвалі рэпрэсій супраць студэнтаў не было ніколі.

«Для параўнання: у 2015 годзе пасля Маршу студэнтаў мы зафіксавалі каля 10 кейсаў адлічэнняў, у 2017 годзе падчас пратэстаў «недармаедаў» было 20 выпадкаў».

Варта дадаць, што студэнтаў у Беларусі душылі не толькі ў паслявыбарчы перыяд. Чаго толькі вартыя затрыманні і збіццё ўдзельнікаў акцый «Хочам вучыцца па-беларуску». Ці гучная справа 2005 года з адлічэннем студэнткі факультэта міжнародных эканамічных адносінаў БДЭУ Таццяны Хома. Ці справа 2007 года з выключэннем-аднаўленнем і прызывам у войска студэнта-выдатніка, актывіста Партыі БНФ Змітра Жалезнічэнкі.

Акцыя «Хочам вучыцца па-беларуску» ў 2004 годзе.

Дзень студэнта

У Грэцыі Дзень студэнта — гэта 17 лістапада, дзень паўстання ў Політэхнічным універсітэце Афін. Тады студэнты забарыкадавалі ўваходы ва ўніверсітэцкі гарадок. Іх жорстка разагналі, але з гэтага пачаўся распад «дыктатуры чорных палкоўнікаў».

Цяпер 17 лістапада — гэта выхадны дзень ва ўсіх універсітэтах Грэцыі, дзень памяці, калі ва ўсіх ВНУ зачытваюць спіс ахвяр дыктатуры.

Магчыма, Днём беларускага студэнта стане 12 лістапада — дзень калі дзясятак юнакоў і дзяўчат апынуліся за кратамі, таму што змагаліся за грамадзянскія правы.

Кацярына Карпіцкая