Кім Кардаш’ян трапіла ў спіс мільярдэраў Forbes
Амерыканская зорка цяпер афіцыйна стала мільярдэркай.
07.04.2021 / 16:00
Дзякуючы ўласным брэндам адзення і касметыкі, даходам ад тэлебачання, рэкламы і інвестыцый, капітал Кім Кардаш’ян дасягнуў $1 мільярда, паведамляе BBC.
Цяпер Кім Кардаш’ян адна з 2755 чалавек, якія сёлета трапілі ў спіс мільярдэраў Forbes. Спіс чарговы раз узначаліў заснавальнік Amazon Джэф Безас.
Кім Кардаш’ян заснавала касметычны брэнд KKW Beauty у 2017 годзе па прыкладзе сваёй зводнай сястры Кайлі Джэнер, якая летась была выключаная са спіса Forbes. Кардаш’ян удалося прыцягнуць увагу да свайго брэнда праз сацсеткі, што забяспечыла поспех яе кампаніі.
У 2019 годзе амерыканская знакамітасць з армянскімі каранямі стварыла брэнд бялізны і адзення для адпачынку Skims, які стаў прыбытковым нават у пандэмію, бо вырас попыт на зручнае дамашняе адзенне.
Forbes падкрэслівае, што менавіта кампаніі, якія заснавала Кім Кардаш’ян, забяспечылі ёй месца ў спісе мільярдэраў.