Мінчук Алег Заяц, якога асудзілі на 25 сутак, спыніў сухую галадоўку

8 лютага праходзіў суд, на якім абарона Алега спрабавала абскардзіць судовую пастанову аб арышце яго на 25 дзён. Суд пакінуў у сіле папярэднюю пастанову, паведамляе «Белсат».

09.02.2021 / 09:13

Алег падчас аднаго з маршаў. Фота Розы Летавай

На пасяджэнні таксама стала вядома, што Алег спыніў галадоўку. Аднак з якіх прычын і калі гэта адбылося, невядома. Таксама на цяперашні момант няма аніякіх звестак пра стан ягонага здароўя.

Алега Зайца затрымалі 23 студзеня на вуліцы Мірашнічэнкі, калі ён выйшаў на прагулку, абвінавацілі на двух правапарушэннях — 23.34 і 23.4 КаАП і пакаралі 25 суткамі. Паведамлялася, у знак пратэсту ён абвясціў галадоўку.

Алегу Зайцу — 37 гадоў. Ён мае анкалагічную хваробу, таксама ў яго ампутаваныя пальцы на нагах, таму ён не можа працаваць больш за 6 гадзін на дзень. Займаецца рамесніцтвам — вырабляе бранзалеты і іншыя рэчы, якія прадаюцца ў Елісавецінскім манастыры.

Nashaniva.com