У Літве настаўнікаў, якія адмовяцца прышчапляцца, будуць адхіляць ад работы

Калі настаўнік не будзе прышчапляцца і тэставацца, ён можа быць адхілены ад працы і не будзе атрымліваць заробак да таго дня, пакуль не здасць тэст або не будзе пераведзены на іншае працоўнае месца.

05.02.2021 / 09:44

Delfi

«Педагогі могуць прышчапіцца, але нідзе не сказана, што гэта яны павінны рабіць у абавязковым парадку. Мы спадзяёмся, што настаўнікі паступяць разумна, ацэняць становішча, і прышчэпяцца», — цытуе Delfi словы канцлера Міністэрства Цімаса Даўкантаса.

«Калі ж настаўнікі не прышчапляюцца, яны ў абавязковым парадку павінны будуць кожныя 10 дзён тэставацца. Калі яны не будуць гэтага рабіць, то працадаўца адхіліць іх ад працы і не будзе плаціць зарплату, пакуль яны не здадуць аналізы», — працягнуў ён.

Па словах канцлера, такі парадак устаноўлены ў законе аб прафілактыцы і кантролі інфекцыйных захворванняў і дзейнічае не толькі ў выпадку з каранавірусам, але і з іншымі інфекцыйнымі хваробамі.

«Чалавек можа прыняць рашэнне і не рабіць прышчэпкі, але мы лічым, што такіх людзей будзе меншасць. Калі чалавек не зробіць прышчэпку, ён абавязаны кожныя 10 дзён здаваць тэст. Калі ён і гэтага не робіць, то працадаўца абавязаны адхіліць яго ад працы», — сказаў Даўкантас.