«Калі дачцэ споўнілася 14, прынёс ёй Крымінальны кодэкс». Інтэрв’ю з адвакатам Сяргеем Зікрацкім, якога пазбавілі ліцэнзіі
Сяргей Зікрацкі — вядомы беларускі адвакат. Раней ён не браўся за крымінальныя справы, але 2020 год усё змяніў. У канцы сакавіка яго пазбавілі ліцэнзіі — у цяперашніх умовах было б дзіўна, каб гэтага не здарылася. Сяргей часта распавядаў пра працу, таму мы мы вырашылі спытаць пра асабістае — пра брата-блізнюка, бурнае студэнцтва, дачок і захапленне трыятлонам.
09.04.2021 / 11:04
«Было два выпадкі, калі брат здаваў за мяне іспыты»
«Наша Ніва»: У якой сям’і вы раслі?
Сяргей Зікрацкі: У звычайнай беларускай сям’і. Мае бацькі былі інжынерамі, тата працаваў на заводзе, маці — у інстытуце. Потым яна зразумела, што ёй там не падабаецца, сышла і доўгі час займалася выключна сям’ёй.
«НН»: З братам вы найлепшыя сябры?
СЗ: Так, мы з ім часта сустракаемся і абмяркоўваем усё, што ў нашым жыцці адбываецца. Мы з дзяцінства сябравалі, заўсёды былі разам — у школе, ва ўніверсітэце.
Мы паступілі на адну спецыяльнасць. Паколькі ён і я юрысты, у нас прафесійныя інтарэсы супадаюць. І паколькі мы блізняты, часам нават кліенты нас блытаюць. Падыходзяць да мяне: «Дзмітрый, добры дзень».
Зараз брат меней вядомы за мяне, бо працуе звычайным юрыстам, не ходзіць у суды, у медыя не свеціцца. Але ён добра вядомы ў прафесійным асяродку — Дзіма працуе з бізнэсам. У юрыдычнай справе ён значна раней за мяне і больш дасведчаны, бо сышоў туды адразу пасля ўніверсітэта.
«НН»: Ва ўніверсітэце вы карысталіся сваім падабенствам?
СЗ: Так. Ёсць два выпадкі, калі Зміцер здаваў за мяне іспыты. Я ніколі яму не дапамагаў з вучобай — ён мне дапамагаў. Хутчэй за ўсё з-за таго, што я быў большым гультаём. Брат сядзеў за падручнікамі, а я на трэцім курсе шчыльна заняўся грамадскай дзейнасцю і на вучобу не заўсёды заставаўся час. Калі казаць пра прафесійныя прадметы, я на іх звяртаў увагу сур’ёзна, а непатрэбныя на мой погляд прапускаў.
Быў прадмет «бяспека жыццядзейнасці». У мяне канспекта не было, у Змітра была трэцяя частка. Увечары перад залікам мы пачалі рыхтавацца. Зміцер паспеў сваю частку вывучыць, а я нічога. Пайшлі здаваць. Брат выцягнуў білет па незнаёмай тэме, запісаў, што яму падказалі, атрымаў свой залік. Выходзіць з кабінета, кажу: пойдзеш за мяне? «Ну пайду».
Мы памяняліся швэдрамі. Ён заходзіць, выцягвае білет якраз з трэцяй часткі канспекта, па якой падрыхтаваўся. Цудоўна адказвае. Выкладчык ставіць залік і хваліць: «Вы падрыхтаваліся значна лепей за брата» (смяецца).
І другі раз — ён пайшоў замест мяне на пераздачу па матэматычнай статыстыцы. Я напрыканцы семестра захварэў і патрапіў у шпіталь. А дзеля таго каб атрымаць аўтамат, мне трэба было пераздаць адну тэму. У выкладчыцы, якая вяла гэты прадмет, была мэта — навучыцца нас са Змітром адрозніваць. На занятках яна прабягалася па спісе, каб адзначыць прысутных, даходзіла да прозвішча Зікрацкі і казала: «Пачакайце, Дзмітрый — гэта вы», — і паказвала на мяне. На наступны раз ужо паказвала на брата. Улічваючы, што мы вучылі матэматычную статыстыку, тое, як яна спрабавала ўгадаць, якраз укладвалася ў тэорыю.
Але хутчэй за ўсё, пад канец семестра выкладчыца навучылася нас адрозніваць. І калі Зміцер прыйшоў на пераздачу, яна доўга ўглядалася. «Вы Дзмітрый». — «Не, Сяргей». — «Не, вы Дзмітрый. Ідзіце адсюль, я не буду прымаць у вас тэму». А там наша аднагрупніца сядзела, вельмі сумленная. І выкладчыца спытала ў яе: «Света, я ведаю, ты не будзеш хлусіць. Гэта Дзмітрый ці Сяргей?» Тая не выдала нас: «Канечне, Сяргей».
