«Не ўяўляю, як адчуваюць сябе людзі, якія свядома жывуць пры Лукашэнку 26 гадоў». Гутарка з алімпійскай прызёркай па мастацкай гімнастыцы, якая асудзіла гвалт і рэпрэсіі
Мінчанка Наталля Лешчык — срэбраная прызёрка Алімпіяды-2012 па мастацкай гімнастыцы ў групавых практыкаваннях і адна з тых спартоўцаў, хто не змірыўся з жорсткасцю сілавікоў і масавымі рэпрэсіямі. Яна падпісала ліст спартыўнай супольнасці супраць гвалту, удзельнічала ў маршах пратэсту, а напрыканцы мінулага года праз грамадзянскую пазіцыю пакінула зборную Беларусі па стральбе з лука, дзе працавала псіхолагам. У інтэрв’ю Лешчык распавяла, як зацікавілася палітыкай, чаму іншыя гімнасткі ў адпаведным лісце падтрымалі Лукашэнку і за каго будзе заўзець на сёлетняй Алімпіядзе ў Токіа.
02.03.2021 / 11:07
— Наталля, як 2020 год змяніў тваё жыццё?
— Ён перавярнуў многае. У мяне былі пэўныя планы, я мела любімую працу, на якой планавала застацца і далей, але так не атрымалася… Пасля прэзідэнцкіх выбараў я, як і іншыя спартоўцы, падпісала ліст супраць гвалту і за сумленныя выбары. Потым у Міністэрстве спорту адбылася атэстацыя нацыянальнай каманды па стральбе з лука, якую я прайшла. Але яшчэ да яе са мной размаўляў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па стралковых відах спорту [Уладзіслаў Сцепанюк], які настойліва прасіў прыбраць свой подпіс. Мы ні аб чым так і не дамовіліся, і я працягвала працаваць, аднак чыноўнікі ўсё адно вырашылі, што нешта са мной трэба рабіць.
Падстаў для звальнення не было, і іх пачалі шукаць. Мне тэлефанавалі з Міністэрства з праверкай, пыталіся, дзе я і чым займаюся, спрабуючы ўпэўніцца, што мяне няма на працоўным месцы. А яго ў мяне сапраўды не было, бо збольшага працавала разам са спартоўцамі на зборах. Насамрэч, за сябе я не баялася, а хвалявалася за тых, з кім працую, каб ім не нашкодзіць. У выніку ў лістападзе прыняла рашэнне падпісаць заяву аб звальненні і 31 снежня забрала сваю працоўную кніжку. 2021 год распачала з думкі аб тым, што рабіць далей. Вучылася на псіхолага, хацела ім працаваць, а цяпер неабходна шукаць новую працу.
У мінулым годзе мая любоў да радзімы ўзмацнілася ў сто разоў. Многія хацелі з’ехаць з краіны, аднак у мяне падобная думка не ўзнікала. І летась я даведалася, што навакол столькі файных людзей, якіх не ведала раней. Яны, як і я, таксама ўсё яшчэ хочуць жыць і працаваць у нашай краіне. І паўтаруся, разуменне падобнага яшчэ больш узмацніла мае пачуцці да Беларусі.
— Калі ты свядома пачала цікавіцца палітыкай?
— Яна ў маім жыцці да 2020-га амаль што адсутнічала. Я займалася спортам, выступала на спаборніцтвах, і палітыка мяне не вельмі цікавіла. Але на момант Алімпіяды ў Лондане ў 2012, куды я паехала 17-гадовай, мне ўжо не падабалася, што адбываецца ў спорце. Чыноўнікі пастаянна чагосьці патрабавалі. Перад гульнямі нас усіх сабралі і пачалі казаць, што мы павінны вярнуцца з Лондана з медалямі. Не адчуць гэты ціск, безумоўна, было б дзіўна. Я проста не разумею, калі чыноўнікі пачынаюць казаць спартоўцам, што яны нешта павінны. Дык яны самі добра разумеюць, што трэба рабіць, каб дасягнуць сваёй мэты — заваяваць медаль. І на маю думку, неяк недарэчна ім пра гэта нагадваць. Марнаванне часу. Гэтыя мерапрыемствы праводзілі толькі дзеля таго, каб іх правесці, а не палепшыць нешта.
