Тэрмінатар-4 задачу выканаў, як мог

2018 год. Машыны пад кіраўніцтвам сеткі Скайнэт знішчаюць людзей...

08.06.2009 / 21:32

Тэрмінатар 4 (Terminator Salvation)
ЗША – Вялікабрытанія – Нямеччына, 2009, каляровы, 115 хв.

Рэжысёр: Джозэф Макгінці Нікал
Ролі выконваюць: Крысціян Бэйл, Сэм Ўорцінгтан, Антон Ельчын, Мун Бладгуд, Хелена Бонэм-Картэр, Арнольд Шварцнэгер
Жанр: фантастычны постапакаліптычны баявік
Адзнака: 6 (з 10)

2018 год. Машыны пад кіраўніцтвам сеткі Скайнэт знішчаюць людзей. Джон Конар вядзе вайну супраць робатай, але не галоўных ролях. Звестак, што пакінула яму матуля, якая ўпершыню сутыкнулася з тэрмінатарамі, герою бракуе. А тут яшчэ загадкавы Маркус Райт – герой людзей ці агент машынаў…

Працягам слынных карцінаў прызначаны нялёгкі лёс. Каб задаволіць фанаў трэба паўтараць ужо вядомыя вобразы – і адначасова быць новым.

Трэці тэрмінатар пасля гераічных двух – паўтараў вобразы, але выглядаў ледзве не самапародыяй. Чацвёрты мусіў прапаноўваць новую сюжэтную лінію, тым болей, што найлепшы робат Арнольд Шварцнэгер сёння тэрмінуе не кіно, а каліфарнійцаў на пасадзе тамтэйшага губернатара. (Але гэта не перашкодзіла яму з’явіцца ў доўгачаканым эпізодзе (рубон!), шчодра насычаным кампутарнай апрацоўкаю).

Складаную задачу чацвёрты тэрмінатар, як мог, выканаў. Ёсць навучаны хорарамі Крысціян Бэйл – Джон Конар, які рэфлексуе. Ёсць постапакаліптычнае прышлае – з выпаленай зямлёй, канцлагерамі для людзей і робатамі ахоўнікамі. Ёсць вусцішныя машыны, што дзіўна трансфармуюцца.

І ёсць новы герой, які ахвяруе сабой. І няважна, што сюжэтныя лініі не заўжды звязваюцца, што новы фільм нагадвае іншую кінафантастыку («Тэрмінатары» самі ж яе спарадзілі!). Місія яшчэ не завершана.

Шчаслівай дарогі!

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы