Што адбываецца з «Байполам»? Чаму аб’яднанне пакінуў яго сузаснавальнік?
дапоўнена
Самыя розныя чуткі апошнім часам даходзяць са стану «Байпола» (BYPOL).
02.03.2021 / 12:36
Гэтае аб’яднанне ўтварылі былыя супрацоўнікі розных сілавых ведамстваў, якія сышлі з працы пасля жнівеньскіх падзей. «Наша Ніва» паспрабавала разабрацца, што цяпер робіцца ўнутры гэтай суполкі.
Сустрэча Святланы Ціханоўскай у Варшаве з былымі сілавікамі, якія заснавалі BYPOL. Другі злева — Андрэй Астаповіч.
«Байпол» быў заснаваны напрыканцы кастрычніка 2020 года, калі лідар апазіцыі Святлана Ціханоўская ў Варшаве сустрэлася з былымі сілавікамі. Утварэнне праславілася выдатнымі расследаваннямі, як было са смерцю Рамана Бандарэнкі, а таксама многімі злітымі тэлефоннымі размовамі высокіх чыноўнікаў і эксклюзіўнымі відэа.
Увесь гэты час медыйным тварам кампаніі быў 27-гадовы экс-следчы Андрэй Астаповіч, які меў пяцігадовы досвед працы ў СК. Калі пачаліся выбары, то Астаповіч спачатку ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а пасля напісаў рапарт аб звальненні з органаў.
У нядаўнім інтэрв’ю «Медузе» Астаповіч расказваў, як выехаў у Расію ў спадзяванні адтуль адправіцца ў Латвію. Аднак у Пскове яго затрымалі расійскія сілавікі і з мяшком на галаве адвезлі да мяжы з Беларуссю, дзе выпусцілі. Астаповіч запэўнівае, што пасля гэтага на працягу двух тыднях хаваўся ў лясах, а мяжу з адной з краін ЕС перасякаў, пераплываючы раку.
Андрэй Астаповіч. Фота «Настоящее время».
Апроч сваёй працы ў «Байполе», Астаповіч займаў пасаду ў НАУ Паўла Латушкі, адказваў за супрацоўніцтва гэтых утварэнняў. Аднак некалькі дзён таму імя Астаповіча знікла са спісу прадстаўнікоў НАУ. Гэта і стала нагодай пацікавіцца, што за гэтым стаіць.
Атрымаць афіцыйныя каментары хоць ад аднаго з бакоў не атрымалася. Кожны абяцаў патлумачыць сітуацыю на працягу панядзелка, але на стан 12:00 аўторка ніхто так і не пажадаў выказацца. Здавалася б, НАУ, «Байпол» і сам Андрэй Астаповіч выступаюць за прынцыпы празрыстасці і галоснасці, аднак у крызісных сітуацыях паводзяць сябе падобна да лукашэнкаўскіх бюракратаў. І гэта, вядома, засмучае.
«Наша Ніва» з некалькіх крыніц усё ж змагла высветліць падрабязнасці. Аказваецца, прыкладна тыдзень таму Андрэй Астаповіч быў выключаны з шэрагаў «Байпола». Пасля гэтага кіраўніцтва «Байпола» запатрабавала выдалення былога следчага з сайта НАУ. Маўляў, ён ужо нікога не прадстаўляе.
«Мы не з’яўляемся часткай нейкай палiтычнай сiлы. I знаходжанне на сайце НАУ нашага прадстаўнiка ўводзiла людзей у зман, бо мы не з’яўлялiся часткай НАУ», — сцісла адказалі «Нашай Ніве» ў «Байполе». Пытанні аб выключэнні Астаповіча з шэрагаў арганізацыі былі пакінутыя без адказу.
Наколькі вядома «НН», супярэчнасці між Астаповічам і «Байполам» адбыліся на глебе далейшай будучыні аб’яднання. Не так даўно Святлана Ціханоўская абвясціла аб стварэнні Сітуацыйна-аналітычнага цэнтра на базе «Байпола». У задачах гэтага цэнтра будзе стратэгічнае планаванне і распрацоўка тактычных дзеянняў па ўзнаўленні ў Беларусі законнасці і правапарадку, збор і аналіз аператыўна-значнай інфармацыі, у тым ліку аб пратэснай актыўнасці; каардынацыя дзеянняў актыўных груп.
«Мы не ствараем новую арганізацыю, а хочам аб'яднаць усіх нас у адзіную згуртаваную каманду, праца ў якой будзе будавацца на аснове наяўнага ў сябраў «Байпола» прафесійнага досведу і спецыяльных ведаў. Наша задача — правесці свайго роду пераклічку нашых шэрагаў, структураваць агульныя намаганні і павысіць эфектыўнасць нашых дзеянняў па вяртанні ўлады ў Беларусі яе народу», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве «Байпола».
Нібыта менавіта Астаповіч быў супраць таго, каб «Байпол» ператвараўся ў палітычную арганізацыю і далучаўся ў працы да штаба Ціханоўскай. Гэта і стала прычынай канфлікту.
Што тычыцца супрацы з НАУ, то Астаповіч яе працягне. У бліжэйшыя дні будзе абвешчана аб яго новым праекце. Хутчэй за ўсё, гэта будзе новае ўтварэнне сілавікоў, якія пакінулі працу і з’ехалі з краіны пасля выбараў.
Пазней «Байпол» у сваім тэлеграм-канале адрэагаваў на публікацыю.
— расколу ў «Байпол» не было і няма, ініцыятыва працуе ў штатным рэжыме;
— удзельнікі «Байпол» звязаны пісьмовымі дагаворнымі абавязацельствамі аб невыдаванні даных, што выключае магчымасць якіх-небудзь каментароў адносна ўнутранага ўстройства ініцыятывы;
— гэтымі ж дагаворнымі абавязацельствамі членам ініцыятывы забаронена быць удзельнікамі якіх-небудзь праектаў, прама ці ўскосна дублюючых дзейнасць «Байпол», у тым ліку ў выпадку выхаду з шэрагаў Байпол».
Арганізацыя заяўляе, што мэтай укіду з'яўляецца раз'яднанне і дэмаралізацыя беларусаў і заклікае не паддавайца на правакацыі.