«Выйшаў грэць машыну, каб адвезці дзіця ў школу, і не вярнуўся». Затрыманы шахцёр Юрый Корзун
Раніцай 11 лютага ў Салігорску затрымалі сябра страйкама «Беларуськалія» Юрыя Корзуна. Пра гэта Tut.by распавяла яго жонка Кацярына. Цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ, прычына — ч. 1 арт. 23.34. Іншыя падрабязнасці невядомыя.
11.02.2021 / 14:50
Фота Вольгі Шукайла
Кацярына кажа, што Юрый знік пасля таго, як выйшаў з дому ў 6:50 раніцы.
— Ён выйшаў грэць машыну, каб з'ездзіць яе заправіць, вярнуцца дадому і адвезці дзіця ў школу, але не вярнуўся. Калі я выйшла на паркоўку, яго машына стаяла, яго самога не было, а на паркоўцы былі сляды легкавога аўтамабіля, які развярнуўся і з'ехаў. Таму я вырашыла, што альбо яго затрымалі, альбо ён з'ехаў на таксі, каб заправіць каністру, калі ў яго зусім не было бензіну. Пачакала, як звычайна, тры гадзіны, па заканчэнні трох гадзін звярнулася ў РАУС, — распавядае Кацярына.
Там сказалі, што для атрымання гэтай інфармацыі ёй трэба звярнуцца асабіста з пашпартам. У свой абедзенны перапынак Кацярына паехала туды.
— Мне адказалі, што ён знаходзіцца ў ІЧУ па прычыне ч. 1 арт. 23.34. Падрабязнасцяў ніякіх не ведаю. Мае чаканні — суд на працягу трох дзён. Менш за 15 сутак ніколі не давалі, — кажа Кацярына.
Паводле яе слоў, іншых затрыманняў удзельнікаў стачкі сёння не было, але ў апошнія тры дні некаторых «абзвоньвалі і спрабавалі ўручыць позвы, а ўчора прыязджалі па месцы прапіскі яшчэ аднаго чалавека».
У верасні 2020 года Юрый Корзун прыкаваў сябе да горназдабыўнога абсталявання і адмовіўся выходзіць на паверхню ў знак пратэсту. Пасля гэтага ён далучыўся да стачкі.