У Следчы камітэт на допыт выклікалі праваабаронцу Андрэя Палуду

На допыт у Следчы камітэт 19 сакавіка выкліканы яшчэ адзін сябра пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна» Андрэй Палуда, паведамляе spring96.org.

19.03.2021 / 08:23

Допыты праводзяцца ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса — навучанне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Андрэй Палуда, які працуе ў «Вясне» з 2007 года, найперш вядомы як каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі», прызнаны эксперт у гэтым кірунку як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні. Ён таксама спрычыніўся да адукацыйных праграм школ па правах чалавека розных узроўняў.

Амаль на працягу цэлага тыдня праваабаронцаў і валанцёраў з розных гарадоў Беларусі следчыя выклікаюць на допыты. Вядомы дзясятак такіх выпадкаў. Выклік Андрэя Палуды, відаць, далёка не апошні ў ланцугу масавага пераследу праваабаронцаў.