Арцыбіскуп Кандрусевіч у Магілёве: Неабходна лячыць нашу хворую краіну
У нядзелю 7 лютага Ганаровы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Магілёў, дзе памаліўся з мясцовымі вернікамі і правёў сустрэчу з духавенствам Магілёўскага рэгіёна, паведамляе catholic.by
08.02.2021 / 10:35
catholic.by
«Якія высновы мы павінны зрабіць з сённяшняга Божага слова? Найперш мы павінны быць інструментам у руках Езуса, які дзейнічае і лечыць. Гэта Яго місія таксама і ў наш час.
Нам усім неабходна лячыць нашыя думкі, нашу памяць, нашыя разбітыя ўзаемаадносіны, нашу хворую краіну», — сказаў Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
«У нас таксама павінна з’явіцца жаданне дапамагчы іншым, асабліва тым, хто цярпіць і жыве ў нястачы. Працэс нашага духоўнага аздараўлення можна лічыць паспяховым толькі тады, калі мы гатовыя дапамагаць іншым», — зазначыў арцыпастыр.
З горыччу канстатаваўшы, што сёння беларускае грамадства разбіта ў выніку грамадска-палітычнага крызісу, які працягваецца ўжо паўгода, іерарх прапанаваў задумацца над тым, як яго ацаліць і аб’яднаць.
На думку арцыбіскупа Кандрусевіча, для паспяховага лячэння гэтай сацыяльнай хваробы, як і ўсіх іншых хвароб, перадусім неабходна паставіць правільны дыягназ.
«Грэх з’яўляецца першапрычынай нашых праблем. Мы губляем спакой, бо падзяляемся ўнутры.
Але калі мы адварочваемся ад граху і падпарадкоўваемся Божай волі, то здабываем супакой, унутраную гармонію і цэласнасць. Нездарма Езус вучыць, што бласлаўлёныя чыстыя сэрцам, бо яны ўбачаць Бога. Быць чыстым сэрцам азначае быць аб’яднаным з Богам. Мір — гэта прысутнасць Бога ў нашым сэрцы», — заўважыў іерарх. Сваю гамілію ён завяршыў пажаданнем:
«Няхай сённяшняе Божае слова заахвоціць нас будаваць мір і адзінства праз еднасць з Езусам, каб узаемная любоў, прабачэнне, законнасць, пашана адзін да аднаго запанавалі ў нашай Бацькаўшчыне».