У Брэсце затрыманы актывіст прафсаюза Аляксандр Казлянка

Дома ў яго правялі ператрус, забралі аргтэхніку. Брат Аляксандра паведаміў, што паўтаралі нешта пра наркотыкі, піша «Першы рэгіён».

02.03.2021 / 17:37

Каля 9-й гадзіны раніцы сілавікі прыбылі дадому да жыхара Брэста Аляксандра Казлянкі. Пра гэта паведаміў брэсцкі лідар Свабоднага прафсаюза Беларускага Валянцін Лазарэнкаў. Сябрам гэтага прафсаюза з'яўляецца Казлянка.

«Гучалі нейкія падазрэнні ў захоўванні або распаўсюдзе наркотыкаў. Для мяне гэта абсурдна, я ведаю Аляксандра як чалавека, які не паліць, не п'е, выступае за здаровы лад жыцця», — кажа Валянцін Лазарэнкаў.

Брат Аляксандра Дзмітрый распавёў Лазарэнкаву, што затрымлівалі даволі жорстка. Дзмітрыя паклалі на падлогу тварам уніз.

«Затрыманне адбывалася на вачах у маці і бацькі, па словах Дзмітрыя, бацька ледзь прытомнасць не страціў», — кажа Валянцін Лазарэнкаў.

У Аляксандра Казлянкі дома канфіскавалі аргтэхніку, тэлефоны. Куды яго адвезлі, пакуль што не вядома.

За апошнія гады, кажа Валянцін Лазарэнкаў, Аляксандра не раз затрымлівалі. Ён прытрымліваецца анархічных поглядаў.