Сталі вяртацца першыя пералётныя птушкі

У Бярозаўскім раёне заўважылі першых шэрых гусей і чыбісаў, а ля Гродна — гусей.

24.02.2021 / 08:37

«Нягледзячы на марозную і снежную зіму, на поўдні і захадзе краіны ўжо заўважылі першых птушак-мігрантаў. У параўнанні з мінулым годам, калі зіма была цёплай і практычна бясснежнай, птушкі пачалі вяртацца да нас прыкладна на тры тыдні пазней», — адзначае «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Шэрых гусей бачылі і над Гроднам: яны ляцелі ўздоўж Нёмана ў бок Літвы. А пад Брэстам заўважылі палявых жаўрукоў.

«Гэта так званыя блізкія мігранты, якія зімуюць у Паўднёвай, Заходняй і нават Цэнтральнай Еўропе. Часткова такія птушкі застаюцца зімаваць і ў нас. Сярод такіх птушак шэрыя і вялікія белыя чаплі, вялікія бакланы, лысухі, пастушкі, чаротніцы, чорныя дразды, звычайныя канюкі, валавокі і зімародкі», — адзначылі ў грамадскай арганізацыі.

Напрыклад, шпакі, якія да нядаўняга часу лічыліся вестунамі вясны, нават у гэтым годзе назіраліся падчас зімоўкі амаль па ўсёй Беларусі.

 «А кнігаўкі зімуюць у Заходняй Еўропе, таму няма сумненняў, што мы бачым пералётных птушак», — дадалі ў АПБ.