Думала, што такое адбываецца толькі ў спорце. Але пайшла вучыцца ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і падобнае ўбачыла там таксама. Напрыклад, праходзіў канцэрт, які нікому не быў патрэбны, і ўсе на ім проста сядзелі і гублялі свой час. «Таму што так трэба». І ад таго, што сваё жыццё прыходзіцца траціць падобным чынам, рабілася вельмі сумна. А калі адбыліся жнівеньскія падзеі 2020 года, стала зразумела, што без арганізацыі могуць адбывацца файныя нядзельныя маршы. На іх збіралася мноства людзей, і, як аказалася, усе размаўляюць адно з адным ветліва, прыбіраюць пасля сябе смецце і няма ніякіх боек.
— Перад табой стаяла пытанне, удзельнічаць у выбарах ці не?
— Не, я загадзя вырашыла, што пайду на выбары. У палітыку ўключылася дзесьці вясной, калі ў Беларусі з’явіўся каранавірус. На яго ў нас рэагавалі спосабамі, якія для мяне былі даволі дзіўныя. Прыйшлося сачыць і разбірацца ў тым, што адбываецца. І калі нават не памятаю, дзе была ў 2015-м падчас папярэдніх выбараў, то гэтым разам дакладна ведала, што буду галасаваць. Нягледзячы на тое што здагадвалася, што будзе ў нас як звычайна. Я мела права прагаласаваць і яго скарыстала.
— За каго аддала голас?
— За Ціханоўскую.
— Галасавала свядома за яе ці проста супраць Лукашэнкі?
— Гэта быў адзіны кандыдат, які заяўляў, што пры ягонай перамозе вызваляць палітзняволеных і адбудуцца сумленныя выбары. Ды і наогул, больш не было таго, за каго можна было б аддаць свой галас. Безумоўна, можна было проста паставіць птушачку ў графе «супраць усіх», аднак, на мой погляд, гэта б не спрацавала. Вось таму і вырашыла, што варта прагаласаваць за Ціханоўскую. Каб, паўтаруся, у нас быў шанец на сумленныя выбары.
— Кім на той момант для цябе быў Лукашэнка?
— Для мяне гэта быў чалавек, ад якога ўсе стаміліся. Я нарадзілася пры ім, і другога прэзідэнта ў нас не было. Гучыць гэта даволі прыгнятальна. Я стамілася ад яго, і гэта пры тым, што ўключылася ў палітыку толькі ў 2020-м. І нават не ўяўляю, як адчуваюць сябе людзі, якія свядома жывуць пры ім 26 гадоў.
— Праўладныя спартоўцы цяпер скажуць, што без ягонай увагі да спорту, тых умоў, якія ён стварыў, ты б нічога і не дасягнула б.
— Нешта падобнае ўжо чула, калі пасля завяршэння кар’еры трэнер зборнай [Ірына Лепарская] мне казала: «Ды калі б не я, яшчэ невядома, ці паехала б ты на Алімпіяду!» Але нават калі маю самаацэнку давесці да ўзроўню плінтуса, я ўсё роўна разумею, што гэта не так. Безумоўна, у мяне была каманда, трэнеры, але ж я таксама дзеля гэтага выніку шмат працавала. Абясцэньваць маю працу — гэта недарэчна. І магчыма, калі б не арала на трэніроўках як конь, то і не было б той узнагароды [ў Лондане]. Мы працавалі па дзесяць гадзін у зале на дзень, і дзіўна сцвярджаць, што медаль я заваявала па шчупаковай волі.
— Пасля выбараў ты ўдзельнічала ў мінскіх маршах. Рэальна бачыла ў іх моц, якая можа змяніць сітуацыю ў краіне?
