Інспектары ДАІ ў Бабруйскім раёне ўбачылі дом у агні і паспелі выцягнуць з яго гаспадара

Здарэнне адбылося позна ўвечары 24 лютага. Там нарад ДАІ патруляваў дарогу Мінск — Гомель і заўважыў пажар у вёсцы Забалоцце, паведамляе прэс-служба МУС.

26.02.2021 / 14:50

Міліцыянты адразу накіраваліся да месца. Каля дома ў агні мітусілася і прасіла аб дапамозе жанчына: унутры знаходзіўся 62-гадовы муж. Пачаліся яго пошукі.

На ахопленай агнём верандзе інспектары ўбачылі газавы балон і аднеслі яго ў бяспечнае месца. Гаспадара выявілі ў пакоі: выбілі шыбу і разам з суседзямі фактычна навобмацак выцягнулі на вуліцу.

Да прыбыцця ратавальнікаў афіцэры аказалі яму першую медыцынскую дапамогу.

Nashaniva.com