Італьянскі забудоўшчык разбірае краны і сыходзіць, амбіцыйная будоўля «Газпрам-цэнтра» прыпыненая
23.02.2021 / 16:33
Мы ўжо згадвалі драматычнае ўзвядзенне «Газпрам-цэнтра» ў Мінску, якім займаецца «Газпрам Трансгаз Беларусь».
Будоўля пачалася ў 2013 годзе на месцы спецыяльна знесенага для гэтага аўтавакзала «Маскоўскі».
Чакалася, што ўжо ў 2020-м «Газпрам-цэнтр» стане самым высокім з функцыянуючых будынкаў сталіцы, але рэальныя вынікі 7 год работы абмежаваны фундаментам і невялікім каркасам пары ніжніх паверхаў.
Чытайце: «Газпрам» будзе прасіць Лукашэнку працягнуць будаўніцтва «Газпрам-цэнтра» да канца 2024. А здаць меліся сёлета
Выглядае, на дадзены момант будоўля ўвогуле спынена.
Як вядома «Нашай Ніве», з будоўлі са скандалам сыходзіць генеральны падрадчык, італьянская фірма Codest.
Ужо візуальна бачна, як забудоўшчык згортвае дзейнасць: будаўнічых кранаў засталося ўсяго два, і іх чакае лёс іншых — забудоўшчык разбірае іх і звозіць, бо плаціць за арэнду такой дарагой тэхнікі няма сэнсу, калі нічога не робіцца.
Рабочых на ўзвядзенні комплексу не відаць.
Як нам вядома, персанал італьянцы пераводзяць на аб'екты кампаніі ў Расіі і на будоўлю на вуліцы Янкі Купалы, дзе на месцы былой ВДНГ узводзіцца гатэль.
Ясна таксама, што і паміж іншымі выканаўцамі, замоўцамі і кантралёрамі назбіраліся крытычныя непаразуменні: нам вядома аб непрацягненні кантракта з інжынернай кампаніяй, аб пэўных супярэчнасцях з праектным інстытутам.
Атрымаць аператыўны каментар ад прэс-сакратара «Газпрам Трансгаз Беларусь» не ўдалося, таму што, як патлумачылі ў офісе, ён працуе дыстанцыйна, а на сайце пры гэтым указаны гарадскі офісны тэлефон.
Нам абяцалі праясніць лёс будоўлі пазней.