— На маршы выходзіла з думкай, што не згодная з тым гвалтам, які адбываецца ў краіне. Хацела такім чынам падтрымаць пацярпелых і тых, хто апынуўся за кратамі. Проста выйсці на марш і прагуляцца — гэта, зразумела, няшмат, і калі б кожны нязгодны выйшаў на прагулку, гэта магло б прынесці свой плён.
— Прыгадай, калі ласка, моманты з маршаў, якія цябе найбольш уразілі.
— Найбольш уразіў, напэўна, першы марш 16 жніўня. Мы з хлопцам выйшлі з двароў на Нямізе, спачатку ўбачылі невялічкую групку людзей, якая зусім не ўразіла, а пасля перад вачыма з’явілася сапраўднае мора людзей. Падобную колькасць апошні раз бачыла, бадай, на Алімпійскіх гульнях. Ды і то там, напэўна, было паменш народу. І ўсе шчаслівыя, задаволеныя, нікога не ганяюць. А потым кожны марш быў чымсьці для мяне запамінальным. Памятаю і аркестр, і барабаншчыкаў, і дыджэя, якія стваралі атмасферу. Акрамя таго, беларусы аказаліся вельмі крэатыўнымі людзьмі, і я не паспявала пасмяяцца з аднаго плаката, як перад вачыма з’яўляўся другі. У той момант падумала: а чаму я не дадумалася зрабіць нешта падобнае?
— І ты выйшла на наступнае шэсце з медалём на шыі і гімнастычнымі стужкамі ў руках.
— Усе так па-творчы падыходзілі да маршаў, што і мне захацелася прыдумаць сваё. Паколькі плакат у мяне не атрымліваўся, вырашыла нешта звязаць са сваёй спартыўнай дзейнасцю і хадзіць не са сцягам, а са стужкамі, якія пафарбавала ў белы і чырвоны колеры.
— Ці прыходзілася табе сутыкацца з жорсткасцю сілавікоў?
— Жорсткіх боек, калі без дай прычыны збівалі людзей, дзякуй Богу, не бачыла, аднак, як і астатнія, бегала і хавалася. Не памятаю, які гэта быў марш, але я апынулася ў цэнтры. На супрацьлеглым баку дарогі пабачыла аўтазакі, непадалёк стаяла жанчына, якая плакала і, відавочна, знаходзілася ў стане лёгкай істэрыкі. Аказалася, што на ейных вачах затрымалі мужчыну, які проста ішоў з пакетамі ў руках. Я пачала яе супакойваць і зразумела, што пераходзіць дарогу на другі бок, дзе стаялі аўтазакі, сэнсу не было, а кінуць чалавека — гэта таксама не вельмі добра. Пакуль супакойвала жанчыну, аўтазакі з’ехалі, і я пайшла далей. Але неўзабаве з’явіліся новыя, і людзі пачалі разбягацца. Я хуценька зрэагавала на тое, што адбываецца, і з астатнімі мінакамі зайшла ў адзін з рэстаранаў.
Як зразумела, супрацоўнікі гэтай установы ўжо былі спрактыкаваныя і дзейнічалі па наладжанай схеме — зачынялі дзверы, каб АМАП не зайшоў. Пры мне супрацоўнікі рэстарана разы тры адчынялі і зачынялі дзверы, калі ўпускалі і выпускалі. Памятаю, калі людзей набілася вельмі шмат, яны пачалі крычаць: «Сядайце ў крэслы! Не стойце!»
— Праваахоўнікі спрабавалі ўвайсці?
— Так, аднак паколькі дзверы былі зачыненыя, яны сыходзілі. Дзякуй Богу, вітрыны ніхто не біў. Шчыра кажучы, есці ў той момант мне не хацелася, але ў знак падзякі за такое стаўленне да людзей пайшла і набыла ў іх нейкі сок.
— Ці пацярпелі вашы блізкія ад агрэсіі?
