Паэту-пчаляру Міколу Папеку па «справе карагоду» змянілі статус з падазраванага на абвінавачанага

Паэту-пчаляру Міколу Папеку ў «справе берасцейскага карагоду» змянілі статус з падазраванага на абвінавачанага па арт. 342 КК (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Пра гэта паведамляе «Новы Час».

18.02.2021 / 09:02

Брэсцкая газета

Сам Мікола Папека пацвердзіў: «Дакументы былі па-руску, дык запатрабаваў перакладу. Да пятніцы 19 лютага падрыхтуюць, буду знаёміцца, з адвакатам».

Мікола Папека — індывідуальны прадпрымальнік з Лінова каля Пружан. Мае пасеку пчол. Вядомы таксама як краязнаўца і паэт. Заснаваў сваю Мядовую прэмію. 16 кілаграмаў мёду ўручаў беларускім і замежным літаратарам ужо 19 разоў.

13 верасня ў Брэсце пратэстоўцы рушылі цэнтральнымі вуліцамі да скрыжавання праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў, дзе перакрылі рух транспарту. У цэнтры скрыжавання зладзілі карагод, танцавалі і спявалі. Міліцыя разагнала пратэстную акцыю пры дапамозе вадамёта.

Праз два дні ва УСК па Брэсцкай вобласці завялі крымінальную справу аб масавых беспарадках. Абвінавачаных некалькі дзясяткаў.