«НН»: А па характарах вы падобныя?
СЗ: Вельмі розныя. Дзіма больш спакойны, а я больш ініцыятыўны, рызыкоўны.
«Нас у аспірантуры было чалавек 5-6, збольшага хлопцы, якія хацелі сысці ад войска»
«НН»: Вы былі ў Задзіночанні беларускіх студэнтаў, узначальвалі камісію па абароне правоў. Задавалі жару адміністрацыі?
СЗ: У сваім ўніверсітэце не — я задаваў жару ў іншых. У БДЭУ усё было ціха, спакойна, даволі дэмакратычна. А вось у іншых у студэнтаў узнікалі праблемы. Гэта былі тыя часы, калі можна было проста зайсці да рэктара і абурыцца: што вы тут робіце?!
Аднойчы мы паехалі ў Берасце — там студэнтам павялічылі кошт навучання, калі семестр ужо пачаўся. Мы з Мінска сабралі каманду, тры ці чатыры чалавекі. Прыйшлі ў прыёмную да рэктаркі — яна нас павяла ў планава-эканамічны аддзел. Там цётачкі спрабавалі нам нешта патлумачыць, а мы ім паказвалі законы. Пашумелі нармальна. І ў выніку адмянілі той загад аб павышэнні кошту навучання, і паднялі кошт толькі з наступнага семестра.
Памятаю, як хлопцаў з Горак выключылі з універсітэта. І мы таксама паехалі туды. Дэкан факультэта спрабаваў нам нешта патлумачыць — я не ўяўляю, каб зараз хтосьці з адміністрацыі ўніверсітэта пачаў са студэнтамі размаўляць. А тады гэта было абсалютна нармальна, кіраўніцтва апраўдвалася перад намі. Гэта былі 1999-2001 гады.
«НН»: А чаму тады гэта было магчыма?
СЗ: Таму што сістэма была іншая. Мы ў гэтай сістэме жывём 26 год, і гайкі заціскалі паступова. Мы і пікет студэнтамі ладзілі, афіцыйна атрымалі дазвол. Ліставаліся з дзяржаўнымі органамі, пісалі, што яны незаконна размяркоўваюць студэнтаў.
«НН»: Удалося кагосьці выратаваць ад паездкі ва ўмоўную Жабінку?
СЗ: Не. Гэта заўсёды вельмі складана. Калі працуеш над нейкай праблемай, можна вырашаць яе зверху, а можна знізу — калі мы бяром канкрэтны кейс і на прыкладзе яго паказваем усю няправільнасць сістэмы. І працаваць знізу даволі эфектыўна, праз лёс чалавека ты паказваеш усю праблематыку. Шмат якія праваабарончыя арганізацыі ў свеце на такіх кейсах і пераломліваюць сітуацыю, а пасля распаўсюджваюць досвед на ўсе праваадносіны.
Але неабходна, каб быў той ахвотны. У нашай сітуацыі такую ахвяру мы не знайшлі. На той момант размеркаванне яшчэ не было прапісана ў законе, мы прапаноўвалі студэнтам абскардзіць рашэнне ў судзе. Але ніхто не пагадзіўся.
«НН»: А што за гісторыя была, калі вы змаглі выйграць суд у ваенкамата?
СЗ: Вельмі забаўная гісторыя. Апошні курс універсітэта, скончваецца адтэрміноўка ад войска і нас пачынаюць выклікаць на медкамісію. Мы разумеем, што ёсць тры варыянты не пайсці служыць: паступіць у аспірантуру, зарабіць дзіця ці адкасіць па стане здароўя. У якасці асноўнага варыянта абіраецца аспірантура, але трэба мець і запасны. Было ў мяне нейкае захворванне на вочы. Далі накіраванне ў шпіталь на абследаванне і адразу ж позву вярнуцца ў пэўную дату ў ваенкамат. Я прайшоў абследаванне і пасля ўсіх іспытаў вырашыў з сябрамі зваліць у Чэхію. Гэта адна з маіх найлепшых вандровак, бо была цудоўная кампанія маладых людзей. Мы, вольныя пташкі, электрычкамі дабіраліся да Прагі, жылі ў нейкім хостэле…
Вярнуўся — судовы выканаўца выклікае на выплату штрафу. Іду да яго, а ён: «Вас ваенкамат прыцягнуў да адказнасці за тое, што вы не прыйшлі па позве». У адміністрацыйным кодэксе прапісана, што спачатку мусяць запрасіць на складанне адміністрацыйнага пратаколу, пасля на разгляд справы — нічога з гэтага не было зроблена. Я пайшоў у суд аспрэчваць штраф.
