Пратэстоўцы і сілавікі ўзгадваюць Чарнобыльскі шлях-1996
25.04.2021 / 11:19
«Гарачая вясна» — так у гісторыю Беларусі ўвайшлі падзеі 25-гадовай даўніны. У 1996-м на «Чарнобыльскі шлях» выйшла каля 60 тысяч чалавек. Галоўнае пытанне — незалежнасць краіны, людзі пратэставалі супраць інтэграцыйных планаў Аляксандра Лукашэнкі, а таксама супраць пашырэння ягоных паўнамоцтваў, прыціскання свабоды слова. На праспекце здараецца сутычка з сілавікамі, якія не даюць прайсці калоне далей, і ўдзельнікі пераварочваюць некалькі міліцэйскіх машын. Гэта была адна з самых буйных акцый пратэстаў, і сілавікі пачалі ўжываць сілу супраць дэманстрантаў. Tut.by сабраў ўспаміны не толькі ўдзельнікаў шэсця, але і тых, хто стаяў за шчытамі.
Фота: Георгій Ліхтаровіч, архіў «Вытокі»
«Чарнобыльскі шлях» стаў кульмінацыяй «гарачай вясны» 1996 году. Адметнасць той акцыі — з Украіны ў Мінск прыехалі ўдзельнікі праварадыкальнай арганізацыі УНА-УНСО, паколькі стаяла пытанне незалежнасці Беларусі ад Расіі, да таго ж прайшлі чуткі, што ў Мінск могуць сцягнуць расійскіх сілавікоў дапамагчы мясцовым разганяць дэманстрантаў.
Улады не далі дазвол на правядзенне акцыі, але спачатку міліцыя не перашкаджала руху калоны. Шэсце пачалося ад Акадэміі навук у бок цэнтру. У раёне плошчы Якуба Коласа, побач з крамай «Лянок» удзельнікаў сустрэла першая перашкода — кардон сілавікоў і загародкі ў выглядзе міліцэйскіх «Жыгулёў», выстаўленых упоперак праспекта. Дэпутаты Станіслаў Шушкевіч і Аляксандр Дабравольскі спрабавалі дамовіцца з міліцэйскім начальствам, каб калона магла прайсці далей, але нічога не выйшла. У выніку пачалася бойка паміж сілавікамі і дэманстрантамі, сярод якіх былі ўдзельнікі УНА-УНСО і «Белага легіёну» (моладзевая арганізацыя Беларускага згуртавання вайскоўцаў, мэтай арганізацыі была абарона незалежнасці Беларусі).
«Параненыя ў той дзень былі»
— Я раней ніколі не бачыў столькі людзей! — пачынае свой расповед Канстанцін. У 1996 годзе ён вучыўся на другім курсе палітэхнічнага інстытута, на «Чарнобыльскі шлях» пайшоў з аднагрупнікамі. — Першае сутыкненне было на плошчы Якуба Коласа: хлопцы з Украіны разбілі кардон, перавярнулі машыны. Для мяне гэта быў шок, добра памятаю, як паклалі на бок гэтыя «Жыгулі». Але гэта была прабіўная сіла. Дзякуючы гэтаму калона змагла прайсці далей. Недалёка ад рэдакцыі газеты «Вячэрні Мінск» на праспекце стаялі вялікія грузавыя машыны, яны перакрылі рух, але нас было тысяч 50, мы проста прайшлі наскрозь. Дайшлі да цырку, а там ужо былі вымушаныя павярнуць на вуліцу Янкі Купалы, паколькі там перашкода была ўжо ўзмоцненая.
Фота: Георгій Ліхтаровіч, архіў «Вытокі»
Маршрут у той дзень праходзіў ад Акадэміі навук да плошчы Якуба Коласа, дзе была першая сутычка з сілавікамі і перавернутыя машыны. Далей дэманстранты працягнулі шэсце па праспекце ў бок цырку, там ужо стаяў кардон з два дзясяткі ланцугоў, таму было вырашана павярнуць направа, у бок Опернага тэатру, далей калона прайшла па вуліцы Янкі Купалы, павярнула на вуліцу Максіма Багдановіча і спусцілася да Нямігі — гэта кропка другой сутычкі.
