Названыя дзве версіі аварыі на водаправодзе ў Чыжоўцы 

Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Мінгарвыканкама: Аляксандр Дараховіч, паведамляе тэлеграм-канал «Мінск. Афіцыйна».

22.04.2021 / 14:41

«Папярэднія версіі — дзве. Гэта пашкоджанне трубаправода пры выкананні будаўніча-мантажных работ. На будаўнічым аб'екце, дзе і адбылася аварыя, праводзіліся будаўніча-мантажныя работы. Мяркуецца, што працы маглі выконвацца без выканання рэгламенту. Другая версія — нізкія эксплуатацыйныя характарыстыкі металу (чыгуну), якія прывялі да паскоранага зносу трубаправода», — сказаў Дараховіч. 

Ён дадаў, што рабіць высновы заўчасна, вывучаецца сітуацыя.

«Узялі відэа з камер гандлёвага цэнтра, размешчанага побач з месцам аварыі, выкарыстоўваем яго для ўстанаўлення прычын. Трэба будзе аб'ектыўна разабрацца ў тым, што адбылося, каб не дапускаць такіх сітуацый надалей», — рэзюмаваў Дараховіч.