— Безумоўна, такія ёсць. Адзін мой сябар у жніўні выйшаў прагуляцца без тэлефона і проста не вярнуўся дадому. Мы былі шакаваныя, бо звестак пра яго аніякіх не прыходзіла. Праз некалькі дзён ён знайшоўся ў Жодзіне, і, як у нас цяпер часта адбываецца, адседзеў без прычыны каля чатырох сутак. А нядаўна затрымалі знаёмых. Чаму? Якая была падстава? Не ведаю. У мяне няма нармальных слоў, каб гэта можна было ахарактарызаваць.
— Футбаліст Расціслаў Шавель, які правёў за кратамі больш за дваццаць сутак, наконт агрэсіі казаў наступнае: «Не мог паверыць, што адбываецца генацыд свайго народа». А як ты можаш апісаць тое, што рабілі сілавікі?
— На жаль, пагаджуся з Расціславам. Калі адбываюцца войны паміж народамі, гэта яшчэ магу неяк зразумець, бо розныя краіны і менталітэты, аднак калі беларус пачынае біць беларуса, мне гэта зусім незразумела. Мне як неканфліктнаму чалавеку незразумела, чаму нельга пагаварыць і зрабіць нешта, акрамя агрэсіі. І ад гэтага вельмі сумна.
Чытайце таксама: Футбаліст, якога двойчы кідалі на суткі: У аўтобус зайшоў чалавек і, нічога не кажучы, ударыў нагой па галаве
— З пункту гледжання псіхалогіі, ці разумееш дзеянні сілавікоў? Што імі рушыла?
— Безумоўна, ідэалагічная падрыхтоўка сярод іх праводзілася і праводзіцца. Мы ж акаляем сябе пэўнымі людзьмі з падобнымі да нашых інтарэсамі і існуём у гэтым утульным свеце. Яны таксама могуць існаваць у сваім маленькім свеце, у якім ім расказваюць нешта аднабаковае. І калі пастаянна адбываецца падобнае нашпігоўванне, ва ўсё гэта лёгка паверыць. Я кажу пра жнівень, калі яны асаблівым чынам лютавалі і, відаць, верылі, што людзі незаконна хочуць скінуць уладу. А цяпер, як мне падаецца, яны проста хаваюць сваё адно месца. Яны за адзін жнівеньскі дзень нарабілі столькі, што, відаць, усведамляюць: дарогі назад няма, і трэба ісці да канца. Наўрад ці ў будучыні іх нехта будзе вітаць. Іх хочуць судзіць за ўсё тое, што здзейснілі. Ведаеце, гэта як паводзіны дзяцей, якія разбілі матчын збан і да апошняга кажуць, што яны гэтага не рабілі альбо спрабуюць яго склеіць. Людзі не хочуць браць на сябе адказнасць і будуць да апошняга адмаўляць сваю віну.
— Зразумеў. Сярод гімнастак ты разам з Меліцінай Станютай, бадай, адзіныя «адшчапенкі», хто публічна асудзіў гвалт. Праз гэта былыя каляжанкі на цябе коса не паглядаюць?
— Не, бо я з імі зараз не кантактую. Проста не прыходжу ў Палац гімнастыкі, дзе яны трэніруюць, і асабліва не размаўляю з імі. Магчыма, мяне абмяркоўваюць, але мне не прывыкаць. Мастацкая гімнастыка — выключна жаночы від спорту, у якім мужчыны амаль адсутнічаюць. Памятаю толькі аднаго мужчыну-харэографа, які працаваў з намі. Сярод дзяўчат вельмі высокая канкурэнцыя, і некаторыя могуць рабіць даволі подлыя рэчы. А папляткарыць, паабмяркоўваць іншых — гэта любімая жаночая справа. І пабудаваць добрыя адносіны без двудушнасці ў падобным калектыве даволі складана.
— На сабе гэта адчула?