«Было бачна, як аднекуль з сярэдзіны пад сцягамі «Белага легіёна» і УНСО да кардонаў падцягнулся група дужых хлопцаў. Моладзь ажывілася. Дзве міліцэйскія машыны у адзін момант былі перакуленя. Спецназ пайшоў у наступ. Прыкладна за адну хвіліну маладыя дэманстранты з дапамогай рук і ног прарвалі ланцуг. Кардоны расступіліся, і маніфестацыя рушыла па праспекце, праціскаючыся праз перакуленыя машыны. І ў гэты момант спецназ у абодвух бакоў зноў урэзаўся ў калону, рассек яе і пачаў малаціць людзей дубінкамі. Білі ўсіх, хто трапляўся пад руку (а гэта ўжо былі пераважна жанчыны і немаладыя людзі). Тады ззаду на спецназ кінулася моладзь, якая ўжо паспела адыйсці метраў на сто. Міліцэйскія сілы апынуліся ў пастцы, з тылу іх пачалі закідваць пяском і камянамі, а найбольш адчайныя хлопцы пайшлі з кулакамі на шчыты і дубінкі. Доблесны спецназ разгубіўся і роспачна кідаўся то ў адзін, то ў другі бок, але пабачыўшы, што на яго пачынае наступаць усё больш і больш разгарачанай падзеямі моладзі і кальцо сціскаецца ўсё шчыльней, — у гэтай небяспечнай для сябе сітуацыі спецназаўцы палічылі за лепшае, вобразна кажучы, падняць рукі ўгору». (Газета «Свабода», 30 красавіка 1996 года).
Суразмоўца параўноваўвае дзеянні сілавікоў у 1996-м з апошнімі падзеямі і кажа, што тады яны былі непадтрыхтаванымі.
Фота: Георгій Ліхтаровіч, архіў «Вытокі»
— Яны былі не гатовыя да такой вялікай колькасці дэманстрантаў, а тым больш не гатовыя, што могуць быць такія рашучыя ўдзельнікі, як хлопцы з Украіны. Толькі на плошчы Свабоды сілавікі паспрабавалі пабудаваць «чарапаху» (тактычны сродак абароны, калі першы шэраг прыкрываецца шчытамі, другі шэраг кладзе на іх зверху свае шчыты, каб нельга было закідаць сілавікоў камянямі ці бутэлькамі, так удзельнікі рухаюцца наперад павольным крокам, такую канструкцыю складана прабіць — Заўв. TUT.BY). Параненыя ў той дзень былі, я сам бачыў акрываўленых людзей — гэта тыя, хто стаяў у першых шэрагах, іх пры сутычках білі дубінкамі.
Па ўспамінах Канстанціна, «хапун» пачаўся ў 1996 годзе, калі сілавікі пачалі забіраць на вуліцах выпадковых людзей, а пасля іх прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці.
— Сёння многія здзіўляюцца, як гэта можна затрымаць чалавека, які проста праходзіць міма. Але праўда ў тым, што гэта не сёння пачалося, а 25 год таму.
«Сілавікі не разбіралі, хто пратэставаў, а хто міма праходзіў»
Валер у 1996 годзе быў студэнтам каледжу сувязі. 26 красавіка ён ішоў у госці да сябра, які жыў побач з Круглай плошчай.
Фота: Георгій Ліхтаровіч, архіў «Вытокі»
— Але на праспекце, каля крамы «Лянок», стаяў кардон з міліцыянераў, далей яны мяне не пусцілі, — прыгадвае мужчына. — Гляджу, падыйшла вялікая калона са сцягамі. А на дарозе стаяла некалькі міліцэйскіх машын. Нечакана выбегла група дужых мужчын, і яны хутка перавярнулі гэтыя пустыя машыны. Рэзкай рэакцыі з боку сілавікоў не было. У паветры павісла паўза, яны па рацыях перамаўляліся, напэўна, раіліся з кіраўніцтвам, а пасля была каманда разганяць людзей. Я апынуўся ў самым нязручным месцы — насупраць міліцыянераў. А яны ж не разбіралі, хто пратэставаў, а хто міма праходзіў, рванулі наперад і давай махаць, у мяне дубінка літаральна над вухам праляцела. Калі параўноўваць тых міліцыянераў з сённяшнімі, тады яны выглядалі не так страшна. У іх была вельмі простая форма, з экіпіроўкі проста шчыты і дубінкі, ніхто ў людзей не страляў — гэта дакладна. Я адбег на метраў 200, стаў абыходзіць натоўп праз двары і ў выніку дайшоў дадому да сябра.
