ЕC і ЗША падтрымалі ініцыятыву беларускай апазіцыі правесці выбары ў 2021 годзе.

Пра гэта заявілі на Форуме Кастуся Каліноўскага ў Вільні.

22.03.2021 / 16:28

Ілюстрацыйнае фота Надзеі Бужан

«На мінулым тыдні офіс Святланы Ціханоўскай прапанаваў людзям прагаласаваць за перамовы апазіцыі з рэжымам Лукашэнкі пры міжнародным пасярэдніцтве і пошук платформы для правядзення выбараў у гэтым, а не ў 2022 годзе. ЗША падтрымліваюць гэтую ініцыятыву», — заявіла пасол ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр на форуме Кастуся Каліноўскага ў Вільні ў панядзелак. Яго трансляцыя вялася ў YouTube, піша Інтэрфакс.

Пасол Еўрасаюза ў Беларусі Дзірк Шубель таксама заявіў аб падтрымцы ініцыятывы. Перамовы, лічыць ён, «павінны прывесці да свабодных дэмакратычных выбараў сёлета, як Джулі (Фішэр) сказала — не пазней. І з шырокім міжнародным назіраннем», — сказаў ён.

Акрамя таго, на форуме Каліноўскага паказалі відэазварот кіраўніка дыпламатыі ЕС Жазэпа Барэля.

«Мы гатовыя ўвесці больш санкцый, персанальных і ў дачыненні да структур, адказных за фальсіфікацыю выбараў і парушэнне правоў чалавека. Мы гатовыя ўвесці больш санкцый у выпадку адсутнасці якіх-небудзь паляпшэнняў», — адзначыў ён.

Па словах Барэля, ЕС правёў поўную рэвізію адносін з Беларуссю, спыніў палітычныя кантакты і прамое фінансаванне уладаў.

У той жа час кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі заявіў, што «сапраўдны інклюзіўны дыялог — гэта адзіны шлях для забеспячэння мірнага ўрэгулявання цяперашняга крызісу». «І мы гатовыя падтрымаць гэты працэс», — запэўніў Барэль.