Лідару сацыял-дэмакратаў Ігару Барысаву далі 15 сутак за «непадпарадкаванне»

22 сакавіка ў судзе Партызанскага раёну Менска асудзілі старшыню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава. Нібыта ён не падпарадкаваўся «законнаму патрабаваньню службовай асобы», піша Радыё Свабода.

22.03.2021 / 19:18

Вырак агучыў судзьдзя Міхаіл Макарэвіч: 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Да апошняга не было вядома, за што менавіта ў нядзелю затрымалі Ігара Барысава. БСДП (Грамада) фігуруе ў ліку заяўнікаў Дня Волі 25 сакавіка, аднак дакумэнты ў Менгарвыканкам падаваў намесьнік старшыні партыі Аляксей Сігаеў.

Пазьней жонцы Ігара Алене Барысавай паведамілі, што мужа абвінавацілі ў «непадпарадкаваньні службовай асобе». Нюансы здарэньня пры гэтым не ўдакладнілі.

Ігара Барысава схапілі 21 сакавіка, калі той ехаў зь сям’ёй у краму. Людзі ў цывільным у чорных масках затрымалі яго на вачах у жонкі і 4-гадовага дзіцяці, літаральна выцягнулі з машыны.

Палітыка даставілі спачатку ў Партызанскае РУУС Мінска, а затым у цэнтар ізаляцыі на Акрэсьціна.

Nashaniva.com