«Інфармацыя, якая парушае палітычныя перакананні». Ідэолагі знайшлі палітычную рэкламу на таварах у гродзенскай краме «Адметнасць»
Гродзенская крама сувеніраў і адзення ў нацыянальным стылі «Адметнасць» атрымала прадпісанне з аддзела ідэалогіі Гродзенскага гарвыканкама. У ім сказана, што на таварах размешчана палітычная рэклама з парушэннем Закона аб рэкламе, піша hrodna.life
26.04.2021 / 16:25
Ілюстрацыйнае фота. Белсат
«Так, на прапанаваных да продажу прадметах адзення і сувенірнай прадукцыі змяшчаецца інфармацыя, якая парушае палітычныя і іншыя перакананні грамадзян», — сказана ў дакуменце.
Парушэнне выявілі ў час маніторынгу 21 красавіка на прадмет выканання заканадаўства, удакладняюць у прадпісанні. «Аказваецца, у нас быў маніторынг!», — абураецца супрацоўніца крамы Вольга Верамеенка.
Аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі гарвыканкама адзначае парушэнне арт. 26 п. 3 Закона аб рэкламе (Неналежная рэклама). За парушэнне для індывідуальнага прадпрымальніка прадугледжаны штраф ад 10 да 20 базавых велічынь (ад 290 да 580 рублёў). Упраўленне гандлю і паслуг гарвыканкама загадвае ліквідаваць парушэнне ў трохдзённы тэрмін. Таксама цягам сямі дзён трэба пісьмова інфармаваць аддзел ідэалогіі аб прынятых мерах.
У краме распавялі, што пакуль не разумеюць, што рабіць. У дакуменце не тлумачаць, пра якую менавіта інфармацыю і на якіх прадметах ідзе гаворка. Уласнік крамы Сяргей Верамеенка збіраецца раіцца з юрыстамі.
Датэлефанавацца ў аддзел ідэалагічнай працы гарвыканкама і атрымаць там каментар Hrodna.life не ўдалося.
21 красавіка «Адметнасць» атрымала запыт ад упраўлення гандлю гарвыканкама на прадастаўленне інфармацыі ў сувязі з атрыманымі скаргамі. Скаргі на продаж бел-чырвона-белай сімволікі гарадскія ўлады атрымалі ад Аляксандра Кавалёва з вёскі Бігосава Верхнедзвінскага раёна (Віцебская вобласць). Ён назваў бела-чырвона-белы сцяг «пранацысцка-пратэстным».