«Пацярпеўшы паразу ў сутычках з дэманстрантамі, АМОН і спецназ вырашылі адыграцца на выпадковых людзях. У прыватнасці, амонаўскі атрад наляцеў на моладзевую тусоўку, якая кожны вечар збіраецца каля філармоніі. Дубінкамі ўсіх паклалі на асфальт, а потым, напакаваўшы у закратаваны фургон больш за 30 хлопцаў, паразвозілі па розных РАУСах, дзе пасадзілі ў камеры. Іх пратрымалі за кратамі ўсю ноч і палову наступнага дня, не дазваляючы нават пазваніць бацькам. Гэтым 15−21-гадовым юнакам цяпер «шыюць» удзел у «беспарадках». (Газета «Свабода», 30 красавіка 1996 года).
«У 1996-м усё магло змяніцца»
У 1996 годзе Кацярыне было 19 год, яна сканчвала каледж. Кажа, што рэгулярна хадзіла з бацькам на акцыі пратэстаў.
Фота: Георгій Ліхтаровіч, архіў «Вытокі»
— Тады на Чарнобыльскі шлях сабралася неверагодна шмат людзей, — узгадвае суразмоўца. — Мы ішлі ў шэрагу па праспекце і не бачылі пачатку і канца калоны. Той год быў багаты на палітычныя падзеі. Улада пачала закручваць гайкі — паўнамоцтвы Лукашэнкі пашыраліся, нязгодных адсякалі. Мы разумелі, што далей будзе толькі горш, таму выйсці 26 красавіка лічылі сваім абавязкам. Добра памятаю, як мы ішлі ад плошчы Перамогі да цырку. У два шэрагі стаялі курсанты, якія ахоўвалі грамадскі парадак. З боку пратэстоўцаў была свая дружына, іх задача была не дапусціць правакацый. Гэта былі дужыя хлопцы, якія ўмелі праходзіць кардоны, у выпадку нападу маглі даць адпор. Каля цырка сілавікі не давалі нам прайсці, таму калона павярнула да Опернага тэатру. Сутычкі ў той дзень былі, на маіх вачах — на Нямізе, каля маста, дзе людзям не давалі падняцца ўверх. Але гэта ні ў якое параўнанне не ідзе з сённяшнімі падзеямі. Я не помню, каб нехта быў у балаклаве, каб кідалі ў натоўп гранаты ці распылялі газ. Тады сярод сілавікоў было больш нашых аднадумцаў. У 1996 годзе была адна з невялікіх магчымасцяў, калі ўсё магло змяніцца. У людзей была вялікая надзея, што наша слова, дзеянне і голас нешта значаць. На мітынгу вельмі адчуваўся гэты ўзнёслы і рашучы настрой.
«Збег са школы праз акно, каб паўдзельнічаць у шэсці»
У 1996 годзе Сержуку было ўсяго 13 год. Ён вучыўся ў гімназіі, якая знаходзілася ў цэнтры, побач павінна было прайсці шэсце.
Фота: Георгій Ліхтаровіч, архіў «Вытокі»
— Прыехала міліцыя, супрацоўнікі перакрылі выхад, нам сказалі, што на вуліцы небяспечна, таму ўрокі працягваюцца, — прыгадвае суразмоўца. — Але ў нас былі свядомыя і вучні, і настаўнікі. На будынку гімназіі перыядычна вешалі бел-чырвона-белы сцяг, ужо пасля рэферэндума 1995 году. Я вырас у патрыятычнай сям'і. Так што мы з сябрамі добра ведалі пра «Чарнобыльскі шлях» і заставацца ў школе не збіраліся, збеглi праз акно, каб паўдзельнічаць у шэсці. Гэта была першая акцыя, у якой я свядома ўдзельнічаў.
Сяржук кажа, што дружына БНФ сачыла за парадкам, і яго папярэджвалі, каб глядзеў па баках, каб быў асцярожны.
— Па атмасферы Чарнобыльскі шлях 1996 году вельмі нагадваў сёлетнія акцыі, калі таксама збіралася столькі народу, што канец калоны не быў бачны, — прыгадвае суразмоўца. — Памятаю, тады быў такі лозунг: «Кто шагает дружно в ряд? БНФовский отряд! Что спецназ нам, что ОМОН, мы прорвем любой кордон».
