Да 1 года і 8 месяцаў калоніі. Брэсцкія пракуроры запрасілі пакаранне для другой дзясяткі па «справе карагодаў»

У судзе Ленінскага раёна Брэста працягваецца разгляд крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел 13 верасня ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава, калі пратэстоўцы былі разагнаныя вадамётам. Справу разглядае суддзя Дзмітрый Шурын. На лаве падсудных цяпер — дзесяць чалавек. Гэта ўжо другая «партыя» абвінавачаных. Колькасць абвінавачаных дасягае паўсотні — гэта адна з самых масавых «палітычных спраў» у Беларусі. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваюць пракуроры Юшчук і Ляшок. 1 сакавіка пракуроры запатрабавалі ў суда пакаранне для абвінавачаных, паведамляе spring96.org.

02.03.2021 / 11:05

Пракуратура палічыла даказанай віну васьмі чалавек па ч. 1 арт. 342 КК і папрасіла прызначыць наступныя пакаранні:

Прысуд для гэтых абвінавачаных будзе абвешчаны 15 сакавіка ў 11:00. Для двух абвінавачаных (Валянціны Жукоўскай і Сяргея Наліўкі) прысуд будзе вынесены пазней.

У чым іх абвінавачваюць?

Паводле абвінавачвання, кожны з 10 падсудных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Пацярпелым бокам у справе выступае КУТП «Тралейбусны парк» і ААТ «Брэсцкі Аўтобусны парк».

Што з астатнімі фігурантамі справы?

Cуд Ленінскага раёна Брэста 25 лютага вынес першыя прысуды па крымінальнай «справе карагодаў». Суддзя Святаслаў Каліна асудзіў першую дзясятку — да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу:

Праваабаронцам «Вясны» вядома, што двух берасцейцаў па «справе карагодаў» 9 лютага пасля выкліку ў Следчы камітэт змясцілі ў СІЗА. Гаворка ідзе пра Рамана Яхіна і Арсенія Сіняка. На дадзены момант гэта адзіныя затрыманыя абвінавачаныя па гэтай справе. Марыну Глазаву, якую ўтрымлівалі ў СІЗА два месяцы, перавялі пад хатні арышт. У адносінах да астатніх абвінавачаных выбраныя меры стрымання, не звязаныя з пазбаўленнем волі.

Таксама завершана папярэдняе следства па «трэцяй» партыі. У гэты раз абвінавачаных адзінаццаць чалавек: 63-гадовая актывістка Алена Гнаук, Алена і Вікторыя Лысковічы, Юрый Чубрык, Даніла Чамаданаў, Віктар Лобка, Васіль Чарнецкі, Кірыл Луда, Радзівон Кандрацюк, Уладзіслаў Навіцкі, Людміла Луцкая. Хутка над імі таксама адбудуцца суды.