Ад ваенкамата быў маёр Рынкевіч: трос анкетай, дзе на пытанне, у якіх войсках хочаце служыць, я напісаў «служыць не жадаю». Я аргументаваў: можа, я і дрэнна паступіў, што не прыйшоў, але ваенкамат няправільна прыцягнуў мяне да адказнасці. Пасварыліся, але суддзя вынес рашэнне на маю карысць.
«НН»: У войску ў выніку служылі?
СЗ: Не-а. План А спрацаваў — паступіў у аспірантуру. Потым спрацаваў план Б — нарадзілася дзіця. І пасля гэтага мяне з аспірантуры выкінулі.
«НН»: Чаму?
СЗ: Аспірантура — гэта навука, выкладанне і напісанне дысертацыі. І ў прынцыпе мне заўсёды было цікава выкладанне. Але я цудоўна разумеў, што трэба нешта абіраць — або застаешся ў сістэме адукацыі, або становішся юрыстам. Апошняе мне было больш даспадобы. Па-першае, хацелася на практыцы прымяняць свае веды, а па-другое, там грошай больш можна было зарабіць.
Прайшло два гады, і з адміністрацыі пачалі хвалявацца: нешта аспіранты нічога не робяць, ніхто не абараняе дысертацыю. Ну і пайшлі правяраць, хто чаго дасягнуў, і выключаць тых, хто нічога не зрабіў. А нас у аспірантуры было чалавек 5-6, збольшага хлопцы, якія хацелі таксама сысці ад войска. У маім асабістым плане ўся актыўнасць па падрыхтоўцы дысертацыі стаяла на другі-трэці год. І фактычна тыя іспыты, якія былі запланаваны на першы-другі, я здаў, некалькі артыкулаў напісаў, паспеў з’ездзіць у навуковую стажыроўку ў Польшчу. Што ў мяне не было гатова, дык гэта першы раздзел дысертацыі. На паседжанні кафедры я сказаў: не паспеў раздзел скончыць, але пішу, яшчэ ж месяц у запасе. Усё роўна выключылі. І я тады пайшоў на прынцып — за гэты месяц напісаў першы раздзел і аднёс свайму навуковаму кіраўніку.
«Патэлефанаваў класнай і прапанаваў прыйсці расказаць дзецям пра адказнасць за наркотыкі»
«НН»: Быць бацькам трох дачок складана?
СЗ: Я не лічу, што бацькам быць складана. Гэта закладзена прыродай у кожным. Ты перадаеш свае веды, досвед, светаўспрыманне тым людзям, якія табе блізкія і якіх ты хочаш зрабіць падобнымі да сябе. На мой погляд, гэта абсалютна натуральнае жаданне любых бацькоў, каб дзеці выраслі такія ж, як яны.
Каб адказаць, ці складана паразумецца з дзяўчынкамі, трэба з нечым параўнаць. У мяне такога досведу не было.
«НН»: Дочкі ўжо знаёмыя з азамі права?
СЗ: Старэйшая так. Яна зараз у апошнім класе ліцэя БДУ, на філалагічным профілі. Што да малодшых… Разумееце, калі мы выхоўваем дзяцей, мы ўжо фактычна закладаем у іх азы права, таму што мы тлумачым, што добра, а што дрэнна, што можна рабіць, а што не.
Са старэйшай дачкой мы даволі часта абмяркоўваем канкрэтныя сітуацыя і тое, як яны рэгулююцца законам. Калі ёй споўнілася 14 год, я ўзяў Крымінальны кодэкс і паказаў ёй артыкулы, па якіх наступае адказнасць з 14. І Анька тады пайшла ў школу і зрабіла прэзентацыю для сваіх аднакласнікаў аб тым, што нельга рабіць. Там жа ў тым ліку і артыкул, звязаны з наркотыкамі. А гэта быў той год, калі «маці 328» абвясцілі галадоўку. Тая сітуацыя мяне вельмі кранула: калі маці нічога не могуць зрабіць, а іх дзеці сядзяць у турме з-за таго, што спрабавалі зарабіць хуткія грошы і працавалі закладчыкамі. Тады я патэлефанаў класнай і прапанаваў прыйсці расказаць дзецям пра наркотыкі і тое, што можа быць у гэтай сітуацыі.