26 і 27 красавіка было арыштавана каля 200 чалавек, сярод іх было сем украінцаў. Ім спачатку далі 15 сутак арышту, а пасля абвінавацілі ў крымінальным злачынстве. Паседжанні суда адкладваліся, справа зацягвалася і набывала міжнародны розгалас. У выніку пяць чалавек былі асуджаныя на тэрміны ад аднаго да дву год пазбаўлення свабоды, адных выпусцілі ў снежні 1996 года, яны патрапілі пад амністыю, другіх ў 1997-м.
«Калі на цябе ідзе натоўп, гэта выклікае пачуццё жаху»
Пра «гарачую вясну» 1996 году мы вырашылі пагаварыць не толькі з удзельнікамі і відавочцамі «Чарнобыльскага шляху», але і з сілавікамі, якія стаялі па другі бок барыкадаў. Раман у той момант быў на першым курсе Акадэміі МУС.
Фота: Георгій Ліхтаровіч, архіў «Вытокі»
— 1996 год быў вельмі напружаным для нас, мы ўвесь час сядзелі ў аўтобусах, — кажа ён. — У адрозненні ад цяперашніх сілавікоў, якіх цалкам экіпіруюць, у нас з абароны была толькі палка і шчыт, нам нават каскі не выдалі тады. Калі на цябе ідзе натоўп, гэта страшна. Нас выставілі на праспекце ў два шэрагі, насустрач рухаецца натоўп з бел-чырвона-белымі сцягамі. Калі ты бачыш, што іх тысячы, а вас чалавек 170, гэта выклікае пачуццё жаху. Частка ўдзельнікаў крыкнула нам «Сыходзьце!», а пасля яны рэзка кінуліся на нас, проста змялі наш ланцужок, я толькі паспеў упасці і прыкрыцца шчытом. У першых шэрагах былі даволі агрэсіўныя людзі, палак і зброі ў іх не было, але рукамі яны нашых білі. Я бачыў, некаторыя з нашых хлопцаў білі іх палкамі, але я закрыўся, каб мяне хоць не растапталі. Нікога з нашых не шпіталізавалі.
Па словах суразмоўцы, курсантаў Акадэміі не рыхтавалі да такога супрацьстаяння — ні фізічна, ні маральна. Задача ставілася — стаяць «жывым шчытом», не пусціць натоўп далей.
— Памятаю, прыехалі спецназаўцы з вайсковай часткі 3214, нейкі час стаялі перад намі, пастаялі, парагаталі і з’ехалі, пакінулі нас адных. Людзі думалі, мы амапаўцы, можа таму, што нам выдалі новую форму, звычайная афганка, толькі пафарбаваная ў цёмна-зялёны колер. 26 красавіка быў адзіны дзень, калі нас выкарысталі, у астатнія дні пратэсту мы проста сядзелі ў аўтобусах або ў сваіх аўдыторыях, калі на вуліцах ішлі мітынгі. Заняткі на гэты час у нас проста адмянялі.
Фота: Георгій Ліхтаровіч, архіў «Вытокі»
Раман кажа, ніводны з курсантаў не адмовіўся ўдзельнічаць у разгоне мітынгаў.
— Нас вельмі моцна накачвалі, казалі, што бчбшнікі ледзь не здраднікі радзімы. Гэта і зараз, я ведаю, робіцца, — працягвае суразмоўца. — Так што сумневаў ні ў кога не было. Дый загад — мы не можам адмовіцца яго выконваць. Ну і мы былі зусім маладыя. Гэта ў сталым узросце ты ўжо можаш разважаць, а калі табе 18, як было мне, ты проста выконваеш загад. І зараз маладыя хлопцы робяць тое самае, ім таксама па 18−19 год.
Ніякіх узнагарод і дадатковых выплат за працу на мітынгах, па словах Рамана, у курсантаў Акадэміі не было, хаця прыцягвалі іх амаль на кожную акцыю, незалежна ад курса.
