Пракрастынацыя перад сном: што гэта такое і як з ёй змагацца

Ці прыходзілася вам позна класціся спаць па прычынах, не вартых таго? Напрыклад, таму што вы без мэты сядзелі ў інтэрнэце або глядзелі серыялы? Зараз гэта не рэдкая з’ява, у яе нават ёсць назва — пракрастынацыя перад сном.

31.03.2021 / 23:12

Фота Depositphotos.com

Справа ў тым, што такі тып пракрастынацыі ўласцівы занятым людзям, у якіх мала вольнага часу. Таму яны ахвяруюць часткай сну, каб трохі адпачыць. Падчас пандэміі пракрастынацыя перад сном стала сустракацца нашмат часцей, і гэта цалкам зразумела. Мы адчуваем стомленасць і выгаранне ад стрэсавых падзей, таму спрабуем увечары вярнуць сабе трохі вольнага часу, тлумачыць The Huffpost.

Але такія паводзіны маюць дрэнныя наступствы для здароўя. Пракрастынацыя перад сном можа выклікаць хранічны недасып, які зробіць больш цяжкім ранішні пад’ём і прымусіць вас адчуваць дрымотнасць на працягу дня.

Кароткатэрміновыя наступствы хранічнага недасыпу — дрэнны настрой і цяжкасці з памяццю. У доўгатэрміновай перспектыве недасып можа выклікаць атлусценне, дыябет, праблемы з сэрцам і разлады настрою. Нарэшце, хранічны недасып звязваюць з павышанай смяротнасцю.

Дык што ж рабіць з гэтай шкоднай звычкай? Вось некалькі рэкамендацый.

Ёсць звесткі, што кароткі сон падчас працоўнага дня можа дапамагчы ў змаганні з пракрастынацыяй перад сном. Каб метад сапраўды спрацаваў, трэба дазволіць сабе 15-20 хвілін сну да 2 гадзін дня. Каб не перавышаць колькасць дзённага адпачынку, пастаўце будзільнік.

Змена асвятлення можа дапамагчы мозгу зразумець, што ўжо час адпачываць. Гэта працуе і з наладамі на тэлефоне. Пашукайце адмысловыя дадаткі, якія пераключаюць падсветку на тэлефоне ў начны рэжым, які вылучае менш шкоднага блакітнага святла.

Гэта можа быць спіс спраў на заўтра, вашы думкі ці адчуванні за дзень або выказванне ўдзячнасці за нешта. Такія дзеянні дапамагаюць нам пераапрацаваць у думках падзеі дня.

Выберыце нейкае прыемнае дзеянне, якое вы будзеце чакаць з нецярпеннем кожны вечар. Напрыклад, гэта можа быць цёплая ванна, чытанне добрай кнігі, касметычная працэдура, трохі цёмнага шакаладу або вечаровая ёга.

НФ