«НН»: У вас хапае часу і на спорт. Як захапіліся трыятлонам?
СЗ: Я непрафесійна гэтым займаюся. Я заўсёды любіў плаваць. Побач з нашым домам быў басейн, і мы з дзяцінства хадзілі туды. Памятаю гэтыя чэргі, дзе трэба было стаяць гадзіну, каб набыць абанемент. Потым у маім жыцці з’явіўся веласіпед, мне гэта таксама спадабалася. На доўгія вандроўкі па 30-50 кіламетраў я пачаў выбірацца, калі першая дачка нарадзілася. А потым у нейкі перыяд зацікавіўся бегам. Спачатку 10 кіламетраў адолеў, пасля паўмарафон. І ўсё гэта склалася разам.
«НН»: Ці часта трэніруецеся?
СЗ: Зараз не. Хаджу ў басейн кожны тыдзень. Зімой не бегаў, вось буду пачынаць.
«НН»: Сур’ёзныя перамогі былі?
СЗ: Ды якія там… Ёсць малая групка людзей, якія ўдзельнічаюць, каб перамагчы. Для астатніх гэта спаборніцтва з самім сабой. Ты мінулы раз дасягнуў такой планкі, прабег дыстанцыю за такі час, а цяпер хочаш зрабіць лепш.
«Некалькі разоў думаў: што было б, калі б мяне паклікалі ў каманду Бабарыкі?»
«НН»: Цікавы ў вас від з акна (на Кальварыйскія могілкі — «НН»).
СЗ: У гэтым будынку вокны выходзяць або на дзіцячы садок, або на могілкі. Мне ўсё роўна, на што глядзець: там мы жыццё пачынаем, тут заканчваем. Але са мной працуюць яшчэ дзяўчаты. І таму спачатку мы знялі офіс на іншы бок. Тады офісы з відам на садок былі на адзін еўра за квадрат даражэйшыя.
Потым мы пачалі расці, трэба было браць трэцяга памочніка і шукаць большае памяшканне. Мне хацелася таксама, каб перамоўны пакой быў. І такі офіс знайшоўся толькі на гэтым баку.
Звычайна калі да мяне прыходзіць кліент, ён сядае тварам да акна. Ты пытаешся: ну расказвайце, якія ў вас праблемы. А кліент глядзіць на могілкі і разумее, што ў прынцыпе ніякіх праблем у яго няма — ён проста прыйшоў вырашыць пэўныя пытанні.
Гэта пра тое, як змянілася маё светаўспрыманне ў 2020 годзе. Калі ты заходзіш у СІЗА, ідзеш па гэтых калідорах і бачыш краты на вокнах, сустракаешся з кліентам у маленькім пакойчыку, ты ў ім адчуваеш сябе няёмка, а кліент кажа, што тут прастора. І пасля таго, як ты выходзіш, разумееш, што ў тваім жыцці ўсё класна. Калі людзі, якія нічога не зрабілі, сядзяць у СІЗА, а потым іх кідаюць у калоніі, ты разумееш, што ўсе нашы клопаты ў параўнанні з іхнімі — гэта ўвогуле не праблемы.
Не мае розніцы, зараз ясна на вуліцы ці ідзе дождж, здарылася ў цябе прыемнасць ці непрыемнасць. Ты жывы, здаровы, з тваімі роднымі ўсё ў парадку, усе маюць грошы для таго, каб харчавацца, і могуць сустракацца з блізкімі — дык пра якія праблемы мы кажам?
«НН»: Вам за гэтыя месяцы было страшна?
СЗ: Мне не было страшна — я маральна быў падрыхтаваны. Разумеў, што ў нашай краіне абсалютна любы чалавек можа трапіць за краты. І я гатовы да таго, што мяне таксама могуць схапіць.
Трапіць за краты — гэта выпрабаванне для любога чалавека. Але жыццё працягваецца. Мы ведаем, што мы гэтае выпрабаванне пройдзем, і далей нас чакаюць іншыя выклікі і дасягненні. Так, гэта непрыемна патрапіць у турму ці калонію, але гэта скончыцца. І ў тых, з кім я размаўляю ў СІЗА, тое ж самае разуменне. Яны ведаюць, што рабілі ўсё абсалютна правільна, яны выйдуць, і будзе новае жыццё.
«НН»: Вы пісалі Бабарыку, калі ён толькі абвясціў аб намеры ісці ў прэзідэнты, з прапановай юрыдычнай дапамогі. Чаму яму?