— Падобнае здаралася. Як мне падавалася, мая найлепшая сяброўка абмяркоўвала мяне з іншымі, кажучы, якая я дрэнная. Гэта драбяза, але даволі частая з’ява. Калі казаць пра нешта больш сур’ёзнае… Зразумела, цвікі і пабітае шкло ў абутак нікому не клалі, але ў мяне быў даволі смешны выпадак, калі прыляцела з Алімпіяды ў Лондане, адкрыла сваю шафу ў раздзявальні і знайшла там… кавалачак экскрэментаў. Хто гэта зрабіў, не ведаю, бо расследаванне ніхто пасля не праводзіў. З каляіны мяне гэта не выбіла — пасмяялася.
— На мой погляд, было чакана, што мастацкая гімнастыка актыўна падтрымае подпісамі ў адпаведным лісце Лукашэнку, бо гэта ж пры ім у Мінску з’явіўся такі сучасны спартыўны цэнтр для «мастачак». А як ты думаеш, ці маглі гімнасткі адмовіцца падтрымаць яго?
— Трэнерскі штаб і раней падтрымліваў Лукашэнку, і я не думаю, што трэнеры перастануць гэта рабіць. Насамрэч не ведаю, хто і чым кіраваўся пры зборы подпісаў пад праўладным лістом, аднак хочацца верыць, што гімнасткі гэта рабілі без аглядкі на трэнерскі штаб, думаючы сваёй галавой. Можа, сапраўды выступілі за ідэю. Хаця ідэя, скажам так, даволі дзіўная. Напэўна, ім так прасцей. Але ў кожнага сваё права выбару. Ёсць жа дзейныя спартоўцы, якія праз пазіцыю страцілі працу, аднак ад сваіх слоў усё роўна не адмовіліся.
— Але ж, напрыклад, Любоў Чаркашына нагадвала мне чалавека з моцным унутраным стрыжнем, і, нягледзячы на ейную працу ў Нацыянальным алімпійскім камітэце, думаў, што яна заўважыць беззаконне на вуліцах і не падтрымае Лукашэнку.
— Не пагаджуся. Для мяне гэта было даволі чакана.
— Чаму?
— Непрыгожа іх абмяркоўваць… Але мне здаецца, ім так камфортна. Вядомыя гімнасткі заканчваюць кар’еру, універсітэт, пачынаюць трэніраваць. У адрозненне ад звычайных трэнераў, многім з іх даюць магчымасць працаваць ужо з даволі таленавітымі дзецьмі, і з нуля пачынаць не трэба. Ты ідзеш спакойна па ўжо пратаптанай сцяжыне, і навошта табе нешта мяняць? Дзеля гэтага прыйдзецца напружвацца. Безумоўна, можна пазіцыянаваць сябе як заўгодна, але пры гэтым усё роўна кіравацца па жыцці па камфортнай сцяжыне. Але, можа, я памыляюся.
Чытайце таксама. Любоў Чаркашына: Я чытаю Оруэла і была даверанай асобай Лукашэнкі. Адно другому не пярэчыць — вялікая гутарка
— Яшчэ перад выбарамі ў сваім інстаграме твая былая напарніца па зборнай Ксенія Санковіч расказала, якой цудоўнай за гэтыя 26 гадоў стала наша краіна. У верасні ты сказала, што, нягледзячы на гэты допіс, стаўленне да яе не змяніла…
— Так, але на той момант яна яшчэ не падпісвала ніякіх лістоў. У кожнага чалавека ёсць свой погляд, і нікому не забараняецца, каб ягоны пункт гледжання адрозніваўся ад твайго. Цяпер ейны подпіс стаіць пад лістом у падтрымку Лукашэнкі. Гэта сумна. Але з Ксюшай на тэму палітыкі я не размаўляла і наогул не ведаю, як складваецца ейнае жыццё. Як казала раней, з многімі гімнасткамі я даўно не кантактую.
— Ці можа подпіс за Лукашэнку так змяніць тваё стаўленне да чалавека, што пастараешся мінімізаваць з ім кантакты?
