Жыхара Гродна асудзілі на два гады калоніі за падпал міліцэйскай апоркі

У судзе Ленінскага раёна Гродна вынеслі прысуд 41-гадоваму гродзенцу Аляксандру Красніцкаму, які 3 лістапада 2020 года падпаліў дзверы пункта аховы правапарадку — так званую апорку. Мужчыну прызналі вінаватым па арт. 415 КК і ч. 1 арт. 339 КК. Ён асуджаны на два гады і адзін месяц калоніі, паведамляецца spring96.org са спасылкай на Вярхоўны суд.

21.04.2021 / 10:51

МУС

Днём 3 лістапада ён падышоў да дзвярэй пункта аховы правапарадку і падпаліў дзверы. Узгаранне аператыўна патушылі, пацярпелых няма. Былі пашкоджаныя дзверы — матэрыяльны ўрон склаў 83 рублі 17 капеек.

У 2018-м ён быў асуджаны па артыкуле 364 КК (Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да праваахоўных органаў— 1,6 года абмежавання волі). Затым неаднаразова парушаў правілы адбыцця пакарання — не з'яўляўся своечасова адзначацца, з'яўляўся на працоўным месцы ў нецвярозым стане або зусім не выходзіў на працу, а ў 2019 — змяніў месца пражывання, не папярэдзіўшы аб гэтым адпаведныя органы.

Што да падпалу дзвярэй, то Красніцкі прызнаўся, што зрабіў гэта праз пачуццё крыўды за тое, што яго незаконна асудзілі па артыкуле 364 КК у 2018 годзе.

— 3 лістапада выйшаў на шпацыр каля 14.30 і пайшоў у бок Дамброўскага. Каля лесу ўбачыў, як мужчына запраўляе свой аўтамабіль з каністры. Падышоў, папрасіў бутэльку бензіну. Хацеў проста выпацкаць дзверы. Даў яму рубель за бензін, пайшоў у бок дома. Падышоў, абліў дзверы міліцэйскага ўчастка і падпаліў іх, — распавёў ён на судзе.

Nashaniva.com