«Нам было напляваць, мы выконвалі загад, абы нас не чапалі»
— Я служыў ў вайсковай частцы 5448, унутраныя войскі, — распавядае Аляксандр. — Мы былі салдатамі. І скажу шчыра, мне было напляваць, на чыім баку знаходзіцца. Думаю, для нас гэта была проста прыгода. У 1996-м інтэрнэта не было, тэлефонаў не было, у частцы стаяў толькі тэлевізар «Гарызонт», інфармацыю мы атрымлівалі па дзяржаўным тэлебачанні і ад камандзіраў. Сітуацыяй мы не валодалі. Нам проста казалі, што ў горадзе нейкія беспарадкі, нехта штосьці хоча захапіць. 26 красавіка наша рота была на Нямізе.
Фота: Георгій Ліхтаровіч, архіў «Вытокі»
Аляксандр прыгадвае, што пад мастом стаяў аўтобус і пажарная машына, якія перакрывалі рух. Было шмат міліцыянераў, у тым ліку ў штацкім адзенні, прыцягнулі і салдатаў.
— Мы стаялі зверху на мосце. Памятаю, як да нас пачаў набліжацца натоўп, і канца яго не было бачна, — расказвае ён. — Задача была іх не прапусціць, каб яны не перасякнулі праспект. Калі яны дайшлі да нас, мы спусціліся, сталі да іх тварам. Шчыра скажу, нам было напляваць. Гэта была сценка на сценку. Яны спрабавалі забраць нашыя шчыты, хто мог, раскрываўся, біў дубінкай, але гэта было адзінкава, практычна немагчыма скарыстацца дубінкай, калі спераду напірае натоўп, а ззаду напіраюць свае ж, проста не можаш расхінуць шчыт. Я бачыў, як на галаве аднаго з салдатаў разбілі колышка, на якім неслі сцяг (мы былі ў шлемах), мне аб калена нехта з дэманстрантаў разбіў шкляную бутэльку.
Фота: Георгій Ліхтаровіч, архіў «Вытокі»
У адрозненні ад курсантаў Акадэміі МУС, у салдатаў в/ч 5448 былі і шлемы, і нават бронікамізэлькі. Аляксандр кажа, што ў 1996-м быў час, калі спалі апранутымі, бо маглі падняць у любы момант. Выязджалі і на абарону Дома урада, і да тэлевышкі.
— Пасля такіх вылазак мы сядалі ў транспарт, каб вярнуцца ў частку, а там улёткі раскіданыя з тэкстамі, маўляў, рабяты, вы не ведаеце, што робіце, за каго вы. Нам было пляваць, мы проста выкідвалі гэтыя паперкі. У нашай роце не было ніводнага чалавека, які б адмовіўся ехаць на разгон пратэстаў.
— Чаму вам было пляваць? Гэта ж ваш народ, — пытаем у яго.
— Хлопцу 18 год, яго забіраюць у войска, адрываюць ад дома і кудысьці вязуць, — кажа суразмоўца. — У частцы яму кажуць, што рабіць. Ён проста адбывае тэрмін. Я праходзіў тэрміновую службу, але думаю, і камандзіры нашы не хацелі глыбока разбірацца ў пытанні. Ідэйных людзей вельмі мала, мы проста выконвалі загад, абы нас не чапалі. Фізічная падрыхтоўка, як працаваць на масавых акцыях, была мінімальная. Мы маглі выйсці на плац, з гадзінку пагрукаць палкамі па шчытах, на гэтым усё. Але нас папярэджвалі, што пры сутычках з дэманстрантамі трэба не адкрывацца, бо калі натоўп зацягне, жывым адтуль ужо не выйдзеш. І калі я сутыкнуўся позіркам з натоўпам, зразумеў, што гэта насамрэч так. Ідэалагічную работу я прыгадаць не магу, ніхто нам не казаў, што калі сыйдзе Лукашэнка, нам будзе канец.
Аляксандр прыгадвае, як пасля ў навінах убачыў сюжэт пра сутычку дэманстрантаў з амапам.
— Па тэлевізары сказалі, што мінскі АМАП стабілізаваў сітуацыю, а паказалі нас, мы ж сябе пазналі, — кажа ён. — Пра салдат нават не ўзгадалі. Канешне, нам было крыўдна, для нас гэта была прыгода, а па тэлевізары не назвалі ні нашу роту, ні нашу частку. І ніякіх узнагарод нам не далі.
«Ніякіх абмеркаванняў не было, проста ціхі мат гучаў»
Дзмітрый у 1996-м служыў у мінскай міліцыі. Прыгадвае, што «Чарнобыльскі шлях» быў трэцяй буйной акцыяй апазіцыі за той год.
