Спектакль па рамане Сашы Філіпенкі «Былы сын» не дазволілі ў Беларусі, прэм'ера адбудзецца ў Кіеве
Новы ўдар цэнзуры па культуры: упраўленне культуры Мінгарвыканкама не выдала гастрольнага пасведчання для спектакля Сучаснага мастацкага тэатра па рамане Сашы Філіпенкі «Былы сын».
22.04.2021 / 13:36
Саша Філіпенка. Фота Надзеі Бужан.
Саша Філіпенка — расійскі пісьменнік беларускага паходжання, жыве ў Маскве. Філіпенка — адзін з самых выдаваных і перакладаных сучасных расійскіх пісьменнікаў, мае ўжо сусветнае імя, а «Былы сын» — кніга, якой ён здабыў вядомасць.
Заяўку на гастрольнае пасведчанне — гэты перажытак таталітарных часоў, які не існуе ў еўрапейскіх краінах — тэатра падаваў у снежні, дагэтуль не атрымаў яго. Генеральны прагон акцёры рэпетавалі на кватэры галоўнага рэжысёра Уладзіміра Вушакава, расказаў ён «Народнай волі».
«Былы сын» — кніга, напісаная на беларускім матэрыяле.
Філіпенка напісаў у сябе ў фэйсбуку, што прэм'ера спектакля адбудзецца ў Кіеве 19 мая.
У замежжы працуе над сваёй новай кнігай і адзіная беларуска, уганараваная Нобелеўскай прэміяй, — Святлана Алексіевіч. А да нефармальнага «чорнага спісу» забароненых музыкаў дадаўся «J-Mors», канцэрты якога адмянілі ў Гродзенскай вобласці.