У Беларусь прыйшоў новы штам каранавіруса — «брытанскі». Ён больш заразны
У Беларусі выяўлена некалькі першых выпадкаў інфікавання брытанскім штамам COVID-19. Ён лічыцца больш заразным.
11.03.2021 / 10:48
Гэта пацвердзілі даследаванні спецыялістаў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, паведамляе Мінздароўя ў сваім тэлеграм-канале.
Як распавяла загадчыца лабараторыі Алена Гасіч, у РНПЦ пастаянна праводзяцца даследаванні па генатыпаванні і вызначэнні мутацый віруса SARS-CoV-2, які цыркулюе або завозіцца на тэрыторыю краіны.
Першыя ўзоры брытанскага штама беларускія спецыялісты знайшлі ў людзей, якія прыбылі з-за мяжы — Польшча, Украіна, Егіпет. Яшчэ некалькі станоўчых узораў атрымана ў людзей, інфікаваных на тэрыторыі краіны.
Як адзначыла Алена Гасіч, «ва ўзорах выяўлена дэлецыя ў 69 і 70 пазіцыях S гена бялка, характэрная для «брытанскага» варыянту віруса. Вынікі дадатковага секвенавання ўчастка гена S бялка ў 4 пробах паказалі наяўнасць амінакіслотных замен у пазіцыях N501Y, A570D, D614G, што таксама характэрна для «брытанскага» варыянту віруса.
Для пацверджання цыркуляцыі на тэрыторыі Беларусі варыянтаў SARS-CoV-2 з адным узорам праведзена паўнагеномнае секвенаванне, вынікі аналізу якога ў праграме GISAID паказалі прыналежнасць доследнага геному да «брытанскага» варыянту».