Фота: Георгій Ліхтаровіч, архіў «Вытокі»
— Выдалі шчыты, каскі, дубінкі — і ў аўтобус. Спачатку стаялі на плошчы Леніна (цяпер — плошча Незалежнасці. — Заўв. TUT.BY), а пасля па рацыях пачулі, што на Якуба Коласа перавярнулі міліцэйскія машыны, нас хутка павезлі да цырку, — кажа суразмоўца. — Там арганізавалі заслон, стаяла ланцугоў 20 з міліцыянераў, а за намі — вайсковыя грузавікі. Народу было вельмі шмат, праспект быў увесь запоўнены людзьмі. У нейкі момант людзі, якія шлі ў галаве калоны, дастаткова хутка пабеглі. Мы зразумелі: нам канец, калі яны працягнуць так бегчы, нас проста затопчуць, першыя шэрагі лягуць. Канешне, нам было страшна. Ну, што там той шчыт, ён цябе не абароніць. Ніякіх абмеркаванняў у нас не было ў той момант, проста ціхі мат гучаў. Але нечакана дэманстранты перайшлі на крок, сталі рухацца спакойна і павярнулі ў бок Опернага.
Дзмітрый прыгадвае, што людзі, якія падыходзілі бліжэй да міліцыянераў, паводзілі сябе агрэсіўна, размаўлялі на павышаных танах.
— Памятаю мужчыну з акрываўленай галавой, ён нешта даказваў нам. Далей нас адправілі на Нямігу, мы стаялі пад мастом. Там у нас ужо паляцелі камяні і бутэлькі. Побач са мной стаяў надта цікаўны хлопец, апусціў шчыт, яму і прыляцеў камень у грудзіну. Зброі ў дэманстрантаў не было, яны не рыхтаваліся да беспарадкаў, проста бралі першае, што трапляе пад руку, а некаторыя проста кідаліся з кулакамі.
Фота: Георгій Ліхтаровіч, архіў «Вытокі»
Па словах суразмоўцы, іх да разгону пратэстаў спецыяльна не рыхтавалі, хоць акцыі ў 1996-м праходзілі рэгулярна.
— Тады ніхто не ведаў, што з гэтым рабіць, — кажа ён. — Першая сутычка, здаецца, была на Дзень волі ў 1996-м, калі народ прыйшоў да тэлевышкі. Мы таксама там былі, дык у нас нават касак не было. Ужо пасля туды пад’ехалі байці вайсковай часткі 5448 са шчытамі і чамусьці сталі за намі. І ніякіх прэмій за такую працу не было. Памятаю, толькі некалькі калег атрымалі «каштоўныя падарункі» — набор келіхаў далі.
Зянон Пазняк. Фота: Георгій Ліхтаровіч, архіў «Вытокі»
«Чарнобыльскі шлях» у 1996-м выпаў на пятніцу. У панядзелак, 29 красавіка, Аляксандр Лукашэнка сур’ёзна раскрытыкаваў дзеянні сілавікоў па разгоне пратэсту. Газета «Свабода» пісала, што «Лукашэнка абурыўся тым, што «здаравенныя бугаі» не здолелі намыліць шыю «кричащим юнцам», і заявіў, што калі сілавыя структуры будуць і далей «ліберальнічаць», то выступленні апазіцыі не скончацца ніколі. Старшыні КДБ Уладзіміру Мацкевічу і намесніку міністра ўнутраных справаў дасталося за тое, што іхнія падначаленыя не змаглі затрымаць Зянона Пазняка (у дзень акцыі было затрыманае амаль усё кіраўніцтва БНФ). Але больш за ўсіх перапала генпракурору Васілю Капітану, якога Лукашэнка назваў «бээнэфаўскім стаўленнікам» за тое, што падначаленая яму пракуратура не праяўляе актыўнасці ва ўзбуджэнні спарваў супраць «основных защинщиков». Сярод «защинщиков», акрамя кіраўніцтва БНФ, былі названыя дэпутаты Генадзь Карпенка, Станіслаў Шушкевіч, Аляксандр Дабравольскі, Павел Знавец. Міністр юстыцыі Сукала атрымаў на нарадзе загад рыхтаваць дакументы на забарону Народнага Фронту.