Берасцейца Сяргея Пятрухіна паставілі ў турме на прафілактычны ўлік
Пра гэта ён напісаў у адным з лістоў. Сяргей, якога нядаўна перавялі з СІЗА ў Мінску ў магілёўскую турму №4, паведаміў, што яго паставілі на прафілактычны ўлік «за экстрэмізм». Адбылося гэта пасля таго, як блогер напісаў заяву на следчага, каб у дачыненні да яго распачалі крымінальную справу.
02.02.2021 / 14:23
Праваабаронцы тлумачаць, што прафулік азначае, што Пятрухіна цяпер канваююць у кайданках як па тэрыторыі месцаў абмежавання волі, так і за яе межамі, піша Брэсцкая газета.
Сяргея Пятрухіна і яго калегу па ютубе-канале «Народны рэпарцёр» Аляксандра Кабанава перавялі з СІЗА ў Мінску ў Магілёў, дзе яны чакаюць суда. Раней планавалася, што суд пройдзе ў Брэсце, але старшыня Брэсцкага абласнога суда Антон Гушчын накіраваў справу ў Вярхоўны суд для змены яе юрысдыкцыі, каб яна магла разглядацца за межамі Брэсцкай вобласці.
Ім выстаўлена абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады), арт. 369 КК РБ (публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў) і арт. 391 КК РБ (абраза суддзі або народнага засядацеля ў сувязі з ажыццяўленнем імі правасуддзя).