«Абсалютна не згодныя»: Крэмль пракаментаваў словы Макрона пра новы тып сусветнай вайны

Расійскія ўлады «абсалютна не згодныя» з тым, што Расія і Кітай вядуць «нейкую вайну» або выкарыстоўваюць тэму вакцын ад каранавіруса як інструмент уплыву, сказаў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

26.03.2021 / 13:27

Журналісты папрасілі яго пракаментаваць словы прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона пра пагрозу «сусветнай вайны новага тыпу» праз дзеянні Масквы і Пекіна ў вобласці вакцын, піша РБК.

Пяскоў сказаў, што Масква высока цэніць «даверны дыялог паміж Макронам і Пуціным», а таксама гатоўнасць і жаданне французскага лідара «самыя складаныя пытанні абмяркоўваць у рамках гэтага дыялогу».

Але словы Макрона пра вайну і вакцыны «адносяцца да сферы нашых абсалютных рознагалоссяў», дадаў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі.

«Мы абсалютна не згодныя з тым, што Расія ці Кітай вядуць нейкую вайну ці выкарыстоўваюць вакцынную праблематыку ў якасці інструмента ўплыву», — адзначыў ён.

Nashaniva.com