Жонка Статкевіча: Калі чалавека асудзілі, ніякіх больш яму пасылак — толькі грашовыя пераводы і лісты
Усё, што Вы хочаце даслаць/перадаць з рэчаў, прадуктаў — толькі праз сваякоў!
22.03.2021 / 17:20
фота Надзеі Бужан
«Вырашыла яшчэ раз напісаць пра тое, што лічу важным, — піша ў сябе ў фэйсбуку жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч. — Прайшло ўжо некалькі соцень судоў і ўсё больш і больш сумленных людзей чакаюць этапа ці адпраўляюцца па этапе ў калоніі. І вось тут — увага!!! — мяняецца ўсё!
Якім бы вялікім ні было Ваша спачуванне, салідарнасць і жаданне дапамагаць, якія б цёплыя ні склаліся ў вас стасункі, пакуль чалавек быў у СІЗА (да ўступлення прысуду ў сілу, то-бок, у большасці выпадкаў, да дня разгляду апеляцыі), якія б цёплыя і мілыя перадачы, пасылкі і бандэролькі Вы яму дагэтуль ні адпраўлялі, з гэтага моманту ў Вас застаюцца ТОЛЬКІ ЛІСТЫ І ПАШТОВЫЯ ПЕРАВОДЫ.
Ніякіх пасылак, перадач ці бандэролек! Усё, што Вы хочаце даслаць/перадаць з рэчаў, прадуктаў — толькі праз сваякоў!
Па-першае, перадачы асуджаным прымаюць толькі ад сваякоў (ад несваякоў — толькі з адмысловага пісьмовага дазволу начальніка калоніі/турмы).
Па-другое, у зняволенага ад 4-х да 1-й пасылкі ці перадачы на год. Вага вызначаецца спосабам дастаўкі: перадача — да 30 кг (затое, перадаць можна і зеляніну, і гародніну); пасылка — да 50 кг (але тое, што не сапсуецца).
У выніку Ваша цудоўнае і зразумелае жаданне даслаць нешта прыемнае можа пазбавіць чалавека неабходнага на доўгія месяцы, а блізкіх — горкай радасці ўкласці і перадаць крышку любові і клопату.
Пасылку, у лепшым выпадку, Вам вернуць; у горшым — могуць залічыць за «дазволеную» па распараджэнні начальніка і як спосаб «насаліць» палітычнаму, асабліва, калі пасылка маленькая.
(У гэтую ж пастку трапляюць і сваякі пасля апеляцыі, звыкла прыцягнуўшы перадачку 5—7 кг у СІЗА).
Таму, калі Вы хочаце падтрымаць чалавека, абавязкова (!) звязвайцеся з роднымі. Лепш ім дапамагчы сабраць пасылку, дадаць свой грашовы ці іншы абумоўлены ўнёсак, напрыклад: кілбасой, салам, кавай, — ці дапамагчы давезці і адправіць яе, бо гэта вялізарныя затраты і цяжар.
Ну, і ёсць выпадак, калі ў чалавека няма блізкіх. Тады любы можа паспрабаваць стаць добрым Анёлам. Для гэтага трэба мець цвёрдае жаданне дапамагаць, (лепш, калі збіраюцца некалькі чалавек) і ўзаемныя заявы ад Вас і вязня на імя начальніка з просьбай прымаць ад Вас перадачы для Х., а ад Х. з просьбай дазволіць перадачы для яго ад У. Не факт, што дазволяць, але спрабаваць трэба.
P.S. Гэта цуд, якімі выявіліся Беларусы, калі паток перамен змыў усю шалупень і бруд апошніх дзесяцігоддзяў! Не згубіць бы! Дзякуй, дарагія!» — узнёсла завяршае свой зварот Марына Адамовіч.