Кіраўнік НАН Беларусі назваў фэйкамі чуткі аб павышэнні радыяцыйнага фону каля АЭС

Уладзімір Гусакоў абверг інфармацыю аб павышэнні радыяцыі ў раёне БелАЭС. «Гэта проста фэйкі», — заявіў ён на прэс-канферэнцыі ў Менску ў чацвер, піша «Інтэрфакс».

11.03.2021 / 15:02

Гусакоў запэўніў, што распаўсюджаная ў інтэрнэце інфармацыя пра нібыта перавышэнне радыяцыйнага фону ў раёне БелАЭС, не адпавядае рэчаіснасці.

«Ніякія збоі на станцыі не адбываюцца. Адбываюцца планавыя спыненні, адпрацоўваюцца розныя рэжымы працы. Таму станцыя працуе ва ўстаноўленым нармальным рэжыме», — запэўніў кіраўнік НАН Беларусі.

Ён таксама запэўніў, што Акадэмія навук забяспечвае поўнае суправаджэнне работ на БелАЭС ад пуску першага энергаблока.