Золатавалютныя рэзервы за студзень знізіліся на 265 мільёнаў даляраў
Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 лютага склалі 7 млрд 203,4 млн. даляраў ЗША. За студзень ЗВР знізіліся на 265,0 млн (на 3,5%).
05.02.2021 / 09:48
Зніжэнне ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў па выніках студзеня ў асноўным абумоўлена планавым пагашэннем урадам і Нацбанкам знешніх і ўнутраных абавязкаў у замежнай валюце на 410,6 млн. даляраў ЗША, а таксама памяншэннем кошту манетарнага золата, паведамляе Нацбанк.
Падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у студзені спрыяла паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад продажу Міністэрствам фінансаў аблігацый, намініраваных у замежнай валюце.
Згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год аб'ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2022 года павінен скласці не менш за 6,0 млрд. даляраў.