— Напэўна, калі б гэта зрабіў мой блізкі чалавек, то падобнае стала б для мяне ўдарам, і перажыць такое мне было б складана. Не ведаю нават, як дзейнічала б. Напэўна, спачатку праз дыялог паспрабавала б зразумець, што адбылося. Але калі б усвядоміла, што ён падтрымлівае гвалт, то якія тут могуць быць размовы. Гэта было б непрымальна.
— Дарэчы, пра дыялог. Як думаеш, праз яго з уладай можна нешта вырашыць?
— Можна, але мы дыялог не назіраем. Я назіраю, што народ усімі сіламі спрабуе паказаць, што ён нязгодны, а ўлада працягвае жыць у сваім ідэальным свеце. І спрабуе зрабіць усё, каб працягваць у ім існаваць. Аднак гэта ж не дыялог, а размова са сцяной. Альбо не вельмі прыемны маналог улады.
— За перанос чэмпіянату свету па хакеі з Беларусі выступіў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці, на гэтую тэму выказваліся прадстаўнікі Свабоднага аб’яднання спартоўцаў, да якога ты належыш. І пасля адмовы праводзіць матчы ў Мінску прапагандысты і праўладныя спартыўныя функцыянеры назвалі сваіх апанентаў у гэтым пытанні здраднікамі, тымі, хто забраў у дзяцей свята. Што можаш ім адказаць?
— Мяне вельмі весяліць перакладванне адказнасці з сябе на кагосьці іншага. Мяркую, камусьці трэба проста паглядзець у люстэрка, схадзіць да псіхолага, а камусьці, магчыма, да псіхіятра, папрацаваць над сабой і звярнуць увагу на сваю зону адказнасці. Бо тое, што яны перакідваюць з аднаго на другога, не робіць іх лепей. А абвінавачванні, што ў Беларусі забралі свята… Думаю, нікому не трэба тлумачыць, хто насамрэч забраў свята ў гэтай краіны. І гэта далёка не Грынч.
— Ці будзеш на сёлетняй Алімпіядзе заўзець за спартоўцаў, якія падтрымалі подпісамі ўладу?
— Я і дагэтуль не паспявала сачыць за ўсімі відамі спорту, таму не думаю, што і гэтым разам будзе час актыўна сачыць за спаборніцтвамі. Тым больш цяпер, калі галоўнае не спорт, а проста выжыць. Як мне падаецца, наш гандбаліст Косця Якаўлеў неяк сказаў, што цяпер спорт беларусам наогул не асабліва цікавы. Ён многіх цікавіць толькі ў тым кантэксце, што ёсць спартоўцы, якія выступаюць супраць гвалту. А глядзець спаборніцтвы… Цяпер пастаянна сочыш за навінамі, знаходзішся ў стане латэнтнай трывожнасці, і табе проста не да гэтага, калі хочаш забяспечыць свае звычайныя базавыя патрабаванні ў той жа бяспецы, якой у нас няма. Але нягледзячы на гэта, на Алімпіядзе буду падтрымліваць лучнікаў, з якімі працавала ў зборнай. Усё ж такі рабілі разам, і мне хацелася б, каб у іх усё атрымалася.
— Ты ўжо больш за месяц беспрацоўная. Чым плануеш займацца ў найбліжэйшай будучыні?
— Добрае пытанне. Відавочна, што спартыўным псіхолагам мяне на працу ў нацыянальныя каманды ўжо не возьмуць. Таму буду спрабаваць альбо афармляць на сябе ІП і праводзіць прыватныя кансультацыі, альбо пачынаць праводзіць заняткі па стрэтчынгу, што рабіла раней. Калі б не каранавірус, магчыма, паехала б працаваць за мяжу ў якасці трэнера па мастацкай гімнастыцы. Трэба ж грошы зарабляць. Тым больш так ужо працавала раней. А можа, прыйдзецца трэцюю прафесію асвоіць. Але пакуль я без працы, а з’язджаць з Беларусі мне ўсё ж такі не хацелася б.