У Салігорску вынеслі прысуд былому дэсантніку Руслану Акостку: тры гады пазбаўлення волі
Вынесены прысуд па крымінальнай справе Руслана Акосткі, былога дэсантніка, які 15 лістапада здолеў прайсці амаль праз увесь Салігорск з бел-чырвона-белым сцягам, піша spring96.org.
04.02.2021 / 12:40
Руслан Акостка ў судзе. Фота: Салiгорск.org
Яго вінавацілі у супраціве супрацоўніку міліцыі, які ахоўвае грамадскі парадак, а таксама ў нанясенні цялесных пашкоджанняў, якія не панеслі за сабой цяжкіх ускладненняў і шкоды здароўю. (арт 363 КК РБ). Да суда Акостка быў змешчаны пад варту. Утрымліваўся ў Жодзінскім СІЗА.
Суддзя — Алеся Серадзенка. Пракурор — Аляксей Чарнышэвіч.
У судовым працэсе быў дапытаны Руслан Акостка. Абвінавачваны віну ў здзяйсненні супраціву супрацоўніку міліцыі з ужываннем гвалту не прызнаў.
Пацярпелы супрацоўнік Салігорскага РАУС Ягор Царыковіч распавёў пра тое, што нёс службу па ахове грамадскага парадку. Заўважыў хлопца з бел-чырвона-белым сцягам у руках — Руслана.
Царыковіч падышоў і папрасіў Руслана сысці з парку Чатырох стыхій, бо ў тэлеграм-каналах былі заклікі да незаконнага масавага мерапрыемства. Не дачакаўшыся дзеянняў Руслана, папрасіў паказаць пашпарт. Праверыў даныя і запісаў сабе ў нататнік. Вярнуў пашпарт, пасля чаго прапанаваў яму прайсці ў службовы аўтамабіль і праехаць у Салігорскі РАУС.
Руслан стаў пытацца, у сувязі з чым, чаму і на якой падставе ён павінен з ім ехаць.
Царыковіч жа сцвярджае, што адказ быў дадзены: «Для далейшага разгляду». Але Руслан Акостка адмовіўся прайсці з супрацоўнікам.
Пасля гэтага Царыковіч разам з калегам узялі Руслана пад рукі для затрымання, а ён пачаў аказваць супраціў:
— Руслан схапіў адной рукой за левую нагу, другой рукой за тулава і паваліў мяне на зямлю. Сам зваліўся зверху, — распавядае пацярпелы супрацоўнік РАУС.
Затым Царыковіч разам з калегам узялі Руслана пад рукі для затрымання, а ён нібыта пачаў аказваць супраціў.
Дапыталі сведак з боку абвінавачання і неабыякавых грамадзян, якія прысутнічалі падчас інцыдэнту і пазней пагадзіліся даваць паказанні ў судзе. Большасць сведак не бачылі моманту падзення Руслана Акостка на супрацоўніка РАУС.
Адвакат і бок абвінавачвання выступілі ў спрэчках.
Дзяржабвінаваўца Чарнышэвіч запытаў 3 гады пазбаўлення волі і пакрыццё маральнай шкоды ў памеры 2000 рублёў.
Адвакат папрасіла апраўдаць з-за адсутнасці ў дзеяннях абвінавачанага складу злачынства.
Суддзя Алеся Серадзенка агучыла прысуд: тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і матэрыяльная кампенсацыя ў памеры 2000 рублёў.