СЗ: А каму яшчэ? Вы ж памятаеце, як гэта ўсё адбывалася. У нас быў Лукашэнка, які ідзе на выбары. Была групка кандыдатаў, якая ўдзельнічала ў праймерыз, але яны як звычайна паспелі пасварыцца, яшчэ не дасягнуўшы ўлады. Я шмат каго з іх ведаю, і гэта цудоўныя людзі, яны жадаюць дапамагчы краіне, але мне не хацелася з імі працаваць у камандзе менавіта з-за таго, што яны ўжо паспелі пасварыцца. Тут з’яўляецца Цапкала — гэта як гром з яснага неба. Усе пачынаюць абмяркоўваць, чый гэта праект.
І тут Бабарыка. Чалавек, за якім ты пэўны момант назіраў, вельмі любіў яго інтэрв’ю, якія ён даваў апошнім часам, таму што яго светаўспрыманне на 90% супадае з тваім.
Я тады зразумеў, што ёсць шанец, што ў нашым грамадстве нешта зменіцца, і калі я магу хоць нейкім чынам дапамагчы гэтаму шанцу здзейсніцца, я мушу гэта зрабіць. Адзіны кантакт, які ў мяне быў, гэта фэйсбук Бабарыкі. Я напісаў яму ў месенджар: у вас, напэўна, ужо ёсць юрыст, але калі я магу чым-небудзь быць карысным, я гатовы далучыцца да каманды. Не паклікалі.
«НН»: А паведамленне прачытанае?
СЗ: Не. Хутчэй за ўсё, гэта быў не той спосаб камунікацыі, якім Бабарыка ў той час карыстаўся. І я некалькі разоў вяртаўся да той сітуацыі і думаў, што было б, калі б мяне паклікалі. Максім Знак, які прыйшоў у каманду, зараз сядзіць.
«НН»: Пасля таго як вас пазбавілі ліцэнзіі, ці шмат прапаноў па працы атрымалі?
СЗ: Не. Глядзіце: тыя кліенты, якія са мной працавалі, вельмі жадаюць працягваць супрацоўнічаць. Але ім не патрэбны штатны юрыст, таму што я браў пэўныя праекты — я за месяц мог выставіць 20-30 актаў. Такіх кліентаў, каму патрэбны штатны юрыст майго ўзроўню, на рынку вельмі мала. У мяне была свая фірма, і калі мне ісці працаваць у штат, трэба пераходзіць кіраўніком юрыдычнага аддзела буйнога холдынгу, дзе таксама будуць у падпарадкаванні тры-чатыры юрысты і вялікі ахоп кірункаў. Гэта не тая пазіцыя, якая з’яўляецца на рынку штомесяц, — такія прапановы з’яўляюцца добра калі два-тры разы на год.
«НН»: Не чакалі, што памочніцы давядзецца выплаціць дадатак да дапамогі больш за 1000 рублёў? (Сяргей Зікрацкі напісаў, што за кожны рэпост паведамлення аб пошуку працы Алены Лысаковай заплаціць па 1 рублі — «НН»)
СЗ: Калі шчыра, я заплаціў толькі 500 (усміхаецца). Я ведаў, што рэпостаў будзе шмат і, калі зрабіў гэты пост, напісаў Алене: ты ж ведаеш, што я наўрад ці табе дам больш за 500 рублёў. Яна адказала: клас. Для чалавека, які толькі што згубіў працу, гэта даволі вялікія грошы. Але я ведаў, што будзе больш рэпостаў, бо гэта кранальная гісторыя. Потым у каменты прыйшла Браніцкая і сказала, што пакрые астатнюю суму. Таму за ўсе рэпосты Алена атрымае грошы.
«НН»: Якія планы ў вас?
СЗ: Збіраюся адкрыць сваё ІП. Я юрыст, які працуе з бізнэсам. Толькі ў 2020 годзе многія пачалі займацца не тым, чым раней, — і я таксама, бо раней ніколі не браўся за крымінальныя справы. Я пачаў выкарыстоўваць сваю адвакацкую ліцэнзію цалкам. Зараз у мяне такой магчымасці не будзе. Але ёсць магчымасць атрымаць ліцэнзію на юрыдычныя паслугі — гэта выключна кансультаванне юрыдычных асобаў.
А ліцэнзію выдае Мінюст. Таму пытанне да іх: калі вы хочаце, каб Зікрацкі займаўся працай, дайце яму ліцэнзію на юрпаслугі. Мне падаецца, менавіта гэтага вы хацелі, калі арганізоўвалі пазачарговую атэстацыі, каб пазбавіць мяне ліцэнзіі. Вы гэтага дабіліся. Дайце мне магчымасць далей працаваць і зарабляць грошы.