У Мінскай вобласці дзве жанчыны паразмаўлялі з «работнікамі» банка — і пазбавіліся 80 тысяч рублёў

За тры месяцы гэтага года следчымі Мінскай вобласці распачата 821 крымінальная справа дадзенай катэгорыі. Гэта амаль у 4 разы больш, чым за аналагічны перыяд 2020 года (209 крымінальных спраў), звяртае ўвагу СК.

01.04.2021 / 10:40

Так 30 сакавіка невядомы патэлефанаваў праз Viber 66-гадовай жыхарцы Барысава і прадставіўся супрацоўнікам службы бяспекі банка. Ён паведаміў, што ў мэтах спынення крадзяжу з банкаўскай карткі жанчыне неабходна ўсталяваць пэўны дадатак аддаленага доступу, паведаміць коды карты і даслаць скрыншоты з мабільнага банкінгу, што яна і зрабіла.

Пазней, западозрыўшы нядобрае, пенсіянерка накіравалася ў банк і пры праверцы выявіла, што з яе карт-рахунку прапала амаль 40 000 рублёў.

Яшчэ адзін падобны выпадак адбыўся днём раней у Мядзельскім раёне. 40-гадовая грамадзянка Казахстана адпачывала ў беларускім санаторыі, ёй па Viber патэлефанаваў невядомы мужчына. У ходзе тэлефоннай размовы ён таксама сказаў, што неабходна ўсталяваць дадатак аддаленага доступу. Пасля гэтага з карт-рахунку пацярпелай пры аналагічных абставінах было выкрадзена 38 000 рублёў.