«Байпол» і былы прэс-сакратар «Байпола» пракаментавалі падзеі вакол арганізацыі
Пасля з’яўлення публікацыі на сайце «Нашай Нівы» пад загалоўкам «Што адбываецца з «Байполам»? Чаму аб’яднанне пакінуў яго заснавальнік?» нарэшце з'явіліся афіцыйныя каментары.
02.03.2021 / 16:05
Андрэй Астаповіч, фота Reform.by.
На вялікі жаль, калі рыхтаваўся папярэдні артыкул, то каментары адмовіліся даваць як прадстаўнікі «Байпола» і НАУ, гэтак і асабіста Андрэй Астаповіч. Аднак пасля з’яўлення публікацыі «НН» яны былі вымушаныя рэагаваць.
«Байпол» назваў інфармацыю «недакладнай», хаця так і не ўдакладніў у чым менавіта. «НН» не называла падзеі ў «Байполе» расколам, толькі канстатавалі, што аб’яднанне былых сілавікоў пакінуў адзін з заснавальнікаў і твар кампаніі Андрэй Астаповіч.
«Удзельнікі BYPOL звязаны пісьмовымі дамоўнымі абавязаннямі пра неразгалошванне звестак, што выключае магчымасць якіх-небудзь каментароў адносна ўнутранай працы ініцыятывы», — гаворыцца ў заяве.
«Гэтымі ж дамоўнымі абавязаннямі сябрам ініцыятывы забаронена быць удзельнікамі якіх-небудзь праектаў, якія прама ці ўскосна дублююць дзейнасць BYPOL, у тым ліку ў выпадку выхаду з шэрагаў BYPOL», — незразумела, ці тут ужо ідзе гаворка пра Астаповіча альбо не.
Сваю заяву адносна апошняй сітуацыі зрабіў былы прэс-сакратар «Байпола» Яўген Мядзведзеў.
«Я ўзначаліў аддзел PR у снежні 2020 года. За паўтара месяца нам атрымалася пераўтварыць «Байпол» у пазнавальны брэнд, пра які гавораць у Беларусі і Расіі, які шальмуюць у дзяржаўнай прапагандзе, якога баяцца беларускія ўлады. Два тыдні таму, скончыўшы раскрутку «Байпол», я заняўся іншым кірункам: эканамічныя расследаванні. Цяпер мая каманда расследуе факты кантрабанды цыгарэт, вугля, нафты і зброі «кашалькамі Лукашэнкі».
Наколькі мне вядома, каманда «Байпол» працягвае працу расследаванняў у сферы праваахоўных органаў, Андрэй Астаповіч па-ранейшаму на сувязі з былымі калегамі. Аднак адным «Байполам» павестка па сілавіках не абмяжоўваецца: апроч іх, таксама працуе незалежная каманда па расследаванні ў эканамічнай сферы, па рэформе ОУС пры НАУ, «Беларускі народны трыбунал». У найбліжэйшы час усе ўказаныя адзначацца громкімі расследаваннямі».
Як бачым, Мядзведзеў таксама піша пра Андрэя Астаповіча і «былых калег». Таму інфармацыя пра далейшы няўдзел заснавальніка арганізацыі ў працы «Байпола» пацвярджаецца.