Расследаванне: супрацоўнікі ФСБ, якія атруцілі Навальнага, датычныя да двух атручванняў расійскага журналіста
Група супрацоўнікаў ФСБ, якая, як мяркуецца, арганізавала атручванне палітыка Аляксея Навальнага і яшчэ некалькіх чалавек, таксама зрабіла дзве спробы атруціць журналіста і палітыка Уладзіміра Кара-Мурзу ў 2015 і 2017 гадах. Да такой высновы прыйшлі аўтары новага расследавання Bellingcat і The Insider, якія выявілі, што супрацоўнікі ФСБ сачылі за Кара-Мурзой у яго паездках.
11.02.2021 / 18:29
Як высветлілі следчыя, супрацоўнікі ФСБ пачалі сачыць за Кара-Мурзой у яго паездках за тры месяцы да першага атручвання, што здарылася ў маі 2015 года. Разам з ім за гэты час яны наведалі Томск, Санкт-Пецярбург, Калінінград і Казань.
Кара-Мурза адчуў сябе дрэнна праз двое сутак пасля вяртання ў Маскву з Казані.
Таксама цікава, што Кара-Мурза планаваў ляцець на круглы стол у Калінінград 27 мая — і паляцеў бы, калі б 26 мая не быў атручаны. Эфэсбэшнікі, якія ішлі за Уладзімірам ва ўсіх папярэдніх паездках, квіткі ў Калінінград нават не браніравалі.
Пасля шпіталізацыі Кара-Мурзу паставілі дыягназ «сардэчная недастатковасць».
Другі раз Кара-Мурза быў атручаны 2 лютага 2017 года. У расследаванні не прыводзіцца пацверджанняў таго, што ў дні, якія непасрэдна папярэднічалі атручванню, побач з ім знаходзіліся супрацоўнікі ФСБ. Аўтары расследавання, аднак, выказалі здагадку, што яд мог быць нанесены на зубную шчотку.