Анастасію Перавошчыкаву з Гомеля, якая асуджана на 105 сутак, пакінулі за кратамі

Суддзя Васіль Бягун пакінуў у сіле адно з рашэнняў аб 15-дзённым арышце. Усяго жыхарку Гомеля судзілі сем разоў, і кожны раз ёй давалі 15 сутак, нагадвае Радыё Свабода.

17.03.2021 / 11:37

17 сакавіка суд разглядаў скаргу на рашэнне суда Навабеліцкага раёна ад 18 лютага. Жанчына палічыла пастанову аб арышце на 15 сутак незаконнай і нематываванай, бо ў часе судовага разгляду не былі знойдзены доказы яе віны — удзелу ў несанкцыянаваным пікеце. Да справы далучылі здымкі. На іх былі два бел-чырвона-белыя сцягі і людзі за імі.

Але на здымку не відаць ані твараў, ані фігур людзей. У пратаколе міліцыі і пастанове суда не абгрунтавалі віну Анастасіі: што менавіта яна зрабіла, у чым выражаўся яе ўдзел у пікеце. Жыхарка Гомеля прасіла адмяніць пастанову раённага суда.

Суддзя Васіль Бягун пакінуў пастанову суда без змен, а скаргу не задаволіў.